У Гомелі паўторна судзяць палітзняволеную Вікторыю Кульша — за «непадпарадкаванне»

Чарговы суд над Вікторыяй Кульша, якую летась пакаралі 2,5 гадамі зняволення, на гэты раз праходзіць у калоніі.

Палітзняволеная Вікторыя Кульша

Палітзняволеная Вікторыя Кульша


Справу палітзняволенай разглядае суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Мальцаў.
Вікторыю Кульша на гэты раз абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі». Выяздное пасяджэнне суду праводзіцца ў турме. Таму наведнікі, якія не маюць права ўваходу на тэрыторыю калоніі, прысутнічаць не могуць.
У канцы сакавіка супраць адміністратаркі тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульша завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Гэта ўжо другі выпадак, калі адміністрацыя гомельскай калоніі № 4 ініцыюе крымінальную справу супраць палітзняволеных. Нядаўна па гэтым артыкуле асудзілі актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк. Ёй прызначылі яшчэ адзін год у дадатак да двух гадоў папярэдняга прысуду.
Вікторыя Аляксандраўна Кульша да затрымання працавала інжынерам па ахове працы. Па адукацыі яна юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажы.
Была адміністратарка тэлеграм-канала і чата «Кіроўцы 97%», за што і была затрыманая 4 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Яе абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці») і прысудзілі 2,5 года калоніі.
У турме палітзняволеную змяшчалі ў карцар.