Чаму беларус мусіць ахвяраваць жыццём там, дзе Зяленскаму хопіць аднаго тэлефанавання?
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае пра газавы транзіт праз Украіну, за які Расія атрымлівае аграмадныя грошы на вайну.
«Дарагія беларусы! Калі ўкраінскі сябра чарговы раз папракне, што беларусам не ўдалося спыніць праз сваю тэрыторыю расійскія танкі, ракетныя ўстаноўкі і самалёты — не нагадвайце яму, што спрабуюць спыніць, што атрымліваюць за гэта кулі ў калені і суды з пагрозай смяротнага пакарання.
Пагроза смерці ў дні вайны — не аргумент.
А проста спытайце, чаму да гэтага часу праз тэрыторыю Украіны няспыннай плыняй імчыць па трубах на Захад расійскі газ. За які Крэмль атрымлівае па амаль мільярд еўра ў дзень. І за які фінансуе вайну з Украінай.
Яшчэ раз: Расія атрымлівае ад продажы ўглевадародаў мільярд долараў у дзень. Значная частка ідзе транзітам праз Украіну.
Уявіце, што ў 1942-м, калі ідзе бітва за Сталінград, СССР прадастаўляе сваю тэрыторыю для транзіту Трэцяму Рэйху. І Масква дае ўказанне Заслонаву забяспечыць бесперашкодны праход нямецкіх паравозаў праз аршанскі чыгуначны вузел. Каб там ніякім мясцовым не прыйшло ў галаву нямецкія цягнікі пад адхон пускаць. Вайна — вайной, а бізнес — бізнесам.
Адрозна ад простага беларуса, пану Зяленскаму не трэба класціся на рэйкі і рызыкаваць жыццём — дастаткова аддаць каманду і спыніць транзіт праз кіруемую ім тэрыторыю. Адзін тэлефонны званок. 30 секунд. Дзясятак слоў.
Адна фраза Зяленскага — і Пуцін страціць сотні мільёнаў за дзень. Тых мільёнаў, якія сёння ідуць на знішчэнне Украіны.
“Дык хіба вы не разумееце, што ўсё вельмі няпроста…” — пачне ўкраінскі сябра.
Разумеем. Няпроста.
Але тады не трэба патрабаваць ад звычайнага беларуса ахвяраваць жыццём дзеля таго, што ўкраінскі прэзідэнт можа зрабіць адным тэлефонным званком».