Палітвязня Мікіту Слепянка пакаралі трыма гадамі калоніі за адміністраванне гістарычнага ТГ-канала Rezystans
Гомельскі абласны суд 6 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе адміністратара культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans палітзняволенага Мікіты Слепянка. Юнака абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс вёў суддзя Васіль Бягун, паведамляюць праваабаронцы.
Мікіта Слепянок
стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны Telegram-канал Rezystans.
Працаваў электрыкам у Гомелі, маляваў, намагаўся пісаць музыку, вучыўся граць
на гітары. Быў выкліканы на допыт у міліцыю 6 красавіка 2022 года, пасля чаго
Мікіту затрымалі. Пазней стала вядома, што на яго заведзена крымінальная
справа. Rezystans, у якога больш за 200 падпісчыкаў, МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Да суда Мікіта
Слепянок утрымліваўся ў СІЗА-3 горада Гомеля.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, «летам 2021-га Слепянок стварыў тэлеграм-канал, які вясной
гэтага года прызналі экстрэмісцкім. Сам адміністраваў яго і пісаў тэксты. На
судзе запэўніваў, што за рэсурс грошай не атрымліваў. Першапачаткова размяшчаў
матэрыялы культурна-гістарычнага характару, хоць назваў канал Resistance, што
перакладаецца як супраціў. Потым пераключыўся на публікацыі, у якіх
дыскрэдытаваў і абражаў органы ўлады і кіраўніка дзяржавы, перадрукоўваў
экстрэмісцкія пасты, размяшчаў нацысцкую сімволіку. Акрамя таго, выстаўляў у
негатыўным святле расейцаў. У адным з паведамленняў напісаў, што калі ў хату
прыйдзе маскаль, яе трэба спаліць. Пратэсныя думкі выказваў эмацыйна, не саромеўся
ў выразах».
Бок абвінавачання
2 верасня запрасіў для Слепянка пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі
агульнага рэжыму.
Суддзя
пацікавіўся ў абвінавачанага, што яго не задавальняла ў нашай краіне? Слепянок
адказаў, маўляў, яму цяжка быць беларусам, нібыта яго не разумеюць навакольныя,
варожа ставяцца з-за таго, што ён размаўляе на роднай мове.
Сёння суд прызнаў
Мікіту вінаватым і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага
рэжыму.