Як з дапамогай Азаронка хапалі дыпламатаў і іншых людзей пасля суда над групай Марфы Рабковай (абноўлена)
Пасля суда над Марфай Рабковай і дзевяццю палітвязнямі затрымалі праваабаронцу Насту Лойка, замежных дыпламатаў, сваякоў палітвязняў і выпадковых людзей.
Паводле дадзеных праваабаронцаў, Насту павезлі ў
адзін з мінскіх РУУСаў. Пакуль прычына затрымання невядомая.
Таксама стала вядома,
што ў Мінскім гарадскім судзе затрымалі некаторых сваякоў палітвязняў, а
таксама прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Падрабязнасцяў пакуль таксама няма.
UPD. Як стала вядома пазней, ля Мінскага гарадскога суда затрымалі мінімум пяць чалавек — «завалаклі ў бус». Пры гэтым прысутнічаў прапагандыст Азаронак і здымаў, як затрымліваюць дыпламатаў: «Смяяўся, браў у іх тыпу інтэрв’ю пры гэтым і запытваўся: "Як вам?", а ў гэты час дыпламатаў валаклі па зямлі». Нават была спроба затрымаць аднаго з адвакатаў палітвязняў па справе.
Пазней праваабаронцы паведамілі прозвішчы некаторых
затрыманых пасля абвяшчэння прысуду. Гэта
маці і брат асуджанага сёння да 12 гадоў палітвязня Аляксея Галаўко Алена і
Кірыл Галаўко, а таксама яго сябры Данііл Крашэўскі, Аляксандр Спаткай, Андрэй
Уроніч, сяброўка Ася і Алена (прозвішчы высвятляюцца).
Таксама затрыманая маці палітвязняў Кіма і Аляксея Самусенкаў Людміла.
UPD. Пра хапун пасля суду распавяла таксама «Н*ша Ніва». Паводле інфармацыі выдання пад раздачу трапілі нават выпадковыя людзі.
«Перад судом людзей запісвалі больш за гадзіну, хоць іх было
няшмат, — расказалі відавочцы. — У кожнага запытвалі прозвішча, імя, дату нараджэння, адрас, потым
абшуквалі-абмацвалі вельмі павольна, у выніку вельмі мала каго пусцілі. Пасля
сказалі, што быццам суддзя ўжо ў зале і нельга ўваходзіць. Людзі пачалі
абурацца, бо некаторыя не бачылі сваіх блізкіх па два гады.
Потым з'явіўся Азаронак і пачаў груба распытваць дыпламатаў
і Эвеліну Шульц (намесніцу кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі) у
прыватнасці. Паблізу стаялі ціхары і слухалі, хто што яму адказвае.
Адразу пасля суда пачаўся хапун. Спачатку "ўзялі" дыпламатаў, а потым ціхары выйшлі і паказвалі каго браць, пад "раздачу" трапілі
і выпадковыя людзі. Вывалаклі нават жанчыну, якая проста пісала заяву на
спатканне (пасля прысуду яно даецца праз суд).
Нешта не тое сказаў ці ім так здалося — пад рукі і ў бусік.
Сілу так паказвалі.
У выніку затрымалі некалькі сваякоў, частку дыпламатаў, якія
ўвогуле не разумелі, што адбываецца, і выпадковых людзей. Цяпер, верагодна, яны
ўсе ў аддзяленні ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай, бо ў РУУСах іх, кажуць, няма».
Што да суда па гучнай справе, то, зразумела, цуду не адбылося. Усе палітвязні атрымалі драконаўскія тэрміны — 94 гады на ўсіх.
Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў такія прысуды:
Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў пазбаўлення волі;
Акіхіру Гаеўскаму-Ханадзе — 16 гадоў;
Марфе Рабковай — 15 гадоў;
Аляксею Галаўко — 12 гадоў;
Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў;
Андрэй Марачу, Даніле Чулю — па 5 гадоў.
Таксама фігуранты справы павінны выплаціць штрафаў агулам больш чым на 73 тысячы долараў.
Паводле сведчанняў відавочцаў, пасля абвяшчэння прысуду некаторыя з палітвязняў выгуквалі: «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!».