«Уздзейнічала на свядомасць і волю грамадзян» праз telegram-перапіскі
Для палітзняволенай Марыі Несцеравай запрасілі тры гады калоніі.
Марыі Несцеравай могуць даць 3 гады калоніі агульнага рэжыму — менавіта аб такім пакаранні прасіла дзяржабвінаваўца Зубік падчас спрэчкі бакоў 3 чэрвеня. Суд над Марыяй праходзіў 31 траўня і 1-3 чэрвеня, а судовае следства будавалася на зачытванні перапісак у Telegram. Несцерава ж заявіла аб збіцці пры затрыманні сілавікамі. Прысуд палітзняволенай вынесе суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Елена Капцэвіч 4 чэрвеня а 15.30. «Вясна» распавядае пра судовы працэс над Марыяй.
«Вясна» працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах.
У чым жа абвінавачваецца Марыя Несцерава?
Марыю Несцераву затрымалі 23 кастрычніка 2020 года. Спачатку яе абвінавачвалі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Удзел у масавых беспарадках»). Але пасля змянілі на ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый»). Усё — за тэлеграм-каналы і чаты, у якіх яна ўдзельнічала. Перапіскі з іх ляглі ў аснову 47-старонкавага абвінавачання — дзяржабвінаваўцы Зубік спатрэбілася каля гадзіны, каб толькі яго зачытаць. Коратка яно гучыць наступным чынам:
1. Удзел у маршах:
23 і 30 жніўня, а таксама і 13 верасня 2020 года ў выкананні публічных заклікаў дэкструктыўных каналаў у сетцы Інтэрнэт і ўсведамляючы сваю незаконную дзейнасць, Несцерава парушыла арт. 10 «Закона Аб масавых мерапрыемствах» і прыняла актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі, выходзіла на праезную частку і тым самым перашкаджала працы транспарту і абмяжоўвала права добрапрыстойных грамадзян на спакойную працу і адпачынак. А таксама адмаўлялася выконваць патрабаванні праваахоўных органаў — і ўсё гэта сумесна з групай асоб.
2. Распаўсюд улётак і газет:
Несцерава «сумесна і па папярэдняй змове наўмысна распаўсюджвала друкаваную прадукцыю».
3. Удзел у тэлеграм-каналах і чатах:
«Несцерава, знаходзячыся на тэрыторыі РБ з 23 жніўня да 23 кастрычніка, выкарыстоўваючы для сваіх злачынных мэт мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку, распаўсюджвала інфармацыю, з'яўлялася адміністратарам або ўдзельнікам чатаў (дзе мела нікнэйм з выявай ружы). Сярод іх:
«МТЗ для жизни»
«МАЗ для жизни»
«Белкоммунмаш для жизни»
«Транспорт для жизни»
«МЗКТ для жизни»
«БЕЛАЗ для жизни»
«Праздник на нашей улице»
«Кукловоды»
«Весело нам»
«Честные партизаны»
«Беларусьнефть для жизни»
«Пикадор для жизни
«ММЗ для жизни»
«Интеграл для жизни»
«Энергетики для жизни»
«Торговля для жизни»
«Прорабочий»
»Строители для жизни» і іншыя
Тое, што размяшчала Несцерава ў Тэлеграм, было названа дзяржабвінаваўцай інфармацыяй, якая носіць «публіцыстычны пабуджальны характар».
«Мы прапануем гнуць сваю лінію мірна, але настойліва патрабаваць трохпунктнага ўльтыматуму: адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў, расследавання злачынстваў сілавікоў», — гаварылася, напрыклад, у чаце «Куловоды» на 9 чалавек.
У адным з чатаў Несцерава напісала:
«Рабочыя — калі вы не страйкуеце, студэнты — калі вы не супраціўляецеся, двары — калі вы не аб'ядноўваецеся, журналісты, спартсмены, артысты — калі вы маўчыце, вы ўмацоўваеце сцены будучага ГУЛАГа. Усенародны супраціў дзеля нашай агульнай будучыні!»
І такім чынам, як абвяшчае абвінавачванне, Марыя Несцерава «ўздзейнічала на свядомасць і волю грамадзян, падахвочваючы іх да дэструктыўных дзеянняў».
Марыя Несцерава прызнала віну і адмовілася ад дачы паказанняў.
Доказы віны — перапіскі…
«Віна абвінавачанай пацвярджаецца яе паказаннямі і перапіскамі ў чатах», — заявіла Зубік. Судовае следства таксама будавалася ў асноўным на зачытванні гэтых самых перапісак, часцяком прадубляваных. У матэрыялах справы можна было прасачыць і ацэнку гэтых перапісак. Вось некалькі прыкладаў:
Дзяржабвінавачанне: 11 верасня Несцерава «праінструктавала ўдзельнікаў чата аб мерах канспірацыі, а таксама прапанавала магчымы варыянт псіхалагічнага ўздзеяння на прадстаўнікоў сілавога блока».
Што напісала Несцерава ў чаце: «Як засцерагчы нашы маршы і надаць ім сэнс? [...] Усім апрануцца ў камуфляж і маскі — мы ж нікога не хапаем, а яны хай кідаюцца [...] [На налепкі нанесці] тэкст артыкула КК пра катаванні пад зорачкай, што такое катаванні. У іх няма сумлення, толькі на страх можна ціснуць».
Дзяржабвінавачанне: 11 верасня Несцерава «размеркавала задачы паміж удзельнікамі суполкі, а таксама зрабіла праверку ўдзельнікаў чата датычна магчымага затрымання праваахоўнымі органамі».
Што напісала Несцерава: «Вячэрняя праверка: хто жывы-здаровы — [стаўце] плюс у чат».
Дзяржабвінавачанне: 13 верасня Несцерава «пазначыла неабходнасць прыцягнення да пратэстаў неангажаваных грамадзян»:
Што напісала Несцерава: «Трэба максімум падняць людзей на байкот».
Дзяржабвінавачанне: 1 кастрычніка Несцерава «праінструктавала ўдзельнікаў чата аб неабходнасці распаўсюдзіць агітматэрыялы напярэдадні нядзельнага маршу».
Што напісала Несцерава: «Актывісты павінны мець на руках плакаты з фота палітвязняў».
А яшчэ, паводле інтэрпрэтацыі дзяржабвінавачання, Несцерава заявіла пра ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі радыкальных палітызаваных фарміраванняў, паведаміла пра намер арганізаваць дыверсію ў дачыненні да шэрагу металургічных прадпрыемстваў з мэтай іх эканамічнай неплацежаздольнасці для рэалізацыі палітычных патрабаванняў і апасродкавана заявіла пра сваю ролю ў якасці каардынатара пратэсных маршаў.
Што яшчэ? — Шкода і інтэрнэт-рэсурсы
Акрамя шматлікіх перапісак з чатаў і каналаў, у пісьмовыя матэрыялы справы лягла і шматлікая «шкода», якую нанесла правядзенне маршаў. Вось толькі некалькі прыкладаў:
«Мінсктранс»: 27 верасня 2020 з-за маршу ў перыяд з 13.30 да 18.30, што пацягнула за сабой спыненне грамадскага наземнага транспарту, шкода склала 46 043 беларускія рублі. А 18 кастрычніка з-за маршу ў перыяд з 14.35 да 17.25 — шкода ў 23 502 беларускіх рублі.
Метрапалітэн: з-за нанясення несанкцыянаваных надпісаў у перыяд з 9 жніўня па 4 кастрычніка 2020 года шкода склала 658 бел рублёў.
«Спецкамунаўтатранс»: «Падчас масавых беспарадкаў у перыяд 9 жніўня па 4 кастрычніка 2020 года» ў прадпрыемства пашкодзілася маёмасць у памеры 8 100 бел. рублёў.
«Мінгарсвятло»: 7 467 бел. рублёў.
«Гараўтадор» Мінгарвыканкама: 72 706 бел. рублёў.
Акрамя таго, да матэрыялаў справы далучылі і пратаколы агляду артыкула з Вікіпедыі «Храналогія пратэстаў у Беларусі». У ім, як зачытала Зубік, «змяшчаецца інфармацыя, якая можа мець значэнне ў разглядзе крымінальнай справы». А таксама — і артыкулы з некаторых незалежных СМІ, дзе «выяўленая інфармацыя аб пратэсных нядзельных маршах»: reform.by, BBC.com, DW.com і TUT.by.
Сярод матэрыялаў справы — і звесткі, прадастаўленыя заводамі па запыце, ці праводзіліся ў іх забастоўкі.
Ператрус і рэчавыя доказы
Усе перапіскі, што ляглі ў аснову абвінавачання, былі атрыманы непасрэдна з двух мабільных тэлефонаў Несцеравай. Іх канфіскавалі пры ператрусе, праведзеным у яе дома 23 кастрычніка. У тэлефоне таксама знайшлі некалькі фота і відэа, «якія сведчаць пра знаходжанне [Марыі] у калоне пратэстоўцаў», а значыць і ўдзел у маршы (што таксама лягло ў аснову абвінавачання). Акрамя таго, пры ператрусе ў Марыі канфіскавалі «бел-чырвона-белае палотнішча з выявай "Пагоня", дзве байкі белага і чырвонага колераў з надпісам "Баста"».
Таксама пры ператрусе ў Несцеравай канфіскавалі друкаваную прадукцыю: тры асобнікі газеты «Народная воля», улёткі пра страйк і выбары, тры асобнікі «Честной газеты», «якія змяшчаюць артыкулы з назвамі "Они не могут всех посадить" і "Лукашенко столкнулся с кризисом легитимности", "Пострадавшие от задержания рассказывают о травмах"», як абвясціла дзяржабвінаваўца.
Усё гэта прызнана рэчавымі доказамі па справе. Акрамя гэтага, там фігуруе і дзіўная «заява» Марыі.
Збіццё Марыі пры затрыманні
У той жа дзень, калі ў Марыі правялі ператрус, — 23 кастрычніка — яе і затрымалі. Сярод матэрыялаў справы, абвешчаных на судзе, ёсць і заключэнне судмедэксперта ад 24 лістапада. Там у Несцеравай зафіксаваны «сіняк ўнутранай паверхні правага калена, які мог утварыцца ў выніку аднаго траўміруючага дзеяння. Характар пашкоджання не выключае магчымасці падзення на плоскасць з вышыні ўласнага росту».
На судзе Несцерава заявіла, што падчас затрымання сілавікамі яе збілі, вынікам чаго стала ЧМТ. Аднак судмедэкспертыза, праведзеная 24 лістапада, не змагла гэта пацвердзіць. У заключэнні ўказваецца, што з моманту траўмы да правядзення судмедэкспертызы прайшло некалькі тыдняў, таму многае магло не адлюстравацца.
У наяўных матэрыялах справы фігуруюць і пісьмовыя паказанні Марыі. У іх Несцерава «заяўляе», што быццам бы з кімсьці каардынавалася з нагоды пратэстаў, маршаў, радыкальна-экстрэмісцкіх мер. Падчас суда Марыя заявіла хадайніцтва аб канфіскацыі гэтай заявы з матэрыялаў справы, паколькі яно было атрымана пасля яе збіцця. Дзяржабвінаваўца была супраць, і суддзя Капцэвіч з гэтым пагадзілася.
«Пры затрыманні да мяне была ўжытая грубая фізічная сіла, мне нанеслі ЧМТ... Супрацоўнікі КДБ правялі допыт без адваката, у парушэнне КПК РБ, узялі ў мяне пісьмовыя паказанні. Я хадайнічаю аб канфіскацыі дадзеных паказанняў з матэрыялаў справы», — паўтарыла Марыя сваё патрабаванне падчас апошняга слова (пра яго — ніжэй).
Суддзя ж гэтае хадайніцтва не задаволіла.
Што прывяло Марыю Несцераву да «злачынства»? Гісторыя Марыі ў апошнім слове
Дзяржабвінаваўца Зубік прасіла пазбавіць Несцераву волі на тэрмін 3 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Абарона Несцеравай прасіла выбраць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, паколькі Марыя ажыццяўляе дагляд за састарэлай маці. Сама ж Марыя папрасіла суд пры вынясенні прысуду ўлічыць наступныя абставіны (прыводзім амаль даслоўна яе апошняе слова):
«Любое крымінальнае дзеянне не здзяйсняецца на пустым месцы, а з'яўляецца вынікам ланцужка папярэдніх яму падзей. Я цалкам прызнаю сваю віну і хачу патлумачыць, што паслужыла прычынай.
У перыяд выбарчай кампаніі прэзідэнта РБ 2020 года я [ ... ] была зарэгістраваная ў якасці незалежнага назіральніка. У перыяд з 5 па 9 жніўня падчас працы выбарчай камісіі яе старшыня шматкроць з парушэннем Выбарчага кодэкса перашкаджала мне і абмяжоўвала мае законныя правы назіральніка [ ... ] Я ж паводзіла сябе карэктна і паважліва і рабіла ўсё магчымае, каб ліквідаваць недахопы ў працы камісіі, у прыватнасці, грубыя памылкі ў штодзённых пратаколах падліку галасоў у перыяд папярэдняга галасавання. Таксама ў ноч з 6 па 7 жніўня ў памяшканні ўчастка для галасавання было святло ў вокнах. Але памяшканне было з вечара зачынена і апячатана ў маёй прысутнасці[…] Па дадзеным факце я падала заяву ў РУУС Партызанскага раёна Мінска — рэакцыі ад праваахоўных органаў не было. Аб усіх парушэннях я паведамляла ў пракуратуру, у раённую і выбарчую камісію і паводзіла сябе як законапаслухмяная грамадзянка. Парушэнні, якія змяшчаюцца ў пратаколах штодзённага падліку галасоў у перыяд датэрміновага галасавання, таксама былі зафіксаваныя назіральнікамі ад трох міжнародных місій, якія наведалі наш участак 9 жніўня.
Далей, я звярнулася да старшыні ўчастковай камісіі з пісьмовай заявай, у якой прасіла дазволіць мне прысутнічаць пры выніковым падліку галасоў. На што атрымала адмову.
У чаканні выніковага пратаколу я аднаасобна, у суправаджэнні трох супрацоўнікаў МУС, якія адмовіліся мне прадставіцца, знаходзілася на тэрыторыі СШ №183 па-за будынкам школы. З выніковым пратаколам мяне не азнаёмілі. Больш за тое, старшыня камісіі ў суправаджэнні супрацоўнікаў АМАПа пакінула выбарчы ўчастак праз акно […].
Такім чынам асобы, закліканыя абараняць закон у нашай краіне, сталі на службу беззаконня […].
Раніцай 10 жніўня я зноў прыйшла ў СШ №183 у спадзеве рэалізаваць свае законныя правы і азнаёміцца з выніковым пратаколам. Дырэктар СШ №183 Ануфрыкава Людміла Міхайлаўна (старшыня ўчастковай выбарчай камісіі) паспрабавала з пагрозамі выдаліць мяне з будынка школы, не пусціла да стэнда з выніковым пратаколам і выклікала па трывожнай кнопцы нарад неведамаснай аховы, хоць я паводзіла сябе спакойна. Не ўбачыўшы ў маіх дзеяннях ніякага правапарушэння, ахова пакінула тэрыторыю школы. Я, у сваю чаргу, выклікала нарад супрацоўнікаў МУС з Партызанскага РУУС. Нарад на чале з маёрам Германам зафіксаваў факт правапарушэння з боку дырэктара школы. Але [яна іх] выгнала, пагражаючы санкцыямі ад высокапастаўленых службовых асоб, якіх яна "асабіста добра ведае". [Супрацоўнікі] прынялі ад мяне заяву з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце парушэння Выбарчага кодэкса. У адказ на ўсе мае вышэйпералічаныя заявы я атрымала адпіскі. Мае грамадзянскія правы былі груба парушаныя, а па абарону, як я зразумела, я звярнуцца не змагу.
Акрамя таго, з 9 па 12 жніўня да мяне паступалі просьбы ад жыхароў нашага мікрараёна дапамагчы ў вышуку іх родных, якія зніклі [...] Пасля адшукання зніклых я сустракалася з імі і бачыла на свае вочы, як жорстка яны былі збітыя. На жаль, усе спробы пацярпелых звярнуцца ў праваахоўныя органы засталіся без выніку.
Менавіта дадзеныя факты з'явіліся каталізатарам маёй рэакцыі на тое, што адбываецца, і паслужылі развіццю далейшых падзей, якія зафіксаваныя ў матэрыялах справах [...]».