Трагічнае свята. Ці прынеслі беларусам шчасце падзеі 17 верасня 1939 года

Згодна з указам Лукашэнкі, 17 верасня, дзень, калі часткі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, цяпер будзе адзначацца ў краіне як Дзень народнага адзінства. Але ці ўсё так адназначна ў гэтай даце, як гэта спрабуюць паказаць цяперашнія ўлады ў Беларусі?

Дэмаркацыйная лінія паміж германскім і савецкім войскамі, усталяваная 20 верасня 1939 г. Крыніца: wikipedia.org

Дэмаркацыйная лінія паміж германскім і савецкім войскамі, усталяваная 20 верасня 1939 г. Крыніца: wikipedia.org

Рыжскі мірны дагавор ад 18 сакавіка 1921 года падзяліў тэрыторыю Беларусі на дзве часткі: адна частка, у складзе 12 паветаў, адышла да Польскай дзяржавы, іншая, у складзе 6 паветаў, да Савецкай Расіі (фармальна, канечне, да Беларускай Савецкай Рэспублікі). Трэба зазначыць, што дрэннае эканамічнае становішча пасля Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў, «зямельны голад» і беспрацоўе сталі прычынамі папулярнасці сярод вялікай колькасці жыхароў Заходняй Беларусі прасавецкіх поглядаў. Памылкі, дапушчаныя ў нацыянальнай палітыцы Другой Польскай Рэспублікі, у тым ліку абмежаванні ў сферы адукацыі на нацыянальных мовах, на фоне міфу аб шчасці і дастатку, які насаджваўся бальшавіцкай прапагандай, спарадзілі пачуццё расчаравання і крыўды сярод мясцовага насельніцтва ў стаўленні да польскага ўрада і вялікія спадзяванні, звязаныя з прыходам камуністаў.


Глядзіце таксама

Адмовіўшыся ад панавалай некаторы час сярод польскіх палітычных эліт ідэі федэралізму, кіраўніцтву Польскай дзяржавы так і не ўдалося стварыць адзіную платформу, на аснове якой усе нацыі, што яе насялялі, змаглі б сумесна сфармаваць супольную дзяржаўнасць. Гэта адштурхнула ад Польшчы яшчэ і шмат каго з адукаваных беларусаў. У такіх умовах 17 верасня 1939 года пачаўся наступ Чырвоная Арміі, якая, згодна з бальшавіцкай прапагандай, прыйшла толькі дзеля таго, каб «скінуць ярмо памешчыкаў і капіталістаў» і на штыках прынесці «свабоду беларускім рабочым і сялянам».

Антыпольскі плакат. Чырвонаармеец забівае Белага арла, на пярэднім плане вызваленыя ўкраінец і беларус. Крыніца: wikipedia.org

Антыпольскі плакат. Чырвонаармеец забівае Белага арла, на пярэднім плане вызваленыя ўкраінец і беларус. Крыніца: wikipedia.org

Але пасля ўваходу частак Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі амаль адразу пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да так званых «нядобранадзейных элементаў». Насуперак савецкай прапагандзе, пасля 17 верасня 1939 года НКУС разгарнуў сапраўднае паляванне не толькі на польскіх «памешчыкаў і капіталістаў» ці на афіцэраў Войска польскага, але ўвогуле на ўсіх, хто падаваўся ім хоць у малой ступені падазроным. Асноўнымі формамі палітычных рэпрэсій сталі шматлікія арышты і дэпартацыі. Калі ўлічыць усе катэгорыі рэпрэсаваных мясцовых грамадзян, а гэта значыць арыштаваных, змешчаных у лагеры для ваеннапалонных, асуджаных судамі, ваеннымі трыбуналамі ці іншымі пазасудовымі органамі, то колькасць людзей, якія так ці інакш трапілі пад каток рэпрэсій, выглядае вельмі значнай. Як піша вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці Васіль Матох, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гэты перыяд функцыянавала 21 турма. І ў гэты пералік яшчэ не ўваходзяць маладыя людзі, сілком прызваныя ў Чырвоную Армію, вывезеныя на працу ў розныя раёны Савецкага Саюза, і гэтак далей. Статыстыка смяротнасці пры дэпартацыях, у месцах паселішч і ў працоўных лагерах да гэтага часу няпоўная. Вызначыць фактычную колькасць дэпартаваных таксама вельмі складана, і гэтае пытанне да гэтага часу выклікае шмат спрэчак.

Хаця большасць рэпрэсаваных складалі этнічныя палякі, беларусы, як і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, таксама не заставаліся па-за ўвагай пільнага вока НКУС і папаўнялі колькасць вязняў савецкіх папраўча-працоўных лагераў. Як і ў часы Вялікага тэрору, іх часцей за ўсё вінавацілі ў шпіянажы (часта на некалькі выведак адразу), «няправільным» сацыяльным паходжанні, адсутнасці лаяльнасці да Савецкай дзяржавы і іншых дзеяннях, якія Саветы лічылі злачынствамі.

Вялікім рэпрэсіям падвергліся і камуністы, сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Большасць актывістаў беларускага нацыянальнага руху, якія спачувалі, а многія і актыўна падтрымлівалі савецкую ўладу, падвергліся бязлітасным рэпрэсіям яшчэ ў 1930-я гады. Менавіта тады быў забіты былы дэпутат польскага парламента, старшыня Беларускай сялянска-працоўнай грамады, аўтар класічнага правапісу беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч.

Браніслаў Тарашкевіч. Крыніца: wikipedia.org

Браніслаў Тарашкевіч. Крыніца: wikipedia.org

Так было і на гэты раз. Былі арыштаваныя шматлікія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: настаўнікі, юрысты і дактары. І хаця яны часта знаходзіліся ў рэзкай апазіцыі да польскіх уладаў і атаясамлялі сябе з беларускай нацыянальнай ідэяй, іх усё роўна арыштоўвалі, а затым адпраўлялі ў лагеры ці расстрэльвалі на месцы. Напрыклад, такім чынам загінуў вядомы дзеяч беларускага адраджэння, былы старшыня савета міністраў БНР Антон Луцкевіч, які шчыра вітаў прыход савецкай улады. Выступаючы ў Вільні, ён казаў: «Беларусь зноў стала адзінай, ніякія межы не падзеляць ужо аб'яднаных беларускіх земляў… Перад намі вялізная праца, праца па аднаўленні ўсяго таго, што гадамі прыходзіла ў заняпад ці знішчалася польскімі панамі… Стварэнне аб'яднанай, свабоднай, савецкай Беларусі будзе вызначаць дарогу яе хуткага развіцця»

Памёр Антон Луцкевіч, перад тым абвінавачаны супрацоўнікамі НКУС у працы на польскую выведку, 23 сакавіка 1942 года на перасыльным пункце для зэкаў пад Саратавам.

Антон Луцкевіч. Крыніца: wikipedia.org

Антон Луцкевіч. Крыніца: wikipedia.org

Арыштоўваліся таксама актывісты яўрэйскіх грамадска-палітычных арганізацый, закрываліся школы пры рэлігійных абшчынах. Ахвярай савецкай рэпрэсіўнай сістэмы, напрыклад, ледзь не стаў будучы прэм’ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін.


Кульмінацыяй савецкіх рэпрэсій стаў Катынскі расстрэл. На падставе рашэння Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года былі расстраляныя ваеннапалонныя з трох лагераў у Асташкаве, Казельску і Старабельску. Загад Палітбюро гучаў такім чынам: «Справы <…> разгледзець у асаблівым парадку, з ужываннем да іх вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Разгляд справы правесці без выкліку арыштаваных і без прад'яўлення абвінавачання, пастановы аб заканчэнні следства і абвінаваўчага заключэння. <…> Разгляд спраў і вынясенне рашэння ўскласці на тройку, у складзе т. т. В. Я. Мяркулава, Б. Кобулова і Баштакова (начальнік 1-га спецаддзела НКУС СССР)». Фактычна, дакумент пацвярджае то, што тысячы людзей былі бязлітасна знішчаны без суду і следства.

Палонныя польскія жаўнеры. Крыніца: wikipedia.org

Палонныя польскія жаўнеры. Крыніца: wikipedia.org

У катынскіх ямах аказаліся людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей, часта патрапіўшы туды выпадкова. Яны былі забітыя за сваю нелаяльнасць, яўную ці прыдуманую, савецкай дзяржаве. Але гэта быў не апошні этап крывавых рэпрэсій. Яшчэ адно злачынства адбылося пасля нападзення нацысцкага Трэцяга рэйха на Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года. Пры эвакуацыі турмаў, з-за перасцярогі чэкісцкіх кіраўнікоў, якія баяліся бунтаў сярод «палітычных», таксама былі забітыя некалькі тысяч чалавек.


Адразу па прыходзе савецкай улады прамысловасць і банкаўская справа ў краі былі нацыяналізаваны, а большая частка зямлі і ўласнасці «памешчыцкага класа» была перададзена дзяржаве. Савецкая эканамічная палітыка была арыентавана на максімальную эксплуатацыю сялян. Іх абцяжарылі высокімі нормамі выпрацоўкі і неабходнасцю ўдзелу ў грамадскіх працах, была распачатая прымусовая калектывізацыя, «добраахвотна-прымусовы» вываз на працы ўглыб СССР, прызыў сялян у Чырвоную Армію. Такім чынам, калі і былі сярод заходнебеларускіх сялян прасавецкія настроі, то яны даволі хутка зніклі. Нягледзячы на тое, што Заходняя Беларусь увайшла ў склад Беларускай ССР, мяжа ў 1939–1941 гадах яшчэ функцыянавала, а яе перасячэнне і перамяшчэнне з усходняй часткі на захад патрабавала адпаведнай згоды НКУС. Усё гэта, нароўні з рэпрэсіямі, завяршае сумны вобраз палітыкі, што праводзілі бальшавікі на нядаўна далучаных землях.


Савецкая машына прапаганды на працягу дзесяцігоддзяў прадстаўляла дату 17 верасня 1939 года выключна з аднаго, зручнага для сябе пункту гледжання. Як дзень, калі беларусы былі вызвалены ад прыгнёту «белапалякаў». Сёння, нягледзячы на шматлікія публікацыі, навуковыя даследаванні і перад тварам відавочных фактаў, шматлікія дзеячы ўсё адно спрабуюць настойліва прадставіць гэта выключна як «вызваленчы акт». Але, нягледзячы на тое, што Беларусь сапраўды змагла нарэшце аб’яднацца праз 18 гадоў пасля ганебнай Рыжскай дамовы (якую самі ж бальшавікі тады і падпісалі, зусім не цікавячыся воляй беларускага народа), гэтае аб’яднанне суправаджалася арыштамі, гвалтам, тэрорам і велізарнаю колькасцю ахвяр сярод мясцовых жыхароў. Так што, пры ўсім жаданні, як бы таго камусьці не хацелася, вельмі цяжка ўбачыць у гэтай падзеі адныя толькі станоўчыя моманты. І найбольш яскрава ўсю трагічнасць таго, што адбылося 17 верасня 1939 года, дэманструе гаротны лёс Антона Іванавіча Луцкевіча.

Тэрыторыя Заходняй Беларусі, далучаная да БССР (вылучаная аранжавым) у рамках сучасных межаў Рэспублікі Беларусь. Крыніца: wikipedia.org

Тэрыторыя Заходняй Беларусі, далучаная да БССР (вылучаная аранжавым) у рамках сучасных межаў Рэспублікі Беларусь. Крыніца: wikipedia.org