Хронікі палітычнага пераследу ў Беларусі за 19 верасня

Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся ў краіне сёння.


У Магілёўскім абласным судзе скончыўся судовы працэс па справе актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык. Абвінавачанне грунтавалася на чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, таксама КДБ унёс жанчыну ў «спіс тэрарыстаў». Суддзя Павел Клімаў прысудзіў Лазарчык 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Быў затрыманы мастак, кіраўнік творчага аб'яднання «Пагоня» Генадзь Драздоў. На яго заведзеная крымінальная справа за «ўдзел у масавых беспарадках». Учора мужчына вярнуўся з Украіны, а сёння да яго прыйшлі з ператрусам. На «пакаяльным відэа» Драздоў кажа, што яго затрымалі «невядома за што».

У Палату прадстаўнікоў унеслі законапраект аб пазбаўленні грамадзянства. Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Новы закон прадугледжвае пазбаўленне беларускага грамадзянства «палітэмігрантаў, якія збеглі з роднай краіны» і забарону на ўезд у краіну на 30 гадоў. Акрамя таго, беларусаў збіраюцца абавязаць інфармаваць улады пра атрыманне ВНЖ іншай краіны.

Выйшаў на волю музыка Ігар Банцэр. Ён адбыў у няволі 45 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У 2021 годзе Банцэр адседзеў тэрмін па крымінальным артыкуле «Хуліганства» — за тое, што станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Алена. Гундар адмовіўся знаходзіцца ў адной камеры са зняволенымі «нізкага сацыяльнага статусу», за што турэмная адміністрацыя пакарала яго 10 суткамі карцару. На знак пратэсту палітвязень аб'явіў галадоўку.

За «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады» 2 гады калоніі прысудзілі 50-гадоваму палітвязню Сяргею Бабко. Па гэтых жа артыкулах, а таксама за «незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі» пачалі судзіць стаматолага-артапеда з «Гродна Азота» Аляксандра Дураева.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у краіне на сённяшні дзень 1334 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1649 палітычных зняволеных, у тым ліку 199 жанчын і 8 непаўнагадовых.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: