Брата Паўла Латушкі могуць асудзіць на шэсць гадоў калоніі

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска з 12 верасня разглядалі крымінальную справу ў адносінах да трох палітзняволеных — стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай.

9b0f39d4b69bb5613d2dacaabbf6df8e.jpg

Як стала вядома «В*сне», 16 верасня пракурор запрасіў для Анатоля — 6 гадоў калоніі, для Алены Маліноўскай — 4 гады калоніі, для Ліліі Ананян — 3 гады «хатняй хіміі».

Прысуд 20 верасня ў 10:00 абвесціць суддзя Дзмітрый Карсюк.

Палітвязняў затрымалі ноччу 31 студзеня за тое, што нібыта яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома герб «Пагоня». Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі.

Згодна з версіяй абвінавачання, яны неаднаразова на працягу 2021 года «пашкодзілі з хуліганскіх памкненняў маёмасці некалькіх унітарных прадпрыемстваў на суму больш за тры тысячы рублёў, у тым ліку шляхам нанясення фарбавальнымі рэчывамі рознага роду надпісаў і малюнкаў» (ч. 2 арт. 339 КК); «перашкаджалі ажыццяўленню грамадзянамі права на ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шляхам вырабу і размяшчэння ў агульнадаступных месцах улётак, якія змяшчалі заклікі да зрыву і звесткі аб нібыта парушэннях у правядзенні рэферэндуму» (ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса); «здзеку над дзяржаўным сцягам шляхам спалення палотнішча ў снежні 2021 года і запісу дадзеных дзеянняў на відэа з мэтай размяшчэння ў інтэрнэце» (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).

Таксама Анатолю Латушку інкрымінуюцца «незаконныя збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных асоб у сувязі з выкананнем імі грамадскага абавязку шляхам размяшчэння ў розных агульнадаступных месцах улётак, якія змяшчаюць даныя, якія складаюць асабістую і сямейную таямніцу пацярпелых» (ч. 3 арт. 203-1); «актыўны ўдзел 18 кастрычніка 2020 года ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342).