Цяпер афіцыйна: ЕС ня будзе ўводзіць візавыя абмежаваньні для беларусаў
Эўракамісія зацьвердзіла прапанову аб поўным спыненьні дзеяньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму з Расеяй з 12 верасьня. Беларусы маглі падпасьці пад гэтыя абмежаваньні разам з расейцамі, але ў выніку гэтага не адбылося.
![schengen_1.jpg schengen_1.jpg](/img/v1/images/schengen_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Афіцыйны дакумэнт апублікаваны на сайце Эўракамісіі, адзначае «Св*бода».
Консульствам
краін ЭЗ рэкамэндавана правяраць просьбітаў шэнгенскіх віз на прадмет пагрозы
бясьпецы Эўразьвязу і міжнародных адносін. Прыярытэтам выдачы шэнгенскіх віз
расейцам стануць гуманітарныя прычыны.
Цягам апошніх
тыдняў гучалі прапановы абмежаваць або спыніць выдачу візаў і для грамадзянаў
Беларусі.
«Сёньня ўжо
афіцыйна: з дакумэнтаў аб адмене спрошчанага візавага рэжыму і візавых
абмежаваньнях выключана згадка беларусаў. Дзякуй усім, хто дапамагаў. Беларусы
не агрэсары. Беларусы змагаюцца за сваю свабоду і падтрымліваюць Украіну!», —
напісаў у сваім тэлеграм-канале дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Краіны Балтыі,
Польшча і Фінляндыя ўзначалілі рух за больш строгія забароны на выдачу віз
расейскім турыстам. Паколькі ЭЗ забараняе паветраныя зносіны на рэйсах з Расеі,
большасьць падарожнікаў выкарыстоўваюць свае сухапутныя межы для паездак у
іншыя краіны Эўразьвязу, дзе правілы не такія строгія. Пасьля атрыманьня візы ў
краіну ЭЗ уладальнік дакумэнта можа свабодна падарожнічаць па Шэнгенскай зоне
Эўразьвязу.
Нямеччына і
Францыя ўзначалілі іншы бок у дыскусіі, заявіўшы, што абмежаваньне віз для
расейцаў было б контрапрадуктыўным, паколькі Эўразьвяз спрабуе змагацца за
«сэрцы і розумы» тых расейцаў, якія не падтрымліваюць агрэсію Масквы супраць
Украіны.
Кіеў заклікаў
блёк забараніць выдачу віз усім расейцам, акрамя палітычных дысыдэнтаў.
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў у інтэрвію РС 30 жніўня,
што «называць гэтую вайну праблемай Пуціна, а не праблемай расейскага
грамадзтва, якое ў асноўным падтрымлівае свайго прэзыдэнта, — гэта
самападман».
Усе 27 чальцоў ЭЗ
павінны былі пагадзіцца на любую прынятую меру, якая абмяжоўвае выдачу віз.