«Настроены максімальна рашуча». Дар’я Лосік упершыню за 336 дзён пабачыла мужа

Спатканне адбылося ў гомельскім СІЗА, куды Ігара Лосіка этапавалі перад судом. Яно працягвалася дзве гадзіны.

05374c1a_f1ae_4339_9112_c6a7f7bcadb7_w650_r0_s.webp

27 мая ў СІЗА № 3 Гомеля адбылося спатканне кансультанта «Радыё Свабода», палітвязня Ігара Лосіка з яго жонкай Дар’яй. Гэта першая іх сустрэча з моманту арышту Ігара 25 чэрвеня 2020 году, адзначае «Свабода».

«Я зараз крыху на эмоцыях, упершыню пабачыла Ігара за ўвесь гэты час, — кажа Дар’я Лосік. — Не паспела ў першую партыю раніцай, заходзіла ў другой. Спатканне працягвалася дзве гадзіны, з 14 да 16. Я шмат разоў прасіла спатканне, нават не скажу дакладна, колькі разоў. Але заўсёды адмаўлялі. Апошні раз мне адмовілі ў канцы красавіка».

Па словах Дар’і, Ігар выглядае лепш, чым яна думала. У Гомелі ён ужо тыдзень, перавозілі яго на працягу двух сутак, этапам праз СІЗА № 1 на Валадарскага.

«Ігар бяз маскі быў, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку, паміж намі было шкло, — кажа Дар’я. — Эмацыйны стан у Ігара нестабільны крыху. Ён вельмі ўсцешыўся, што нам далі спатканне. Не чакаў, што яго дазволяць. Вельмі шмат распытваў пра дачку. Плакаў, калі я расказвала пра яе. Пра тое, як яна расце, чаму навучылася ўжо за той час, як яго не было дома. Усе навіны пра дачку выклікалі ў Ігара слёзы».

Па словах Дар’і Лосік, этапаванне яе мужа са следчай турмы Жодзіна ў Гомель адбывалася ў складаных умовах. Ігару выкруцілі рукі запясцямі наверх, закавалі ў кайданкі. У такім стане ён правёў увесь этап, вывернутымі рукамі быў вымушаны трымаць свае торбы з рэчамі. На запясцях засталіся траўмы.

«Ігар казаў, што ў некаторыя моманты думаў, што не зможа вытрымаць, проста ўпадзе, — кажа Дар’я. — Ён таксама расказаў, што перад спатканнем яму зрабілі надгляд, цалкам распраналі. Яго запісы, зробленыя ў турме, праглядаюць. Чытаюць усё, што ён сам сабе піша. Незразумела, навошта. Тэлевізар быў спачатку ў камеры, але цяпер яго забралі. Таксама незразумела, навошта. Але ў цэлым Ігар сказаў, што ўмовы ўтрымання ў Гомелі лепшыя, чым у Жодзіне. Лепш кормяць, лепшая камера, лепшыя сукамернікі. Ігар не сказаў дакладна, па якіх артыкулах яны сядзяць. Але сказаў, што ўсе нармальныя».

Дар’я Лосік кажа, што толькі ў Гомелі ад мужа падчас спаткання даведалася, што ў Жодзіне ў яго часта былі неадэкватныя псіхічна сукамернікі, а таксама хворыя на педыкулёз.

«Ігар вельмі моцна прасіў пісаць яму лісты па новым адрасе, — дадае Дар’я. — Яны ў Гомель пакуль даходзяць даволі нядрэнна. Агулам, ведаеце, нашая сустрэча такой эмацыйнай атрымалася. У мяне год не было з ім візуальнага кантакту. Напэўна, я проста калі пабачыла Ігара, то не паверыла, што гэта вось ён сядзіць за шклом з гэтай тэлефоннай трубкай».

Дар’я вельмі спадзяецца, што іх сустрэча дасць Ігару сілаў перажыць суд. На працягу дзьвюх гадзін спаткання яна каля дзясятка разоў сказала мужу, што будзе змагацца за яго да канца.

«Я сказала Ігару, што буду працягваць за яго змагацца, хай нават гэта будзе каштаваць мне свабоды, — сказала Дар’я Лосік. — Мне абсалютна ўсё адно. У апошнім лісце, яшчэ з Жодзіна, ён напісаў мне, што яму няма ў чым раскайвацца. І калі суд пройдзе адкрыта, то ўсе адразу зразумеюць, што ён ні ў чым не вінаваты. Ігар кажа, што настроены максімальна рашуча і не ведае, да чаго яго можа падштурхнуць гэты працэс, гэтая ўся несправядлівасць. Тое самае я магу сказаць і са свайго боку. Я не ведаю, да чаго можа мяне падштурхнуць гэтае судзілішча. Мне абсалютна ўсё роўна, чым гэтая барацьба для мяне скончыцца».

Па словах Дар’і Лосік, яе муж прасіў перадаць вялікую падзяку ўсім, хто яму піша. Ігар стараецца адказваць абсалютна ўсім, піша максімальна нейтральна. Але, як ён ведае, далёка не ўсе яго лісты даходзяць.

«Я расказала Ігару ўсе навіны, якія паспела, пра самалёт Ryanair у тым ліку, — дадае Дар’я. — Ён быў у шоку. Ігар вельмі зараз разлічвае на міжнародную дапамогу і падтрымку. Тое, што адбываецца ў Беларусі, закранула ўжо не толькі яе грамадзян. Мы з Ігарам вельмі спадзяёмся на міжнародны ціск, які краіны свету могуць аказаць на беларускія ўлады. Мы вельмі просім дапамогі з боку іншых краін».

Дата пачатку судовага працэсу па справе Ігара Лосіка пакуль невядомая. Яго будуць судзіць разам з Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязняў.