Еўрадэпутаты: «Рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху»

Еўрапарламентарыі заклікалі Еўрасаюз скараціць колькасць беларускіх дыпламатаў у адказ на інцыдэнт з прадстаўніком ЕС у Мінску Эвелінай Шульц.

szulc_i_azaronak.jpg

Заяву распаўсюдзілі старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Юозас Алекас і дакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус, піша «Позірк».

«Гэтая абуральная правакацыя — наўпроставы фізічны напад на акрэдытаванага дыпламата — яшчэ адно сведчанне таго, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху, нават калі гэта азначае паставіць пад пагрозу тое, што засталося ад дыпламатычных стасункаў з суседзямі», — сказана ў заяве.

Еўрадэпутаты заклікалі ЕС «да жорсткага адказу»: «скарачэння колькасці беларускіх дыпламатаў» у ЕС, а таксама «перагляду сваёй дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі».

Нагадаем, як пісаў НЧ, Эвеліна Шульц была затрымана 6 верасня ля будынка Мінскага гарадскога суда пасля вынясення прысуду праваабаронцы Марфе Рабковай і дзевяці анархістам. Яе пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку 2 гадзіны, хоць дыпламатка неаднаразова давала зразумець, што валодае дыпламатычнай недатыкальнасцю, прад'явіла і дыпламатычную карту, і дыпламатычны пашпарт. У беларускай міліцыі на гэта ўвагі не звярталі і спрабавалі прымусіць яе падпісаць пратакол.

Эвеліна Шульц распавяла пра гэты інцыдэнт: «У канцы майго затрымання каля 17.30, калі прыбыў прадстаўнік дзяржпратакола МЗС, супрацоўнік міліцыі папрасіў мяне праз прадстаўніка МЗС, які перакладаў, прыняць афіцыйны «пратакол» і падпісаць яго. На працягу ўсёй гэтай «размовы» я настойвала на захаванні майго дыпламатычнага імунітэту і на прысутнасці прадстаўніка дэлегацыі ЕС або консулаў Польшчы ці Германіі».

А ўчора дыпламатку яшчэ і папярэдзілі ў беларускім МЗС. Анатоль Глаз заявіў, што прысутнасць замежных дыпламатаў на судовых працэсах беларускі бок разглядае «як правакацыю з мэтай скандалу». Пра Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах Глаз заявіў, што яна нібыта выразна вызначае функцыі прадстаўніцтваў: «Сярод іх [функцый прадстаўніцтваў] няма ні шастанняў па судах, ні дачы ацэнак працы судовай улады, ні пракурорскай, ні адвакацкай дзейнасці».