1000 ліквідаваных НКА. Чым яны пагражаюць рэжыму? Спыталі ў эксперткі

Пачынаючы з верасня 2020 года да гэтага часу, у Беларусі стала на 1000 некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, уключаючы прафесійныя саюзы, фондаў, устаноў, асацыяцый) менш.

nka_3.jpg

«Lawtrend» на сваёй старонцы ў Facebook паведамляе: 630 НКА знаходзяцца або ў працэсе прымусовай ліквідацыі, уключаючы пададзеныя ў суды іскавыя заявы, або ўжо прымусова ліквідаваны (выключаны з АДР). Яшчэ 370 НКА прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі (знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі або ўжо выключаны з АДР). Пры гэтым апытанні такіх НКА паказваюць, што дадзенае рашэнне ў асноўным прымалася ў сувязі з ціскам на арганізацыю або яе чальцоў, альбо ў сувязі з агульным грамадска-палітычным крызісам у краіне.

Існуючая статыстыка паказвае, што цяпер ліквідавана ўжо больш як 25 адсоткаў НКА ў краіне. Да моманту масавых рэпрэсій па афіцыйных дадзеных Мінюста было зарэгістравана крыху больш за 3000 грамадскіх аб'яднанняў, каля 200 фондаў. Статыстыка зарэгістраваных устаноў і асацыяцый не з'яўлялася і не з'яўляецца публічна дасяжнай, аднак відавочна, што не з'яўляецца больш прыведзеных лічбаў у дачыненні да грамадскіх аб'яднанняў і фондаў.

Вольга Смалянка, дырэктарка ліквідаванага рэжымам «Lawtrend», у размове з «Новым Часам» паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.

Вольга Смалянка

Вольга Смалянка

Дзяржава не можа існаваць без некамерцыйных арганізацый

Экспертка адзначыла, што для пачатку істотна зразумець: з прававога пункта гледжання НКА — гэта вельмі шырокі інстытут. Да НКА адносяцца як садовыя таварыствы, так і дзяржаўныя некамерцыйныя грамадскія арганізацыі. То бок з прававога пункта гледжання НКА безумоўна застануцца ў Беларусі і пасля разгрому, які маем сёння. А вось арганізацыі грамадзянскай супольнасці — гэта ў тым ліку і ініцыятывы. Нават, здавалася б, такія нязначныя, як ініцыятывы па ўсталяванні лаўкі ля дома: гэта хоць і не фармалізаваная форма некамерцыйных арганізацый, але таксама грамадзянская актыўнасць. Такога кшталту інстытуты таксама застануцца.

Спадарыня Вольга тлумачыць, што тыя арганізацыі, якія маніторацца «Lawtrend» — грамадскія аб’яднанні, установы, фонды, асацыяцыі — таксама застануцца. Дзяржава не можа існаваць без некамерцыйных арганізацый, бо для заахвочвання замежных інвестыцый без НКА не абыйсціся. Так званая ўлада вельмі моцна размяжоўвае тыя НКА, што знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, супраць якіх часта праводзяцца кампаніі дыскрэдытацыі ў медыя, і тыя арганізацыі, з якімі рэжым супрацоўнічае.

Сярод такога кшталту арганізацыі Вольга Смалянка вылучае два блокі. Першы — гэта НКА, якія гістарычна падтрымліваюцца рэжымам, фінансуюцца ім: БРСМ, Саюз жанчынаў, Саюз ветэранаў, Белая Русь. Другі блок арганізацый — гэта тыя, з кім рэжым супрацоўнічае. На афіцыйных сайтах з'яўляецца інфармацыя аб узаемадзеянні дзяржавы з той ці іншай НКА, але гэтыя арганізацыі знаходзяцца ў больш нестабільным стане, чым арганізацыі першага блоку.

Экспертка нагадала, што традыцыйна НКА пераследуюць дзве мэты. Па-першае, некамерцыйныя арганізацыі часта выконваюць усе тыя функцыя, якія дзяржава не можа выконваць праз недахоп сродкаў, недахоп чалавечых рэсурсаў. Напрыклад, НКА працуюць у сацыяльнай сферы, падтрымліваюць уразлівыя колы насельніцтва. Другая мэта дзейнасці — гэта прысутнасць у тых сферах, у якія дзяржава ў прынцыпе і не павінна ўмешвацца: калі грамадства бярэ на сябе адказнасць за выкананне тых ці іншых функцый. Паставіць лаву ў двары грамадскай ініцыятыве значна прасцей, чым дзяржаўнаму апарату.

НКА, паводле спадарыні Смалянка, праводзяць працу па абароне правоў грамадзянаў і ўразлівых групаў, і такім чынам выконваюць прадстаўнічыя функцыі. Адна з істотных функцый НКА — гэта функцыя грамадскага кантролю за тымі рашэннямі, за палітыкай, якую праводзіць дзяржава. НКА ў такім выпадку становяцца буферам-пасярэднікам між дзяржавай і людзьмі. Калі чалавек не можа зрабіць нешта самастойна, ён альбо ўваходзіць у арганізацыю, альбо давярае ёй прадстаўляць яго.

НКА з'яўляюцца маленькімі інстытутамі дэмакратыі

Вольга Смалянка падкрэслівае, што заўжды, калі ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі, разам з імі пачыналіся ліквідацыі НКА. Сёння мы назіраем далёка не першую хвалю падобных рэпрэсій. Сучасны перыяд вылучае тое, што ніколі яшчэ не было такіх масавых ліквідацый. 1000 арганізацый, якія ліквідуюцца — гэта непараўнальны маштаб, і такіх масавых рэпрэсій у незалежнай Беларусі яшчэ не было.

Чаму гэта адбываецца? Некамерцыйныя арганізацыі, у першую чаргу грамадскія арганізацыі — гэта збор вельмі ініцыятыўных людзей. Зразумела, што ініцыятыўныя людзі — ініцыятыўныя ў шматлікіх сферах. НКА з'яўляюцца маленькімі інстытутамі дэмакратыі. Яны вучаць самастойна прымаць рашэнні, улічваць меркаванні большасці і меншасці.

Ліквідуючы НКА, рэжым парушае правы чалавека. У міжнародных абавязках, якія прыняла на сябе Беларусь, зафіксавана права на свабоду асацыяцый. Тысяча арганізацый, якія працавалі ў разнастайных сферах і зараз ліквідуюцца — гэта тысяча абрубленых магчымасцяў дапамагаць звычайным людзям.

nka_1.jpg

Вельмі істотна, што на сёння асобы ці цэлыя каманды, якія рэлакуюцца за мяжу і маюць план па стварэнні НКА па-за межамі Беларусі, могуць не баяцца дзейнічаць без рэгістрацыі. Але ў краіне месцазнаходжання, у Беларусі, дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі можа цягнуць за сабою крымінальную адказнасць.

Варта памятаць, што большасць НКА працягвае сваю працу, не істотна, у зарэгістраваным ці незарэгістраваным статусе ў Беларусі. Гэта тое, што сапраўды дапамагае ў барацьбе за правы кожнага і агулам усяго народу.