8 гадоў калоніі прысудзілі Алене Лазарчык. Яна была ў так званым тэрарыстычным спісе

19 верасня Магілёўскі абласны суд разглядзеў справу Алены Лазарчык, якую абвінавацілі адразу па чатырох крымінальных артыкулах. Судовае пасяджэнне ўзначаліў Павел Клімаў.

lazarczyk.jpg

Алена Лазарчык — актывістка «Еўрапейскай Беларусі», была затрыманая 30 снежня 2021 года па крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Пасля ёй таксама паставілі ў віну ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).


7 студзеня 2022 года жанчыну перавялі ў СІЗА. 22 ліпеня гэтага года КДБ унёс Алену ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
У канцы жніўня палітзняволеную перавялі з «Валадаркі» ў магілёўскі СІЗА.
12 верасня ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся разгляд справы. Суддзя Павел Клімаў вырашыў праводзіць пасяджэнні ў закрытым рэжыме.


19 верасня Магілёўскі абласны суд прызнаў Лазарчык вінаватай па ўсіх інкрымінаваных ёй крымінальных артыкулах, прысудзіўшы 2 гады калоніі па арт. 342, 5 гадоў калоніі па ч.1 арт. 361-1, 7 гадоў калоніі па ч. 3 арт. 130 і 3 гады калоніі па ч. 1 арт. 368. Усяго — да 8 гадоў папраўчай калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.


Падтрымаць палітзняволеную лістамі салідарнасці можна па адрасе: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Алене Мікалаеўне Лазарчык.