Марцалеў: Усе надзеі на тое, што ўлады дадуць задні ход рэпрэсіям, асуджаныя на правал

Толькі знешнія фактары прымусяць беларускі рэжым пайсці на лібералізацыю і прывядуць да змены элітаў, якія дзеля ўтрымання сваёй улады вымушана зменяць цяперашні палітычны курс.

_smutak_bol_reczaisnasc_vajna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Выступ беларускага кіраўніка на патрыятычным форуме пакінуў пытанне без адказу: ці будзе прымірэнне паміж «патрыётамі» і «беглымі», «чырвона-зялёнымі» і «бэчэбэшнікамі», «правільнымі» і «няправільнымі»?

Замахнуцца на культ асобы значна прасцей, чым правесці рэальную амністыю. Палітолаг Сяргей Марцалеў пракаментаваў цяперашнія падзеі «СНплюс».

— Лідар рэжыму старэе, прычым не толькі па пашпарце, але і ментальна. З 2020 года ён рэзка стаў будаваць культ асобы; хоць такія прыкметы перыядычна ўсплывалі на паверхню і раней, тым не менш тады ён паводзіў сябе больш стрымана.

Попыт на агрэсію спарадзіў цэлае пакаленне новых прыдворных прапагандыстаў. За два гады з'явілася новае пакаленне прыдворных «журналістаў», галоўная рыса якіх — агрэсія і нянавісць.

Не здзіўлюся, калі хто-небудзь з бліжэйшага атачэння сёння ці заўтра прапануе перайменаваць Мінск…

На фоне рыгіднасці мыслення нарастае агрэсія, некантралюемае імкненне ўзмацняць рэпрэсіі. Апошнія два гады — гэта суцэльная чорная паласа для беларускага народа: і па маштабах, і па каларытнасці, і па жорсткасці. Калі раней саджалі ў турмы актывістаў, то цяпер — траваедных грамадзян, якія праявілі сваю нязгоду толькі ў інтэрнэце якім-небудзь смайлікам.

Усе надзеі на тое, што Беларусь вернецца на прагматычны шлях і дасць задні ход рэпрэсіям, асуджаныя на правал. Яшчэ ў 2020 годзе было абвешчана: мы ведаем кожнага, мы прыйдзем за кожным. На жаль, на фоне вайны ва Украіне безмяжак унутры беларускага грамадства страціў сваю вастрыню ў вачах міжнароднай супольнасці: яна менш стала звяртаць увагу на жорсткасць унутраных рэпрэсій, якія, на жаль, не толькі не спыняюцца, але становяцца большымі.

Нарматворчасць выходзіць за любыя адэкватныя рамкі: цяпер адбіраюць маёмасць у іншадумцаў, вымушаных эмігрантаў хочуць пазбаўляць грамадзянства. Канфіскацыя маёмасці іншадумцаў не проста становіцца шэрай практыкай рэпрэсій, з гэтага хочуць зрабіць норму права. Нават у Савецкім Саюзе такое дзікунства не паставілі на паток: у Салжаніцына парвалі пашпарт, калі саджалі яго на самалёт, каб адправіць на Захад. Але ў СССР гэта былі адзінкавыя выпадкі, у Беларусі такое гатовыя паставіць на паток.

Ужо наколькі бяскрыўдным з'яўляецца краязнаўца Кастусь Шыталь, але нават яго браць прыехалі пяцёра ў скафандрах. Паколькі самога Кастуся ў Беларусі няма — да смерці напалохалі яго маці.

Калі раней існавалі хоць бы дэкаратыўныя механізмы, якія стваралі бачнасць права, цяпер рэжым не бачыць неабходнасці нават ствараць бачнасць законнасці сваіх дзеянняў.

Гэта адна з галоўных суб'ектыўных прычын.

Але ёсць яшчэ і аб'ектыўныя. Прамова на патрыятычным форуме — гэта дэкларацыя сервілізму і лаялізму Крамлю. Цяжка было чакаць чагосьці іншага, але прыдушыць трохі гэты лаялізм, адмовіцца ад палітыкі падзелу народа і нацыі, зрабіць хоць бы сімвалічны крок насустрач падзеленаму грамадству цалкам можна было. Рэжым загнаў сябе ў кут у жніўні 2020 года, і здаецца, што адчувае сябе камфортна ў рукатворным тупіку.

Усе сігналы беларускай улады прывялі да таго, што з Беларусі грамадзяне з'язджаюць масава. Прычым не толькі палітычна актыўныя грамадзяне, а бяскрыўдныя, якія ніколі не лезлі ў палітыку. Нядаўна краіну пакінула мая знаёмая бізнесвумэн. Пытаюся: чаму ты з'ехала? Адказвае: не хачу, каб мае дзеці жылі ў краіне, у якой няма законаў, якая не мае ні перспектыў, ні будучыні.

У выступе быў і чарговы зарад агрэсіі на адрас Захаду. Прычым асаблівы акцэнт, які дэманструе асобаснае стаўленне, адрасаваны Польшчы. Апошняя колка дроў напярэдадні халоднай зімы таксама, дарэчы, была прысвечаная Польшчы: каб дапамагчы з ацяпленнем Дуду і Маравіцкаму.

Адважуся выказаць прагноз наконт будучыні рэжыму. Калі стратэгічная ініцыятыва акажацца ў руках Украіны, а наступствы вайны выклічуць праблемы ў Расіі, то і беларускі рэжым можа апынуцца на вастрыі ўдару. Украінскае лобі (вельмі магутнае лобі, з якім ён гандляваў энерганосьбітамі) больш не зможа дапамагчы, і цалкам можа здарыцца, што давядзецца адказваць за саўдзел у вайне.

www.sn-plus.com, пераклад НЧ