Сашавы 3% сабраліся на акцыю падтрымкі. І да іх ён выйшаў (фота)
Сёння ў 14:00 у цэнтры Мінска павінен адбыцца Маршы Свабоды. Але напярэдадні быў абвешчаны мітынг у падтрымку Лукашэнкі на плошчы Незалежнасці ў 12:00. Яго ўдзельнікаў збіралі з усёй Беларусі па разнарадцы. Глядзіце наш тэкставы і фота-анлайн з месца падзей.
З боку БДУ плошча Леніна агароджаная тэхнікай. Выхад туды з метро закрыты. Але народу вельмі мала.
Наш карэспандэнт кажа: быццам на ВДНГ трапіў!
Усім жадаючым раздаюць ваду. Сёння ў Мінску будзе горача.
12.00. Праверылі апаратуру, мітынг не пачынаецца.
Наш карэспандэнт адзначае добрую якасць мабільнага інтэрнэту: маўляў, няма натоўпаў і, адпаведна, ніякіх загружаных сетак. Людзі, у асноўным, гуртуюцца купкамі ў розных месцах.
З боку вакзала аўтобусаў, якімі цэнтралізавана вязуць удзельнікаў мерапрыемства, не бачна. Не бачна іх і ля педуніверсітэта, на вуліцы Савецкай.
Людзі хаваюцца ў цень — ля Чырвонага касцёла і ля педуніверсітэта. Сёння на плошчы — спякота.
У цэнтры плошчы пачаліся скандаванні: "За Лукашэнка" і "Фашызм не пройдзе".
Гэтая група найбольш актыўная, але іх з паўсотні чалавек. Астатнія шпацыруюць па плошчы. Становіцца зразумела, чаму яны такія актыўная. Гэта — Дзяржкантроль.
Лукашэнку вырашылі падтрымаць і рэканструктары. Нашаму карэспандэнту іх шчыра шкада — у кальчугах у такую спякоту! Канешне, амапаўцам у іх амуніцыі было б, пэўна горш, але тут іх няма.
Чалавек 20 скандуюць "За бацьку!".
Нарэшце камуністы здагадаліся прынесці мегафон. Сваіх прыхільнікаў яны заводзяць воклічамі: "За Беларусь!".
Уключылі музыку.
Падаецца, гэтыя людзі перасварацца між сабой. Жанчына крычыць: "Вы кіраўнік, навошта вы выводзіце дзяцей!" То-бок, і ў гэтых колах бачылі, што адбываецца.
А вось і аўтобус, які прывёз дэманстрантаў да плошчы. Па нумары — памежныя войскі.
Наш карэспандэнт паведамляе, што праход з боку гатэлю Мінск закрыты на скрыжаванні з Валадарскага. Можна прайсці праз Галоўпаштамт.
Пакрысе падцягваюцца калоны ўдзельнікаў. Яны ідуць абсалютна ціха. Без воклічаў, без скандаванняў. І пакуль хаваюцца ў цень.
Падвезлі яшчэ ваду. Падобна, "карміць у дарозе ніхто і не абяцаў".
Удзельнікі мітынгу размаўляюць між сабой як на першамайскай дэманстрацыі — у асноўным, ні пра што.
Падцягваецца арганізаваная калона з маста да вуліцы Маскоўскай — для іх нават рух перакрылі.
Ідзе "Беларусь прамысловая".
А таксама Беларусь аграрная. Так, у крэатыўнасці ўдзельнікам мітынгу адмовіць цяжка.
Калона з Маскоўскай амаль скончылася. Але на запоўненасць плошчы яна не асабліва паўплывала.
Нагадаем, мітынг мусіў пачацца гадзіну таму.
Людзі даволі гучна скандуюць "Беларусь". Нехта паспрабаваў крыкнуць "Лукашэнка!", але прысутныя заклік не падхапілі.
Людзі з рацыямі ў цывільным кажуць удзельнікам: "Падыходзьце да помніка Леніну, прама ў цэнтр". Бачна, народу бракуе. Вырашылі запоўніць сваімі ціхарамі?
Пачаўся мітынг. Прамоўца з трыбуны заклікаў (па-руску_: "Суайчыннікі! Беларусь — гэта мы!" Людзі падхапілі толькі "Беларусь". "Радзіма ў небяспецы, — кажа ён. І нам трэба даказаць, што Беларусь — гэта мы.
Мы паважаем выбар тых, хто думае, не так, як мы, але патрабуем, каб паважалі і наш выбар! Спыніце ганенні на нашых актывістаў і агітацыю за мяжы. Нам трэба пазбегнуць грамадзянскай вайны, мы гатовы да дыялогу. Мы павінны выступіць за гаранта нашай незалежнасці і свабоды".
Алег Гайдукевіч казаў пра пагрозу з-за мяжы, пра тое, што нас хочуць падзяліць, а людзі, якія стаяць з кветкамі (жывыя ланцугі — НЧ) — таксама не ворагі.
Гайдукевіч заявіў, што па кожным факце гвалту над затрыманымі павінна быць праведзена расследаванне. Таксама кажа, што крытыкаваў уладу. Рабочыя, якія бастуюць, — не ворагі, а чыноўнікі павінны выходзіць і размаўляць з народам. Ён не прызнаў, што Ціханоўская перамагла, але сказаў, што парламент і ўрад павінны прызначаць выбары.
У прамове наступнага выступоўца — ні слова пра Лукашэнку.
Чацвёрты выступоўца сказаў, што галасаваў за Лукашэнку — яго перарвалі! А з задніх шэрагаў пачулося гучнае: "Фу!"
Але далі скончыць:
"Галоўная ганьба — гэта тыя жопалізы, якія падлічвалі галасы. Людзі, якія яго падставілі. Патрэбны незалежныя камісіі для таго, каб расследаваць усе вынікі выбараў. Выпусціць усіх, хто трапіў у турму".
Выступоўцу вывелі з трыбуны.
Народ скандуе: "Беларусь!"
На праўладным мітынгу нешта пайшло не так. Народ пачынае казаць пра набалелае.
Работніца з Брэста:
"Я ніколі не была на моры — дапамажыце здзейсніць маю мару. У меня маленькі заробак, я сацыяльна не абаронена! Давайце жыць мірна!"
Купка з трох-пяці жанчын паспрабавала скандаваць "За бацьку!" — ніхто не падтрымаў.
Украінская кампазітарка заклікала да міру і спакою.
Сёстры Груздзевы, якія апошнім часам актыўна выступаюць у абарону рэжыма Лукашэнкі, распавялі, што першымі сутыкнуліся з майданам у сацсетках. Яны заклікалі кожнага ў сацсетках пісаць, чаму яны за бацьку. Паводле іх, міліард долараў укладзены ў сацыяльную рэкламу.
Наш карэспандэнт адзначае істэрычны характар выступу сёстраў. І яны былі пакуль адзіныя, хто выступаў менавіта за Лукашэнку, а не за абстрактную Беларусь.
Намеснік камандзіра АМАП, падпалкоўнік міліцыі Іван Юрко просіць усіх жыхароў Беларусі не даць разваліць краіну. Не паддавацца на правакацыі: ідзе паскудная вайна па запужванні міліцыянтаў і іх сем'яў. "Мы гэтую краіну ім не аддамо!".
Шматдзетная маці заклікае: "Божа барані вас ад кровапраліцця і гвалту!"
Маленькая дзяўчынка спявае песню, прысвечаную Лукашэнку: "Как молоды мы были". Тонка.
Між тым, людзі пачынаюць паступова сыходзіць. Асабліва добра гэта бачна ў задніх шэрагах.
Але мітынг працягваецца.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ кажа, што ён аб'ездзіў сотні краін свету, заклікаў намесніка камандзіра амапу не забываць, што па той бок — таксама нашы людзі. І ён гатовы персанальна стаць паміж варагуючымі бакамі.
Адначасова падышлі калоны са сцягамі БелАЗА і гомельскага домабудаўнічага камбіната.
Прадстаўнік настаўнікаў заклікаў супрацьлеглы бок пакінуць настаўнікаў у спакоі.
Па выніках мітынгу будзе прынята рэзалюцыя.
З'явіўся Лукашэнка. Адна вялікі энтузіязм гэта выклікала хіба ў першых шэрагах. У задніх шэрагах здзіўляюцца: "Яшчэ жывы?"
Скрыншот з стрыма Радыё Свабода
"Я даў вам усё, што вы прасілі" — лейтматыў выступу Лукашэнкі.
Узгадвае развал СССР, што прасілі адвесці народ ад прорвы. "Мы гэта зрабілі!".
"Скажыце, чаго вы хочаце зараз?" Натоўп крычыць: "Міра!"
Звяртаецца да іншых: "Хочаце рэформ? Якіх? Верталётных грошай? Грошы трэба зарабляць". Паводле Лукашэнкі, дарэчы, на плошчы сабралася 50 тысяч людзей.
Узгадвае "знешнюю пагрозу": "Танкі і самалёты ў 15 хвілінах ад нашых варот. Літва, Латвія, Польшча, Украіна загадваюць правесці нам новыя выбары. Калі мы пойдзем у іх на паваду — мы сарвёмся ў штопар!"
Кажа, што стварылі ўжо два урады. Але нам трэба свой урад, і мы будзем яго выбіраць.
"Нам прапануюць салдат НАТО — чорнаскурых, жоўтаротых і белабрысых. Паганяць бізуном хочуць — без мяне. Гэтага не будзе!"
"Але ў мяне ёсць дзеці і ўнукі, і я хачу, каб яны пражылі як мы гэтыя 25 гадоў — на сваёй зямлі, сваім розумам".
Но у меня ёсть деті і внукі, я хочу, чтобы оні прожілі как мы эті 25 лёт - на свой земле, своім умом
"Мы праводзілі жорсткі курс, палітыка не падабалася, але ў сярэдзіне 90-х прасілі навесці парадак, я яго навёў"."Я ачысціў Мінск ад бандыдатаў".
Узгадвае пра банды, пра тое, што бралі пісталеты і за паўгады іх прыбралі.
Пытаецца ў невялікай купкі моладзі: "Вы пра гэта чулі? Наэўна, іх бацькі захварэлі, 32 банды знішчылі, нагадваю".
"Мы не багаты, як можам, так і жывем, але на сваёй зямлі. Прасілі вучыць дзяцей і лячыць людзей — вучым і лечым"
"Пайдзіце вазьміце галаву ў рукі, паглядзіце на данныя. Ні адно сяло не закрылі, ні адны завод не спынілі".
Узгадвае саацыяльную дыстанцыю, кажа, што паўгады вар'яеў, каб ніводны чалавек не захварэў.
"Калі хтосьці хоча аддаць краіну — нават мертвы я не аддам"
"Не чапайце настаўнікаў — яны рыхтуюцца да школы. Не чапайце ўрачэй, не чапайце журналістаў дзяржСМІ — кранеце, адкажыце спаўна".
"У нас няма сяброў, няма прыхільнкаў, усе хочуць, каб мы сталі на калені — не станем!"
"Яны не супакояцца, яны бачаць межы Беларусі пад Мінска, як у 39-м было. Гэтага не будзе. Беларусы, думайце сваёй галавой, пакуль не позна".
"Каштоўнасць гэтай больш за 50-тысячнай дзеі — вы паказалі, хто ў доме гаспадар. Мы чуем меншасць, але яны павінны слухацца большасць"
"Яны крычаць мне — сыходзь. Не пытанне. Прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць. Крымінальнікаў выпусціце. Памажыце, яны ірвуцца да ўлады. Спыніцеся, не забівайце сваю будучыню сваімі ўласнымі рукамі"
"Загубіце першага прэзідэнта, гэта будзе пачаткам вашага канца".
"Будзеце хадзіць з працягнутай рукой і прасіць кавалак хлеба"
"Я жывы, і буду жыць. І памажыце, я вам ніколі не здраджваў і не здраджу".
"Вялікі дзякуй! Я ўстаю перад вамі на калені, упершыню ў сваім жыцці — вы гэта заслужылі"
Зачытваюць зварот ад імя народ і людзі пачынаюць разыходзіцца. Арганізавана, калонамі, як і прыйшлі.
Нехта пачаў крычаць "Сыходзь", яго імгненна забралі.
А вось што пакінулі пасля сябе ўдзельнікі праўладнага шэсця.
А тым часам у Мінску збіраюцца людзі на Марш Свабоды. Глядзіце наш анлайн тут: