Хронікі палітычнага пераследу ў Беларусі за 5 верасня

Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся сёння ў краіне.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сёння Мінскі абласны суд вынес прысуды фігурантам «справы аб змове». Вользе Галубовіч і Дзянісу Краўчуку прысудзілі па два гады калоніі агульнага рэжыму, Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву — па 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Стала вядомая, што ініцыятыва «Письма в клеточку» больш не будзе дасылаць лісты палітвязням. Апошнія паўгода адказаў з-за кратаў не было зусім, і ўдзельнікі ініцыятывы вырашылі, што не будуць «спансіраваць "Белпошту"».
Аднаму з адміністратараў платформы «23*34» прад'явілі абвінавачанне. Мужчыну будуць судзіць за «распальванне сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Палітзняволены музыка Ігар Банцэр атрымаў трэці адміністрацыйны арышт. За «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў яму 15 сутак. Агулам музыка правядзе за кратамі 45 дзён з моманту затрымання ў жніўні.
Тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму далі палітвязню Віктару Кулінку за тое, што ён дасылаў здымкі расійскай вайсковай тэхнікі «экстрэмісцкаму» ТГ-каналу. Мужчыну затрымалі 30 траўня па падазрэнні ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці».
За каментары ў сацсетках на адрас чыноўнікаў 3,5 гады зняволення і штраф у 400 базавых велічынь прысудзілі 31-гадоваму мінчуку. Акрамя гэтага, адзін з «пацярпелых», генпракурор Андрэй Швед дабіўся ад вязня кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 10 тысяч рублёў.
У Наваполацку за антываенную акцыю на школьнай «лінейцы» асудзілі Ганну Тукаву. Яна выйшла да людзей у вайсковай форме з паднятым знакам «Victory». Дзяўчыну арыштавалі, ёй прысудзілі штраф. «Змякчальнымі абставінамі» была прызнаная наяўнасць у Тукавай непаўналетняга дзіцяці.
Крымінальную справу за дошкі на чыгунцы завялі на 14-гадовага падлетка. Двое яго малодшых сяброў сталі фігурантамі адміністрацыйнага працэсу. Міліцыянты могуць прыцягнуць да адказнасці бацькоў.
Вынесены прысуд былому супрацоўніку КДБ. За падпал сістэмы «Beltoll», кваліфікаваны як «акт тэрарызму», Іллю Трубіну прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек. Гэта Ілля Гольцаў, Аляксей Рэзнікаў, Анастасія Лазарэнка, Наталля Лашч і Дзмітрый Іванчанка. Агулам у краіне, паводле версіі «Вясны», 1325 палітвязняў, ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1634 палітычных зняволеных, у тым ліку 198 жанчын і 8 непаўналетніх.