Класкоўскі: Лукашэнка не мае намеру дараваць сваім апанентам
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позірку» разважае над тым, што засталося паміж радкоў у выступленні Лукашэнкі 17 верасня.
![Аляксандр Класкоўскі Аляксандр Класкоўскі](/img/v1/images/klaskouski_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр Класкоўскі
Нядаўні стэндап Аляксандра Лукашэнкі з колкай дроў для Еўропы, які іншыя ўспрынялі як прымірэнчы сігнал, аказаўся мыльнай бурбалкай. Выступаючы 17 верасня з нагоды так званага «Дня народнага адзінства», кіраўнік Беларусі зноў дэманізаваў Захад, і асабліва Польшчу, паказваў палітыкаў ЕС ідэйнымі спадкаемцамі фашызму.
Нападкі на Польшчу, якой Лукашэнка ў прынцыпе не даруе, гэтым разам былі матываваныя яшчэ і спецыфікай прыдуманага ўладамі летась свята. «Дзень народнага адзінства» прымеркаваны да вельмі неадназначнай падзеі — пачатку наступу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе на тэрыторыю тагачаснай Польшчы, што з'явілася следствам таемных дамоўленасцей паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Германіяй.
![Пяць мітаў лукашэнкаўцаў пра 17 верасьня Дзень народнага адзінства, кажаце? Пяць міфаў лукашэнкаўцаў пра 17 верасня](/img/v1/images/939c5985_1dca_49ef_98c8_2ce82d59a04c_cx0_cy26_cw99_w1023_r1_s.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Так, у выніку БССР прырасла землямі, але тое, што прапаганда назвала вызваленнем ад польскага прыгнёту, абярнулася для жыхароў Заходняй Беларусі трапляннем у таталітарную імперыю, новай несвабодай і масавымі рэпрэсіямі. А чалавецтва было ўкінута ў Другую сусветную вайну.
Лукашэнка, аднак, абышоў слізкую тэму пакта Молатава-Рыбентропа, спецыфічных узаемаадносін двух таталітарных рэжымаў, якія спрабавалі па паняццях падзяліць паміж сабой Еўропу. Ён звёў усё гэта да фразы, што «міжваенная Польшча сама прывяла сябе да краху».
Мы чарговым разам убачылі, як кіраўнік Беларусі падганяе гісторыю пад кан'юнктурныя інтарэсы свайго рэжыму.
Варшава дрэнная, а вось Крэмль — белы і пухнаты
Каб апраўдаць новае свята, Лукашэнка, з аднаго боку, абрынуўся на Польшчу, малюючы яе вечным ворагам, які нібыта не пакідае рэваншысцкіх задум і сёння. У тым жа ключы паказаў ён і ўвесь Захад. З іншага боку, кіраўнік паспрабаваў ідэалізаваць Расію.
Паводле яго слў, «у саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся (і Кіеўская Русь, і Расійская імперыя, СССР), а ў абдымках Захаду (не аднойчы мы знаходзіліся там) — мы гінулі. Нас рабавалі, знішчалі як этнас і ў эпоху Рэчы Паспалітай, і ў перыяд 20-гадовага польскага парадку на нашых заходніх землях».
Так, у міжваенныя гады палітыка Варшавы на беларускіх землях была зусім не аксамітнай. Але, прынамсі, там не было прымусовай калектывізацыі. У той жа самы час сталінскі рэжым чыніў куды больш масавыя і бязлітасныя расправы над нацыянальнай інтэлігенцыяй, ды і над шараговымі беларусамі таксама. Лукашэнка ў сваім выступе прыгадаў польскі канцлагер у Бярозе-Картузскай, але не ўспомніў пра Курапаты і ГУЛАГ.
![Трагічнае свята. Падзеі 17 верасня 1939 года беларусам шчасце не прынеслі Трагічнае свята. Ці прынеслі беларусам шчасце падзеі 17 верасня 1939 года](/img/v1/images/demarkacyjnaja_linija_pamiz_hermanskim_i_saveckim_vojskami__ustaljavanaja_20_verasnja_1939_h.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Заўважце і такую маніпуляцыю: знаходжанне ў складзе Расійскай імперыі падаецца як «саюз з усходнеславянскімі суседзямі», хоць на самай справе гэта быў не саюз, а захоп, беларусы там не мелі ніякай аўтаноміі, падвяргаліся ўзмоцненай русіфікацыі. Ды і ў Савецкім Саюзе БССР валодала толькі бутафорскімі прыкметамі самастойнасці.
Чый армейскі бот топча беларускую зямлю?
Але гісторыя гісторыяй, а давайце прааналізуем рэаліі сённяшняга дня. Насуперак страшылкам Лукашэнкі і яго прапаганды, беларускую зямлю топча сёння не NATO, а бот расійскага салдата. Менавіта Масква дэ-факта пазбавіла Беларусь як мінімум ваеннага суверэнітэту, выкарыстала яе тэрыторыю як плацдарм для нападу на Украіну.
Але сказаць нешта супраць Крамля Лукашэнка не можа. Таму ён так крыва і аднабока трактуе гісторыю і тым больш крыва — цяперашнюю палітычную сітуацыю, прычыны крывавай заварухі. Гэта, маўляў, «ЗША штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны». Гэты прапагандысцкі тэзіс выглядае вельмі нязграбна хоць бы таму, што з яго выцякае лагічная выснова: калі б Масква не ўлезла на тэрыторыю Украіны, то ніякага ваеннага супрацьстаяння не было б у прынцыпе.
На самай справе Лукашэнку страшна няўтульна ў сітуацыі, калі Крэмль узяў за жабры, а на Захадзе многія сталі лічыць знешнепалітычную суб'ектнасць беларускага кіраўніка блізкай да нулявой.
Лукашэнка спрабуе манеўраваць, знайсці процівагу магутнаму ціску Масквы, але пры гэтым ускладае надзеі не на Захад, прымірэнне з якім амаль нерэальнае, а перш за ўсё на Кітай і ў нейкай ступені — на Турцыю. Што праілюстраваў удзел кіраўніка Беларусі ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якую Мінск узмоцнена імкнецца.
Але Пекін не раскідваецца шчадротамі і наўрад ці абароніць суверэнітэт Беларусі, калі Уладзімір Пуцін надумае банальна далучыць яе да Расіі.
Масква і Мінск спадзяюцца «нахіліць» Еўропу гібрыднымі метадамі
Зрэшты, ніякіх гарантый у гэтым плане не здольны даць Мінску і Захад, які, паклаўшы руку на сэрца, і Украіну не вельмі абараніў.
Відавочна, што заходнія санкцыі даволі моцна ціснуць на беларускую эканоміку. Кампенсаваць страты ад страты экспарту ў ЕС і Украіну вельмі праблематычна. Лукашэнка ў мінулым месяцы заўважыў, што ў плане гандлю «нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюза».
Але заўважце, у якім кантэксце гэта прагучала: «Шаленства [еўрапейскіх] палітыкаў ужо сыходзіць на задні план. Бізнес ёсць бізнес».
Гэта значыць, Крэмль і Мінск спадзяюцца, што слабавольныя, на іх думку, палітыкі краін ЕС, якія залежаць ад электарату, спалохаюцца высокай інфляцыі, энэргетычнага крызісу, халоднай зімы (адсюль гэты сюжэт з колкай дроў) — і дадуць задні ход. Карацей — што Еўропу атрымаецца, гаворачы мовай Лукашэнкі, «нахіліць».
![Афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана: Лукашэнка — крыніца праблем Беларусі ЕС: У Лукашэнкі няма легітымнасці, ён не прэзідэнт](/img/v1/images/0013ae2d_e1c0_4ebe_8374_31af62baf6e6.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адсюль — разлік на метады гібрыднай вайны: ад закручвання газавага вентыля да правакавання новай хвалі міграцыйнага крызісу (сімптомы чаго ўжо назіраюцца).
Рэжым не мае намеру дараваць палітычным праціўнікам, нацыя дэ-факта расколатая
Паказальна, што ў прамове 17 верасня Лукашэнка не абмовіўся ні словам пра абяцаную да «Дня народнага адзінства» амністыю, у тым ліку і для палітвязняў.
Затое прагучалі крыўды на тую ж Польшчу, якая, маўляў, аказалася няўдзячнай і на вызваленне ад гітлераўцаў падчас Другой сусветнай адказвае «картамі паляка, фэйкамі "Белс*та", праграмамі Каліноўскага, палітэмігранцкімі цэнтрамі, байп*ламі, байс*ламі і іншымі ідэалагічнымі дыверсіямі».
Вынесем за дужкі тое, што зусім не «красаўцы» Лукашэнкі, як любоўна называе ён сваіх сілавікоў, ваявалі за вызваленне Польшчы. Не будзем удавацца ў прычыны таго, чаму Сталін прытармазіў свае войскі перад Варшавай, калі там сцякала крывёй паўстанне.
У гэтым пасажы ў прынцыпе ўсё змяшана ў кучу, але відавочна прарвалася нянавісць да палітычных супернікаў, якія апынуліся ў вымушанай палітычнай эміграцыі. Лукашэнка не мае намеру дараваць ім. Як і тым сваім знакамітым ворагам, якіх схаваў за краты на дзікія тэрміны.
Так што амністыя ў дачыненні да «палітычных» напэўна будзе скупой. Тармажэнне з ёю, мабыць, выклікана якраз жаданнем не перабраць.
![Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі? Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі?](/img/v1/images/dzyanis_ivashyn_e1615565631578_1_1_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пра перспектыву адносінаў Лукашэнкі з Захадам можна сказаць прымаўкай: рады бы ў рай, ды грахі не пускаюць.
Ён, вядома, з задавальненнем вярнуўся б да геапалітычнага манеўравання, якое мела месца яшчэ два з паловай гады таму (дастаткова ўспомніць прылёт у Мінск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа ў лютым 2020 года і танкеры з амерыканскай нафтай на фоне канфлікту з Расіяй).
Але жаданне любой цаной захаваць уладу ва ўмовах мірнага паўстання 2020 года прывяло да амаль непераадольнай залежнасці ад Крамля. А ўнутры Беларусі страчаная ранейшая электаральная база, вялікая і колькасць прыхільнікаў змены рэжыму (насуперак фальшывым фразам пра адзінства нацыі). Таму адкручваць гайкі (у тым ліку масавым вызваленнем палітвязняў) боязна.
Можна, вядома, карцінна насячы дроў для Еўропы перад тэлекамерай. Але пры гэтым беларускі кіраўнік за апошнія два гады наламаў занадта шмат дроў ва ўнутранай і замежнай палітыцы, каб цяпер расчысціць гэтыя завалы.