КДБ дадаў у «спіс тэрарыстаў» яшчэ восем беларусаў. Усе яны «палітычныя»
Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягвае абнаўляць спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У новай версіі пераліку з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі беларусаў, усіх іх пераследуюць па «палітычных» артыкулах. Цяпер у спісе 913 прозвішчаў, з іх 172 — беларусы.
На сайце КДБ з'явілася новая версія спіса, датаванага 16
верасня (папярэднія змены ўносіліся 15 верасня), у ім восем новых прозвішчаў:
42-гадовая Вольга Цыбульская, жыхарка Мінска, абвінавачваецца па арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Распальванне сацыяльнай варожасці»);
29-гадовы Яўген Чуміла, жыхар Гомельскай вобласці, асуджаны па арт. 130;
35-гадовы Іван Кашко, жыхар Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца па арт. 130;
37-гадовы Павел Сакалоў, жыхар Віцебскай вобласці, асуджаны на 4,5 года калоніі агульнага рэжыму па арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»);
47-гадовы Віктар Карніенка, жыхар Магілёўскай вобласці, асуджаны на 3,5 гады калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 130;
56-гадовы Анатоль Сашуноў, жыхар Мінскай вобласці, абвінавачваецца па арт. 130;
37-гадовы Іван Чаравака, жыхар Мінска, асуджаны на 4 гады калоніі агульнага рэжыму па арт. 130;
34-гадовы Аляксей Рэзнікаў, жыхар Віцебскай вобласці, асуджаны на 4,5 года калоніі агульнага рэжыму па арт. 130.
«Л*стэрка» адзначае, што цяпер у «тэрарыстычным спісе» КДБ, які налічвае 913 імёнаў, 172 беларусы. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя.