Канец беларускай кнігі?
Пагром беларускіх незалежных выдавецтваў — «Галіяфы», «Кнігазбор», «Янушкевіч-Кнігаўка» — шмат для каго стаў шокам. Як так? Дзе тут палітыка? Гэта ж культура! Усё ўстае на свае месцы, калі асэнсаваць, што культура — гэта найвышэйшая форма палітыкі. Пра гэта разважае Алесь Кіркевіч на budzma.org.
Апошнюю фразу гадоў шэсць таму я пачуў ад сябра, які гадамі займаўся ўкраінскай справай у Данецку, але быў вымушаны выехаць у 2014-м. Дом, бібліятэка, успаміны — усё засталося там. Было дзіўна чуць гэта пра культуру, калі ўжо ішла вайна. Калі грымяць гарматы, музы маўчаць. Зараз ён ваюе. Але, упэўнены, не змяніў свайго меркавання.
Дык чаму культура — найвышэйшая форма палітыкі? Таму што электаральны цыкл, мітынгі і ўлёткі з партрэтамі кандыдатаў — гэта часовае. Нават кароткачасовае. А культура — гэта на дзесяцігоддзі і стагоддзі. Зарад батарэйкі большы. Як радыяцыя: калі нават коратка трапіў пад выпраменьванне — у нашым выпадку кніг, фільмаў, вершаў і песняў, — яно застанецца надоўга. А вынік напоўніцу выявіцца калі не ў першым, то ў наступным пакаленні.
Манаполія на культуру
У гэтай плоскасці і варта шукаць адказ на пытанне, чаму прыйшлі да кнігавыдаўцоў. Там, у «Кнігаўцы», не біяграфіі Ціханоўскай ляжалі, не шматтомнікі з прамовамі Зянона. Звычайныя кнігі. Якасныя. Беларускіх і замежных аўтараў. Па-беларуску. Да мовы, як памятаеце, акурат і дачапіліся Гладкая з Азаронкам напярэдадні ператрусу ў Янушкевіча.
Маскі скінуты. Мы назіраем вайну культур. Палітыкі, прапагандысты, сілавікі — толькі зброя ў руках пэўнай культуры. Кожны абраў свой бок. Выцісканне чужой музыкі ці кніг — неад’емная частка гэтай барацьбы. Калі груба, то культурны прадукт — гэта кармавая база, абавязковы рэсурс той ці іншай культуры. Знішчаючы яго, ты знясільваеш саперніка. Руйнуеш радыявежы, якія прадукуюць «шкодны» сігнал.
Доўгі час існавала ілюзія, што Лукашэнку хвалюе адно — непасрэдныя палітычныя праціўнікі. Астатняе — тым больш беларускае — ён здольны стрываць. Гэтак трэба для падтрымання іміджу незалежнай дзяржавы. На гэтай тэорыі можна ставіць крыж. Зараз дзяржава кантралюе абсалютна ўсё, а культура апынулася ў зоне крытычнай рызыкі.
Ці значыць гэта, што беларускамоўныя кнігі цалкам знікнуць у Беларусі? Упэўнены, што не. Купала, Колас, Танк — ды калі ласка! Як у сталінскім БССР. Прысутнасць пэўнага адсотку мовы патрэбна для ілюзіі легітымнасці. У БССР беларускай было больш, бо было больш вясковага насельніцтва. Сітуацыйная патрэба. Зараз адсотак будзе куды меншы. Сам прадукт будзе ідэалагічна «правільным», а яшчэ лепш — састарэлым і непрывабным. Без вектару ў будучыню, чытай — без будучыні. Як макшанская ці эрзянская мовы ў Расіі.
«Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага!»
Вельмі паважаю людзей, якія, застаючыся ў Беларусі, надалей прыкладаюць намаганні, каб раздзьмуць агеньчык беларушчыны. Прынамсі — не даць яму згаснуць. Разам з тым рабіць у такой сітуацыі маштабны культурны праект, а тым больш выдавецкі бізнес, — мякка кажучы, рызыкоўная ідэя.
Дык што — канец беларускай кнігі, а шырэй — культуры як такой? Ды не. Сучасны свет дае багата магчымасцяў, якія спрастоўваюць межы і адлегласці. Не важна, дзе ты, важна — наколькі ты эфектыўны. Ёсць анлайн-прастора. Ёсць аўдыякнігі ці электронныя бібліятэкі, дасяжныя адусюль. Кантэнт не знікае, але яго адпраўной кропкай на нявызначаны перыяд становіцца тэрыторыя па-за межамі нашай «БССР 2.0».
А што з папяровай кнігай? Шоргат старонак, выдаўленыя літаркі на карэньчыку, пазнакі на палях… Тут таксама не ўсё крытычна. Мы ўжо перажывалі гэта ў выпадку паваеннай эміграцыі: дыяспара ў ФРГ, Брытаніі ці Штатах засноўвала свае выдавецтвы. І гэта ў той час, калі шмат хто з інтэлектуалаў у эміграцыі працаваў на будоўлях пад Мюнхенам ці валіў лес дзе-небудзь у Канадзе. І гэта ў той час, калі свет стаяў на парозе Трэцяй сусветнай. Нічога — рабілі.
Зараз сітуацыя іншая. Эміграцыя куды больш шматлікая. Больш кансалідаваная. Больш забяспечаная ў плане асабістых рэсурсаў. Шмат хто выехаў з сем’ямі, але пакінуў свае бібліятэкі ў Беларусі. Хто накорміць гэтых людзей друкаваным словам? Хто прапануе ім новы раман Марціновіча, дзіцячыя казкі ці глянцавы часопіс па гісторыі? Прамым тэкстам — кім будуць тыя піянеры, што адкрыюць першыя беларускія выдавецтвы ў замежжы?
«Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага!» — як казаў (зусім у іншым кантэксце) адзін вядомы рэдактар. Займацца культурным ці якім-кольвек іншым праектам варта там, дзе будзеш найбольш эфектыўным. Бо рацыю мае не пакутніцтва, а вынік. Пакутніцтва ў нас дастаткова, а з вынікам часта вялікія праблемы.
Канец беларускай кнігі? Зусім не.
Рэлакацыя? Напэўна, так.
Рэлакацыя = капітуляцыя? Не. Гэта рэальнасць, якой нельга баяцца, з якой трэба працаваць.