Адзін журналіст на волі, двое — у палітвязнях. Хроніка палітычных рэпрэсій 21 верасня
З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі галоўныя падзеі, што адбыліся ў краіне сёння.
Радыё Св*бода апублікавала невялікае відэа з журналістам Алегам Груздзіловічам, які выйшаў на свабоду. На ім ён выглядае прыкметна схуднелым, хоць, са слоў 63-гадовага палітвязня, за час, праведзены ў магілёўскай калоніі, ён навучыўся дзевяць разоў падцягвацца.
Яго разам з жонкай Мар'янай адразу пасля вызвалення вывезлі ў Літву, яны ў бяспецы.
63-гадовы палітвязень, які быў асуджаны на 1,5 гады і прабыў за кратамі амаль 9 месяцаў, выйшаў на волю з магілёўскай калоніі №15. Пры гэтым па-ранейшаму знаходзяцца ў няволі палітвязні журналісты Радыё Св*бода Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік.
Груздзіловічу выдалі даведку, што ён вызвалены на падставе падпісанага прашэння аб памілаванні, але пры гэтым віну ён не прызнаў. «Усё адно падпісалі», — дадаў Груздзіловіч.
У Беларусі плюс два палітвязні. Гэта журналісты Іван Мураўёў і Яўген Меркіс. Абодвух затрымлівалі ў жніўні 2020 года. Мураўёва абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні, а Меркіса — у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Стала вядома, што ў канцы чэрвеня палітзняволеную Юлію Макась прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсным маршы. Макась была вызваленая з-пад варты ў зале суда.
Юлія распавяла, што прыняла ўдзел у мерапрыемстве, таму што надвор'е было добрае, і ёй захацелася прагуляцца. Жанчына таксама некалькі разоў выходзіла на дарогу, каб сфатаграфавацца. Гэтыя здымкі і сталі адным з галоўных доказаў абвінавачвання.
Пазбаўлены Лукашэнкам вайсковага звання палітвязень Аляксандр Велясніцкі расказаў на судзе аб катаваннях пасля затрымання па «справе Зельцэра».
Былога вайскоўца пачалі судзіць 31 жніўня. Яго абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні іншай сацыяльнай варожасці. Падставай для затрымання Аляксандра стаў каментар, які ён нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» Telegram-канале.
На судзе палітвязень распавёў, што на яго аказваўся ціск падчас утрымання пад вартай і ў турме. Так, у дзень арышту супрацоўнікі КДБ з Пінска прыгразілі яму стрэлам у нагу, а на Акрэсціна Вялесніцкі не мог спаць тры дні, камера была душнай і перапоўненай людзьмі. Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, дзе выстраіліся супрацоўнікі калоніі, сталі збіваць і нацкоўваць на яго сабак.
21 верасня перастаў адкрывацца сайт Blizko.by: ён недаступны ні ў Беларусі, ні за мяжой. Пры спробе зайсці на сайт карыстальнікі з Беларусі бачаць заглушку, на якой напісана, што «доступ да рэсурсу абмежаваны ў мэтах выканання рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”».
Жыхарку Андоры, беларуску Вольгу Манкевіч, якую 22 жніўня затрымалі на вакзале ў Баранавічах і абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК), адпусцілі. Па яе словах, на свабодзе яна аказалася за «24 тысячы еўра». «Штраф афіцыйна заплацілі, быў рахунак. А гэта, як у нас кажуць, “у канверце”», — сказала Манкевіч.
Сёння выйшла на волю Галіна Міхальчук — 70-гадовая жанчына, якая была прысуджаная да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі за каментары ў тэлеграм-чатах. Як паведамляюць праваабаронцы, вызваленне стала навіной для ўсёй сям'і Галіны Міхальчук. Прычына вызвалення — амністыя або памілаванне — пакуль невядомая.
У Мінскім гарадскім судзе 21 верасня былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна выступіла з апошнім словам. Ксенію вінавацяць у змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Пракурор запрасіў 8 гадоў пазбаўлення волі. Разглядае справу суддзя Таццяна Фалькоўская.
Прысуд Ксеніі Луцкінай будзе абвешчаны 28 верасня ў 15 гадзін.