Паштоўкі ад вясноўкі — праект салідарнасці ад валанцёрскай службы «Вясны»

Валанцёрская служба ПЦ «Вясна» 5 траўня распачала праект «Паштоўкі ад вясноўкі», у межах якога вядомыя беларусы пішуць лісты падтрымкі палітзняволеным. Праект накіраваны на тое, каб звярнуць увагу і падтрымаць усіх палітзняволеных, а таксама падказаць людзям, як напісаць ліст невядомаму чалавеку.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Да праекта ўжо далучылася 12 чалавек, сярод якіх — заснавальнік і дырэктар «Сильных Новостей» Пётр Кузняцоў, шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройца (2016), рэдактар літаратурнага часопіса «ЛітРАЖ» (litrazh.org) Макс Шчур, паэт, аўтар беларускіх тэкстаў песень гуртоў «Ulis», «Крама» Фелікс Аксёнцаў, музыка, кіраўнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, філосаф і пісьменнік Валянцін Акудовіч, пісьменнік і журналіст Аляксей Шэін, намеснік дырэктара «Белсат TV» Аляксей Дзікавіцкі, актрыса і лідарка гурта «Naka» Анастасія Шпакоўская, паэтка, этнакультуролаг, фалькларыст, публіцыст Антаніна Хатэнка, актрыса Хрысціна Дробыш.
Пачытайце, што пішуць палітвязням за краты ды далучайцеся да праекта!
Лісты актрысы Хрысціны Дробыш Дзмітрыю Гопце:


У Дзмітрыя Гопты разумовая адсталасць лёгкай ступені, таму пры напісанні ліста трэба прытрымлівацца наступных рэкамендацый:

1) Пішыце ліст на рускай мове;2) Выкарыстоўвайце пры напісанні ліста толькі вялікія і друкаваныя літары;3) Пазбягайце складаных сказаў;4) Для таго, каб Дзмітрыю было прасцей успрымаць ваш ліст, паспрабуйце падмацаваць кожны сказ малюнкам.
Ліст Андрэя Дынько Вадзіму Чапялевічу — дзіцячаму трэнеру па футболе:

«Вадзіме, добры дзень!

Па-першае, у тваёй мамы ўсё добра. Я ехаў да сваёй мамы пад Брэст садзіць картоплі і заехаў па дарозе да тваёй мамы ў Яромічы, завёз ёй торт.

Мама сказала, што на яе сыплюцца прапановы дапамогі: і грошы людзі прапануюць, і прадукты. Яна адмаўляецца, кажа, што ўсяго ў яе хапае. Значыць, і сапраўды ўсё нармальна ў яе і ўсяго хапае. А калі будзе не хапаць, людзі памогуць, стопудова.

Ты можа быць чытаў выданне, у якім я працую — «Наша Ніва» або мае кнігі ці артыкулы. А я пра цябе ведаю цяпер многа, таму што пра цябе шмат пішуць у інтэрнэце. І «Наша Ніва» пісала, і «Трыбуна», і Тут.бай, і Анлайнер.

Па-другое, у Яромічах усё норм. Людзі садзяць агароды. Ну і знакі часу сустракаюцца ). Вуліца такая цікавая, дзе мама жыве: вузкая-вузкая, рэдка такія ў нашых сёлах. Толькі назва ў яе тупая, арганізуеш перайменаванне, калі выйдзеш ).

Па-трэцяе, мяне ўсміхнула тое, што ты напісаў брату ). Мама брата вельмі хваліла, абодвума вамі ганарыцца.

Па-чацвёртае, з таго, што пра цябе пішуць, я зразумеў, што ты круты трэнер. Дзеці, якіх ты трэніраваў, і іх бацькі так цябе падтрымліваюць!

У мяне меншаму сыну тры годзікі. Хачу папрасіць, каб ты яго прыняў да сябе ў школу, калі выйдзеш і калі так здарыцца, што будзем жыць у адным горадзе.

Дарэчы, брэсцкае «Дынама» цяпер на 4-м месцы ў чэмпіянаце ідзе, а «Рух» — на 5-м. А «Іслач» нечакана выбіла «Шахцёр» з Кубка. Не знаю, ці табе там удаецца сачыць за чэмпіянатам і спартовымі навінамі.

Ну і апошняе. Нас усіх, і жонку маю, і сястру, крута зачапілі словы з твайго пісьма, нам іх мама расказала: «Спачатку я ўсё думаў: «за што?» А цяпер я думаю: «дзеля чаго?» Крута сфармулявана, лепш не скажаш.

Пішы, калі што трэба. Пішы чым больш: гэтыя пісьмы людзі цяпер зберагаюць як самыя дарагія рэліквіі.З павагай,Андрэй Дынько»
Ліст Макса Шчура Віктару Снегуру, які праходзіць падазраваным па так званай «справе Аўтуховіча»:

«Дарагі дружа!

Мы не знаёмыя — але паколькі я літаратар, то лісты незнаёмым людзям пішу ці не штодня. Звычайна, гэта лісты чытачам ад імя "героя". Але ніколі яшчэ не пісаў лістоў самім героям! Да таго ж — творцам. Я чуў, што Ты зляпіў пяціметровага снегавіка! Колькіх твораў сучаснага мастацтва варты гэты снегавік. Нават Тваё прозвішча, Снегур, гучыць праз яго як мастацкі псеўданім. Якое адзінства слова і ўчынку! Куды нам, прыдумшчыкам, да самога жыцця і яго герояў.

Ведаю, Табе цяпер цяжка. Але ж Гамлет сказаў: "І ў арэхавай шкарлупіне можна быць гаспадаром бясконцасці". Ён таксама змагаўся за справядлівасць, як і Ты. Пакутаваць за праўду — лёс сапраўднага чалавека ўва ўсе часы.

Зычу Табе цярплівасці і ўпэўненасці, веры ў сябе. Клапаціся пра здароўе, абавязкова рабі фізічныя практыкаванні. Настаўнік дзэну Кодо Савакі сказаў: "Кожны дзень ёсць першым днём жыцця. Пражыві яго так, быццам ты нарадзіўся сёння. Кожны дзень прыносіць сваю ўласную задачу. Кожны дзень мы адкрываем сябе нанова". Адкрываць сябе — гэта тая свабода, якой ніхто не можа Цябе пазбавіць.

Калі Табе цяжка, згадай, што Ты не адзін. Многія прайшлі Тваім шляхам да цябе, і многім з іх было яшчэ цяжэй. Як кажуць дзэн-будысты, "Выпрабаванне — найлепшы Настаўнік". Веру, што са свайго выпрабавання Ты выйдзеш сапраўдным майстрам Жыцця.

Трымайся і не сумнявайся, што праўда пераможа.    
  Макс Шчур, 17.05.2021»
Ліст Алеся Беляцкага Алане Гебрамарыям — моладзевай актывістцы, затрыманай па «справе студэнтаў»:
«Дарагая Алана!

Ня ведаю, ці прачытаеш ты гэты мой ліст. Пошта ў СІЗА зараз ходзіць як ёй уздумаецца. Можна суцешыць сябе толькі тым, што ў 30-я гады палітычным зьняволеным дазвалялі пісаць і атрымліваць усяго толькі адзін ліст у поўгады. Нашым уладам ёсьць яшчэ куды імкнуцца… Але Беларусь дзякуй Богу, не такая вялікая, як быў СССР, і на Калыму да белых мядзьведзяў ім цябе не запраторыць.

Ці думаў я колісь, чытаючы лекцыю пра беларускіх дэсідэнтаў, якую ты слухала некалькі гадоў таму, што і табе выпадзе гэтая горкая і пачэсная доля стаць у адным шэрагу з Міхасём Кукабакам, Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам? Але мы не выбіраем свой лёс.

Вось ужо больш за поўгады цябе ні за што трымаюць у засьценках. Муры Валадаркі намоленыя. Там сядзеў у свой час Вінцук Дунін-Марцінкевіч, і Якуб Колас, і Алесь Гарун, і акадэмікі і паэты 30-х гадоў, вязьні фашыстаў і камуністаў. Дзесяць гадоў таму сядзеў там і я. А ў «амерыканцы», дзе цябе трымалі напачатку, сядзела Ларыса Геніюш і Уладзімір Някляеў. Так што, можна сказаць, што ты працягваеш славутую традыцыю беларускіх дзеячоў, якія ахвяравалі сваёй воляй, здароўем, а часам і жыцьцём дзеля таго, каб жыла Беларусь.

За аднастайным турэмным бытам і працяглым "нічоганерабленьнем" часам нябачны масштаб той вялікай справы, якую робіш ты і твае падзельнікі. Здаецца, што вы спутаныя па руках і нагах, рэпрэсіі ў краіне не зьніжаюцца, тэрор лютуе, прасьвету не відаць. У хвіліну смутку можа закрасьціся думка, а ці не дарэмныя ўсе гэтыя пакуты і нястачы, якія ты перажываеш у турме? Пад’ём у шэсьць і адбой у дзесяць, замызганы душ раз на тыдзень, сьмярдзючая "хата" з бетонным долам, гідкая ежа, жалезная шконка, цемра ў камеры і брыдкі прагулачны дворык. Здаецца, што ўсе забыліся на цябе і кінулі сам на сам з бяздушнай турэмнай машынай.

Адкінь смутны настрой, не бяры да галавы сумныя думкі! Як пісаў Уладзімір Дубоўка: "У перашкодах дух расьце!" Нават не сумнявайся, што кожную хвіліну, кожнае імгненьне цябе ўзгадваюць і патрымліваюць твае сябры і знаёмыя, і міліёны людзей у Беларусі і ва ўсім сьвеце!

Будзь пэўнай, што ты і твае сябры робіце вялікую справу! Вы змагаецеся на баку справядлівасьці і дабра! Гэтыя турэмныя "прыгоды" застануцца яркай старонкай у тваім жыцьці і ў гісторыі беларускай моладзі. Пра вас яшчэ будуць пісаць дысертацыі і чытаць лекцыі.  

Дарагая Алана, ты плоціш за гэтыя каштоўнасьці вялікі кошт, і твая ахвярнасьць будзе дацэненая. Толькі тым, што ты сядзіш у турме, ты зараз робіш значна болей чым хто-небудзь на волі. Ніхто зараз ня скажа, што свабода і дэмакратыя нечакана зваліліся на галовы беларусаў. Мы заваёўваем іх сваёй крывёй і пакутамі.

Я перакананы, што ты і твае сябры па гэтай абсурднай крымінальнай справе яшчэ зможаце рэалізавацца ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі. А турэмныя ўніверсітэты дадуць вам імпэту працягваць дэмакратычныя зьмены і барацьбу з аўтарытарызмам на доўгія гады. Шлях гэты доўгі і няпросты, хопіць яшчэ і на вашае жыцьцё. Але беларусы ўжо цьвёрда ўсталі на гэтую сьцягу і нас зь яе не зьвярнуць.

Муры, за якімі цябе трымаюць смурныя падлюгі, разваляцца, так як развалілася вежа пішчалаўскага замку на Валадарцы. І ніякімі «скрэпамі» не змацаваць турму, у якой трымаюць цябе ды і ўвесь беларускі народ. Дарагая Алана, не здавайся, не апускай рукі! І самае галоўнае — беражы здароўе. Яно яшчэ табе спатрэбіцца. Алесь».

Ліст Пятра Кузняцова Лідзіі Коршун, ліст Фелікса Аксёнцава Ілле Трахтэнбергу, ліст Змітра Сасноўскага Алегу Рубцу, ліст Валянціна Акудовіча Яўгену Зялкоўскаму, ліст Аляксея Шэіна Данілу Бандаруку, ліст Аляксея Дзікавіцкага Алене Маўшук, ліст Анастасіі Шпакоўскай Марыі Каленік, ліст Антаніны Хатэнка Сафіі Малашэвіч.
Арганізатары праекта плануюць ахапіць усіх палітзняволеных, каб ніводны з іх не застаўся без увагі.
Калі вы хочаце далучыцца да гэтай справы, напішыце аб гэтым арганізатарам.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты палітвязням, інфармацыю пра іх можна ўзяць на тэматычных сайтах: prisoners.spring96.org, politzek.me, dissidentby.com.
Сачыць за праектам «Паштоўкі ад вясноўкі» можна ў сацыяльных сетках: Telegram, Facebook, Instagram.