У Мінску трох адміністратараў канала «Кіроўцы 97%» адправілі ў калонію

У судзе Заводскага раёна 4 чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата «Кіроўцы 97», паведамляюць праваабаронцы.

voditeli97.jpg

Па справе праходзілі палітвязні Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша і Ганна Вішняк, якія ўтрымліваюцца пад вартай з восені мінулага года. Чацвёртая абвінавачаная — Таццяна Шкробат, якая знаходзілася да суду пад падпіскай аб нявыездзе. Іх абвінавацілі па ч.1 і ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). Згодна з тэкстам абвінавачання, усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў.
Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме. Падчас спрэчак пракурор запрасіў пакараць палітвязняў Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, — трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.
Палітвязні Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк і Вікторыя Кульша былі затрыманы ў перыяд з верасня па лістапад 2020 года. Да суда яны знаходзіліся пад вартай у СІЗА №1. У сакавіку тэлеграм-канал «Кіроўцы 97» быў прызнаны экстрэмісцкім.
spring96.org