Крэмль распачаў прамы шантаж Захаду газам
Расія заявіла, што ў спыненні газаправоду «Паўночны паток» вінаваты «тэхнічныя прычыны» і выставіла ўмовы аднаўлення паставак газу ў Еўропу.
2 верасня «Газпром» паведаміў пра спыненне газаправоду «Паўночны паток» на нявызначаны час. Прапампоўка газу па трубаправодзе была прыпынена на тэхабслугоўванне 31 жніўня. Яна павінна была аднавіцца 3 верасня.
Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што праблемы з забеспячэннем газу па «Паўночным патоку» будуць захоўвацца да таго часу, пакуль не будуць зняты заходнія санкцыі: «Праблемы ў прапампоўцы ўзніклі праз санкцыі, якія ўвялі супраць нашай краіны і супраць шэрагу кампаній заходнія дзяржавы, уключаючы Германію і Вялікабрытанію. Іншых прычын, якія б прывялі да праблем з прапампоўкай, не існуе», — сказаў Пяскоў журналістам у панядзелак, 5 верасня.
Пяскоў заявіў, што застаўся рабочым толькі адзін агрэгат, «і той дае збоі, і там адбываюцца паломкі, і гэта прыводзіць да прыпынення прапампоўкі». Ён падкрэсліў, што праз санкцыі ўся праца трубаправода «трымаецца на адным агрэгаце, які мае патрэбу ў сур'ёзным абслугоўванні».
Калі журналісты пацікавіліся ў Пяскова, ці можна казаць, што пытанне прапампоўкі газу «Паўночным патокам» цалкам залежыць ад санкцый і што пастаўкі адновяцца, калі гэтыя санкцыі будуць зняты, той заявіў: «Менавіта гэтыя санкцыі, якія ўвялі заходнія дзяржавы, давялі сітуацыю да таго, што мы бачым цяпер», — сказаў ён.
Варта згадаць, што апошнім часам на станцыі «Партовая» газаправода працавала толькі адна турбіна. Рускі бок паведаміў, што яе прапускная здольнасць — 20% ад намінальнай, і гэта 33 мільёны кубаметраў газу. Астатнія турбіны былі спынены. Адна з іх пасля рамонту знаходзіцца ў Германіі, куды яна была дастаўлена з Канады, дзе праводзіліся работы. «Газпром» пры гэтым адмаўляецца забіраць турбіну, спасылаючыся на санкцыі ЕС, ЗША і Канады.
У пятніцу «Газпром» абвясціў аб закрыцці на нявызначаны тэрмін газаправода «Паўночны паток» у Германію, афіцыйна — па тэхнічных прычынах.
У Еўракамісіі абвяшчэнне «Газпрома» аб закрыцці на нявызначаны тэрмін газаправода назвалі «яшчэ адным пацвярджэннем яго ненадзейнасці як пастаўшчыка» і «доказам цынізму Расіі».
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен 2 верасня заявіла, што надышоў час для абмежавання цэн на расійскі трубаправодны газ у Еўропе.
Днямі ў ЕС заявілі аб выкананні нарматыву запаўняльнасці газавых сховішчаў да ўзроўню ў 80%. Першапачаткова Еўракамісія прадпісвала выканаць гэта патрабаванне да лістапада.
У той жа час у Расіі заканчваюцца (або ўжо закончыліся) газавыя сховішчы. Здабыты прыродны газ даводзіцца спальваць.
Сёння ж Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што Украіна можа выцесніць расійскі газ з Еўропы. Экспарт электраэнергіі з Украіны можа замясціць значныя аб'ёмы расійскага газу, які цяпер імпартуецца ў Еўропу. Ён адзначыў, што патэнцыял Украіны па пастаўках электраэнергіі ў Еўропу амаль у сем разоў большы, чым цяперашняя гандлёвая магутнасць.
Да таго ж Украіна мае найбуйнейшыя сховішчы газу і можа стаць «газавым сейфам» Еўропы, заявіў украінскі Прэм’ер.
Раней у Еўропе апасаліся, што Расія будучай зімой можа цалкам спыніць пастаўкі газу ў Еўропу. Прынамсі, пра гэта казаў кіраўнік Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Бірал у інтэрв'ю «Financial Times»:.«Еўропа павінна быць гатовай на выпадак, калі расійскі газ будзе цалкам адключаны. Чым бліжэй да зімы, тым больш разумеем намеры Расіі», — сказаў ён.