Палітзняволенай Вікторыі Кульша далі 10 сутак карцару за бчб-заколку

Палітзняволеная Вікторыя Кульша, адміністратарка тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%», якая з лістапада знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, перадала «Новаму Часу» інфармацыю пра рэпрэсіі ў ізалятары.

kulsha_v.jpg

Вікторыя дзякуе рэдакцыі за падпіску на «Новы Час» і перадае, што палітвязні газеты атрымліваюць.
«Але пры вобшуку ў камеры, калі знаходзяць вашу газету, то яе выкідаюць у калідор і далей нам не вяртаюць», — зазначае палітзняволеная.
Са здароўем у Вікторыі Кульша ўсё ў парадку. Але ціск на вязняў не спыняецца.
«У камеры, дзе зняволеныя адзначылі Дзень Волі, лісты не атрымлівалі. Дарэчы, святкаванне Дня Волі было азмрочана рэпрэсіямі з боку адміністрацыі. Мне далі 10 сутак карцару за БЧБ-заколку. 9 сутак я яшчэ не адбыла», — перадала Вікторыя.
Наогул жанчына не атрымлівала лістоў ўжо 3 тыдні — адміністрацыя кажа зняволеным, што людзі пра іх забыліся.
Каб паказаць, што гэта не так, дасылайце Вікторыі Кульша лісты і паштоўкі на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вікторыя Аляксандраўна Кульша да затрымання працавала інжынерам па ахове працы. Па адукацыі яна юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажу.
Была адміністратарам тэлеграм-канала і чата «Кіроўцы 97%», за што і была затрыманая 4 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Жанчыну змясцілі ў СІЗА-1 у Мінску.
Першапачаткова ёй было прад'яўленае абвінавачанне па арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). У лютым 2021 года стала вядома, што абвінавачанне перакваліфікавалі на ч.1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (»Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).