Справа аб змове. Вынесеныя жорсткія прысуды

Юрась Зянковіч асуджаны на 11 гадоў калоніі, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў — на 10 гадоў. Для ўсіх іх пракурор прасіў па 12 гадоў зняволення.

ryka.jpg

5 верасня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуды па так званай справе аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Юрась Зянковіч асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, палітык Рыгор Кастусёў — на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны.

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук асуджаны на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», хоць пракурор прасіў для іх па 3 гады.

Нагадаем, крымінальную справу пра спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі Мінскі абласны суд пачаў разглядаць 29 ліпеня.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спецслужбы затрымалі палітолага Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.

Зянковіч абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).



Падчас суда з матэрыялаў справы высветлілася, што Зянковіч заключыў са следствам пагадненне аб супрацоўніцтве, даў чыстасардэчныя паказанні. Пагадненне было падпісанае на ранніх этапах следства. Ён аказаўся адзіным з абвінавачаных, хто пайшоў на здзелку са следствам.