ЕС: У Лукашэнкі няма легітымнасці, ён не прэзідэнт

Афіцыйны прадстаўнік ЕС у знешнепалітычных сувязях Петэр Стана даў інтэрв'ю «Deutsche Welle», у якім пракаментаваў сітуацыю ў Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана

Афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана


На мінулым тыдні Лукашэнка абвясціў пра планы правесці ў верасні гэтага года амністыю. Адпаведны законапраект распрацоўваюць МУС, Вярхоўны суд і Генпракуратура. Улады сцвярджаюць, што па амністыі на волю могуць выйсці 8 тысяч чалавек. Афіцыйны прадстаўнік ЕС у знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана растлумачыў DW, што Брусель думае пра гэтую заяву Лукашэнкі, які дыялог з Мінскам магчымы на дадзены момант, а таксама як ЕС плануе адказаць на затрыманне дыпламаткі Эвеліны Шульц.
— Калі амністыя палітвязняў адбудзецца, чаго мы можам чакаць ад ЕС? Ці ёсць шанцы на тое, што Брусель змякчыць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ці нават аслабіць санкцыі? Ці будзе ЕС працягваць сваю жорсткую лінію?
— Усё, што абяцае Лукашэнка, трэба разглядаць з двух пунктаў гледжання. Па-першае, у яго няма легітымнасці, а па-другое, да яго няма даверу. Таму, якія б ён ні рабіў заявы, трэба глядзець, як гэта падмацоўваецца дзеяннямі. Вызваленне некаторых людзей — гэта, вядома, важны крок, мы з самага пачатку заклікалі вызваліць усіх, хто быў арыштаваны, затрыманы і асуджаны па палітычных матывах. Але 8 тысяч чалавек — гэта не ўсе, хто апынуўся ў зняволенні або быў затрыманы з-за рэпрэсій. Таму для таго, каб Еўрапейскі Саюз змяніў сваю пазіцыю, сваю палітыку ў дачыненні да санкцый, нам трэба ўбачыць канкрэтныя дзеянні. Мы будзем працягваць назіраць і аналізаваць тое, што адбываецца, і калі будуць адбывацца змены, якіх мы чакаем ад рэжыму, каб палегчыць і палепшыць становішча людзей, што аказаліся пад яго рэпрэсіямі, тады мы будзем рэагаваць.


Санкцыі ЕС з'яўляюцца прагрэсіўнымі. Яны таксама могуць быць і рэгрэсіўнымі. Таму, у залежнасці ад развіцця падзей, мы можам альбо ўзмацніць санкцыі, альбо вырашыць, што падстаў для гэтых санкцый больш не існуе. Але на дадзеным этапе гэта заўчасная дыскусія, таму што пакуль мы бачым толькі заявы. А што тычыцца дзеянняў, то мы бачым працяг рэпрэсій.
— Ці ёсць шанцы на дыялог з Лукашэнкам?
— Мы ніколі не спынялі дыялог з беларускімі ўладамі. Лукашэнка не мае для нас ніякай легітымнасці. Ён не з'яўляецца прэзідэнтам. Але мы трымаем адкрытымі каналы сувязі паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю, таму што мы па-ранейшаму верым у дыялог. Калі ў вас ёсць праблемы, вы можаце вырашыць іх толькі ў дыялогу. Але мы сказалі: каб істотна змяніць якасць нашага дыялогу і супрацоўніцтва, важна спыніць прыгнёт грамадзянскага насельніцтва. Важна спыніць парушэнні правоў чалавека. Важна пачаць агульнанацыянальны дыялог, каб знайсці выйсце з гэтага крызісу і арганізаваць новыя незалежныя выбары на аснове міжнародных стандартаў, каб беларускі народ мог выбраць прадстаўнікоў, якіх сапраўды хоча бачыць. Гэта важныя пункты, на падставе якіх мы ацэньваем наша супрацоўніцтва і наш дыялог з Беларуссю. Пакуль нічога з гэтага не адбываецца, і таму ўзровень нашага дыялогу проста зніжаецца. Але ён не спынены. Каналы зносін па-ранейшаму адкрыты.


— Як вы ведаеце, Лукашэнка зараз больш, чым калі-небудзь, прывязаны да Пуціна. Як вы лічыце, ці можна сказаць пра канец нацыянальнага суверэнітэту Беларусі? Ці Брусель усё яшчэ разглядае яе як незалежную краіну?
— Многія крокі Лукашэнкі за апошнія два гады істотна падарвалі незалежнасць і суверэнітэт краіны. Ён сапраўды адымае суверэнітэт у беларускага народа, адымае суверэнітэт у Рэспублікі Беларусь і аддае яго Маскве. Яго баязлівы, непрымальны ўдзел у пуцінскай агрэсіі супраць Украіны — вельмі добры прыклад таго, што ён стаў закладнікам імперскіх амбіцый Пуціна. І менавіта таму мы ўвялі дадатковыя санкцыі супраць яго і іншых прадстаўнікоў рэжыму за іх удзел у гэтым незаконным уварванні.
— Як Еўрапейскі Саюз бачыць Лукашэнку і Беларусь цяпер?
— Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія сёння ёсць у Беларусі. Але, вядома, паколькі ён з'яўляецца праблемай, ён таксама з'яўляецца часткай рашэння. Таму перш за ўсё гэта ён павінен прыняць рашэнне пра правядзенне новых незалежных выбараў. Менавіта ён павінен дазволіць пачаць змястоўны, інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог. Вось як мы яго бачым. Мы бачым у ім частку праблемы. Мы бачым у ім і частку рашэння. І мы бачым у ім чалавека, які незаконным шляхам прыйшоў да ўлады і стварае шмат праблем для людзей у Беларусі і для Беларусі як краіны.
— Пасля затрымання Эвеліны Шульц, якое адбылося фактычна ў той жа дзень, калі Лукашэнка абвясціў пра свае планы па амністыі, чаго мы можам чакаць? Як Еўрапейскі Саюз адрэагуе на тое, што здарылася?
— Тое, што адбылося на мінулым тыдні, было, на жаль, вельмі добрым прыкладам характару рэжыму. З аднаго боку, ён заяўляе пра амністыю для людзей, якія былі затрыманыя або змешчаныя ў турму. У той жа час у краіне за зачыненымі дзвярыма ідуць суды па палітычных справах, а затым яны асмельваюцца на недапушчальны і вельмі небяспечны крок па затрыманні дыпламата. Дыпламат — гэта асоба, якая карыстаецца імунітэтам і дыпламатычнымі прывілеямі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй. Гэта тое, на што Беларусь падпісалася як краіна. Такім чынам, ён зноў парушае міжнародныя абавязацельствы сваёй краіны, яшчэ больш дыскрэдытуе свой рэжым. З нашага боку гэта выклікала вельмі, вельмі жорсткую рэакцыю. Мы асудзілі гэта публічна. Мы сказалі, што гэта непрымальнае парушэнне Венскага пратаколу. І мы выклікалі кіраўніка беларускай дыпламатычнай місіі ў Бруселі для тлумачэнняў. Гэта вельмі моцная мера ў свеце дыпламатыі. Гэта ўжо другі выпадак затрымання нашага дыпламата. Тое, што адбылося, будзе мець вельмі цяжкія наступствы. Зноў жа, на дыпламатычным узроўні, але мы выразна далі зразумець, што падобнае непрымальна і больш не павінна паўтарацца.
— Існуе шмат асцярог з нагоды віз для беларускіх грамадзян. Напрыклад, Чэхія перастала выдаваць асобныя тыпы віз для беларусаў. Што чакае беларусаў у перспектыве: візавая забарона, падобная да той, што ўвялі для расійцаў?
— Візавую палітыку і яе філасофію можна апісаць наступным чынам: мы хочам пераканацца, што ўязджаюць не тыя людзі, якія могуць стаць праблемай для нас, ці людзі, якія гэтага не заслугоўваюць, але тыя людзі, якія ў гэтым маюць патрэбу. Напрыклад, студэнты ці тыя, хто атрымаў гуманітарную візу. Апазіцыянеры, незалежныя эксперты, актывісты — усе, хто ў гэтым мае патрэбу, павінны мець магчымасць атрымаць візу. Такая логіка візавага рэжыму. І якія б меры ні прымаліся на нацыянальным узроўні, гэта меры ў рамках існуючага візавага кодэкса, проста становяцца больш жорсткімі ўмовы, якія робяць больш жорсткімі праверку, каб пераканацца, што візу атрымліваюць тыя, каму яна сапраўды патрэбная, а не тыя, хто звязаны з рэжымам і проста спрабуе скарыстацца сваімі прывілеямі.


— Ці шкадуюць у ЕС аб тым, што не занялі, магчыма, больш выразную пазіцыю і не падтрымалі пратэсты 2020 года ў Беларусі?
— Еўрапейскі Саюз — гэта асацыяцыя краін, заснаваная на каштоўнасцях і прынцыпах. Але мы не займаемся зменай рэжымаў. Мы паважаем межы краін, якія не ўваходзяць у ЕС, і, што б там ні адбывалася, мы можам альбо падтрымаць, альбо асудзіць, але мы не ўмешваемся. Таму, хоць для нас вельмі цяжка бачыць маштабы рэпрэсій, я думаю, мы зрабілі ўсё магчымае ў рамках ЕС, каб падтрымаць гэтых людзей. І маё пытанне вам у адказ: што ж павінен быў зрабіць Еўрапейскі Саюз? Ад нас чакалі, што мы адправім танкі, вайсковыя сілы? Гэта супярэчыць міжнароднаму праву.
Калі вы паглядзіце на гісторыю кожнай з краін, якія ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, яны самі павінны былі змагацца за перамены. Ніхто не зробіць гэта за вас. Што ў былой Чэхаславакіі, што ў Польшчы, у Венгрыі і Усходняй Германіі — змены ішлі знутры, калі насельніцтва паўставала супраць карумпаваных рэжымаў, таталітарных рэжымаў і трымалася. У Сірыі людзі не перамаглі. У гэтым абвінавачваюць і ЕС, і міжнародную супольнасць, гавораць, што мы не дапамаглі ім. Але, зноў жа, дапамога ў такіх сітуацыях азначае разгляд магчымасці вонкавага ўмяшання. Я разумею, што простым людзям, якія пакутуюць ад рэпрэсій, гэта цяжка чуць. Але Еўрапейскі Саюз не з'яўляецца інтэрвенцыянісцкай сілай. Мы зробім усё магчымае ў рамках дэмакратыі і міжнароднага права, каб падтрымаць права на законныя дзеянні і амбіцыі людзей. Але мы не можам прыйсці ў краіну і проста прыбраць з яе кіраўніка-аўтакрата.