Прачнуцца ў СССР

У верасні 1939 года заходнікі ляглі спаць у Другой Рэчы Паспалітай, а прачнуліся ў Савецкім Саюзе. Насельніцтва «Заходняй» па-рознаму паставілася да рэзкай перамены ўлады. Радаваліся бяднейшыя, каму не было чаго губляць. «Наш гарманіст Рыдачка сустракаў Саветы, начапіўшы на чапяльнік чырвоную майку», — згадвае Ніна Лявончык.

19 верасня 1939 года, горад Маладзечна. Сялянка вітае чырвонаармейцаў. Фота ТАСС. Крыніца: inbelhist.org

19 верасня 1939 года, горад Маладзечна. Сялянка вітае чырвонаармейцаў. Фота ТАСС. Крыніца: inbelhist.org


З польскай шляхетнасцю я пазнаёмілася ў сямнаццаць гадоў, калі мяне, старшакласніцу, маці з Янушкавічаў выправіла ў «Заходнюю» на першае ў жыцці вяселле. Чужая кампанія, чужая вёска, і жаніўся там невядома хто і з кім, а вось жа запомнілася даўняя паездка. 

Восеньскай парою, па непраходнай гразі моладзь перабіралася з адной хаты ў другую, і мясцовыя кавалеры адзін перад адным, навыперадкі, даставалі з кішэняў бялюткія хусцінкі ды кідалі дзяўчатам пад туфелькі. Я аж адхіснулася ад такой гжэчнасці! Нязвыкла было і дзіўна. За хлапечай малайцаватасцю адчувалася старажытная традыцыя, запазычаная ў шляхты.

Мяжа

Пра Заходнюю Беларусь я чула толькі краем вуха — калі хтосьці адтуль прыязджаў ці, наадварот, ездзіў у Пуцілава, Вілейку, Даўгінава... На Лагойшчыне называлі толькі па-руску — «Западная». Да маці наведвалася знаёмая бабуля, якая ў гаворцы ўжывала слова «цёнгле». Я ведала, што яна адтуль. У школе пра блізкую былую мяжу ніхто з настаўнікаў не згадваў. Дваццаць год прайшло з часу ўз’яднання, як бы і не помнілася… Між тым дзяржаўная мяжа з Польшчай праходзіла побач: за Калачамі і Крамянцом.

Не тое што Лагойшчына ды суседні Плешчаніцкі раён (у 1962-м злучаны ў адзін) — Мінск лічыўся памежным горадам. Рыжскі мір заключылі толькі тады, калі польскія жаўнеры дайшлі да Ракава і Волмы. Так беларусам адгукнуўся няўдалы паход Чырвонай Арміі на Варшаву: яны на дваццаць гадоў апынуліся ў розных лагерах. Мяжа падзяліла родзічаў, парушыла сваяцкія і эканамічныя сувязі. Па першым часе нейкія кантакты дазваляліся. Прынамсі, на пераходы мяжы дзеля заробку пагранічнікі закрывалі вочы. У Рацькавічах ладзіліся сумесныя кірмашы для жыхароў памежжа. Ведалі заходнікі і пра Янушкавічы; недзе тут быў афіцыйны пункт пераходу.

«На заставу «Чарнічкі» любілі хадзіць дзяўчаты, бо там ладзілі танцы пад духавы аркестр. Мяжа праходзіла па рэчцы, за ёй — вёска Трасцяніца, «Западная» ўжо. Там жыла бабуліна сястра з дзецьмі. Памежнікі нам дазвалялі збірацца і размаўляць цераз вузкую рэчку», — згадвае Ніна Сталярова з вёскі Атрубак Бягомльскага раёна.

«Мамін дзед, сталяр, з Ізбішча хадзіў за кардон у заробкі. Калі свае маглі прапусціць «за так», то польскім пагранцам неслі яйкі і сала. У дзеда раслі чатыры дочкі, дык прыносіў ён звычайна паркаль і іншую матэрыю на сукенкі», — кажа Аляксандр Гарохавік.

Пра мяжу каля Заслаўя гаварылі так: «Пераскочым канаву — мы на танцах у палякаў. Пераскочаць палякі — на танцах у нас».

Савецкі плакат 1939 годаВёска Студзёнка Вілейскага раёна. Жэніцца былы жаўнер польскай арміі,вярнуўшыся з нямецкага палону. З асабістага архіву М.Ф.Саўчыца

Савецкі плакат 1939 годаВёска Студзёнка Вілейскага раёна. Жэніцца былы жаўнер польскай арміі,
вярнуўшыся з нямецкага палону. З асабістага архіву М.Ф.Саўчыца


«Няпольскія» палякі

Сапраўдных, этнічных палякаў па той бок мяжы было няшмат — у асноўным гэта былі асаднікі-каланісты, вайсковыя і цывільныя. Але ўсіх сваіх суайчыннікаў, што апынуліся ў буржуазнай Польшчы, «усходнікі» з цягам часу пачалі залічваць да палякаў. І не выпадкова. У далучаных рэгіёнах палітыка апалячвання праводзілася па лініі асветы, рэлігіі і культуры.

Школа перавучвала маленькіх беларусаў (навучанне вялося толькі па-польску), касцёл — дарослых. Кожны каталік аўтаматычна рабіўся «полякам», змена нацыянальнасці была часткай дзяржаўнай палітыкі. Касцёлы перадавалі польскі дух, як праваслаўная царква перадае рускі.

У «Заходняй» існавала і дыскрымінацыя па веравызнанні. Праваслаўны настаўнік не мог стаць дырэктарам школы, як не мог праваслаўны юнак атрымаць вышэйшую адукацыю ў Варшаве. Не было для «рускіх» і кар’ернага росту на вайсковай службе. На самадзейным канцэрце спяваць і чытаць вершы дазвалялася толькі па-польску — інакш атрымаеш бізуна. Большасць з тых, хто сёння лічыць сябе палякам, і нават атрымаў «карту паляка», — гэта спольшчаныя, перапісаныя ксяндзамі нашы суайчыннікі.

Ураджэнка вёскі Мачулішчы Тамара Васілевіч успамінае, як у 1970-х гадах, едучы на бацькаўшчыну, пазнаёмілася ў аўтобусе з немаладым палякам. З настальгіяй аглядаў ён знаёмыя з маленства краявіды: «Я тут нарадзіўся. Наша зямля тут была, польская…»

«Шасталі туды-сюды»

У СССР існавала цэлая сетка дыверсійных школ, дзе рыхтаваліся кадры для падпольнай дзейнасці на польскай тэрыторыі. Іх мэтай была арганізацыя партызанскіх атрадаў і разнастайныя дыверсіі. Палякі ўзмацнялі сваю памежную службу, з другой паловы 1930-х рэжым аховы «рыжскай мяжы» з савецкага боку таксама стаў больш строгім. Што не перашкаджала незаконна пераходзіць мяжу ўзброеным агентам як з гэтага, так і з таго боку.

Праўдамі і няпраўдамі праз мяжу хадзілі і жыхары памежжа. У Янушкавічы з Даўгінава не раз прыходзіла сястра Міхалкі Саўрыцкага Матруна з «цаглінкамі» масла на продаж. «Пераходзілі мяжу па балоце або лесе, мянялі прадукты на соль, запалкі, крамную вопратку і ў змену таго ж стражніка вярталіся», — згадвае Міхась Конан. — Як бачым, ва ўсе часы з пагранічнікамі можна было «дамовіцца па-добраму».

Існавала распараджэнне, што мясцовыя павінны дакладаць пра незнаёмых. Школьнікі з Сакавіч мелі пачэсны абавязак рэгулярна заграбаць пагранічную паласу. Жыхары Камена па чарзе неслі начную варту. Каля Баброў памежнікі застрэлілі дзяўчыну з Лукаўца, якая спяшалася на спатканне з хлопцам — прынялі за шпіёнку. Зразумеўшы памылку, па-дзікунску закапалі і закідалі ламаччам.

Адносна парушэнняў дзяржаўнай мяжы друкаваліся лічбы статыстыкі. На перыяд з 1921 па 1935 год на савецка-польскай мяжы было затрымана «4902 шпіёны, 550 дыверсантаў і 13656 кантрабандыстаў», піша Ігар Мельнікаў. Першая з лічбаў у канцы 1930-х магла значна падрасці з дапамогай карных органаў: абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Польшчы было тыповай з’явай. Цётка з Даўгінава належала да «кантрабандыстаў», хаця ў афіцыйную лічбу не ўвайшла.

Саветы агітавалі, клікалі да сябе, абяцалі рай на зямлі. Моладзь з польскага боку збягала на Усход у пошуках лепшай долі. Многія з перабежчыкаў потым бясследна зніклі.

Польскія ўлады праводзілі аналагічную работу сярод насельніцтва «Крэсаў», інфармуючы пра рэпрэсіі ў краіне Саветаў. Калі мы набылі сядзібу ў Валожынскім раёне, на рэштках старой пабудовы знайшлі схоў са старымі газетамі на рускай мове. Гэта было польскае антысавецкае выданне, якое трапляла ў рукі селяніна. Так што сітуацыя на польска-савецкай мяжы была напружанай.

plakat_2.jpg

Савецкі плакат 1939 года


Прачнуцца ў СССР

У верасні 1939 года заходнікі ляглі спаць у Другой Рэчы Паспалітай, а прачнуліся ў Савецкім Саюзе. Чырвоная Армія перайшла мяжу так ціха, што ніхто нічога не пачуў. «На працягу дня Саветы занялі 50 кіламетраў памежнай тэрыторыі. Яны дзейнічалі ў накірунках Глыбокае — Свянцяны, Вілейка — Ашмяны, Маладзечна — Валожын — Ліда», — піша Ігар Мельнікаў.

Рацькаўцы памятаюць, як з польскай заставы ў Мачулішчах разбіралі рэчы і выносілі мэблю. Прафесар Міхась Савіцкі ўспамінае: «Кашары ноччу згарэлі, а дзе падзеліся польскія жаўнеры, так і засталося загадкай для навакольных жыхароў». Кашарамі, або кашаркамі, называлі казармы. У Даўгінава ў былой кашары дасюль знаходзіцца бальніца.

Польскія жаўнеры практычна не аказвалі Чырвонай Арміі супраціву. Значная іх частка (у тым ліку заходнія беларусы і заходнія ўкраінцы) палегла бліз Смаленска з прастрэленымі галовамі. Была знішчана эліта нацыі: чыноўнікі, суддзі, медыкі, афіцэры рэзерву (запасу). А на абеліску ў Катыні красаваўся ілжывы надпіс: «Жертвам фашизма — польским офицерам».

У катынскім лагеры пабываў бацька настаўніцы Алы Вісловіч Аляксандр Карповіч. «Малодшых чыноў трымалі за дротам асобна. Кармілі раз на суткі: маглі пакарміць сёння зранку і заўтра ўвечар. Потым малодшы склад адпусцілі на ўсе чатыры бакі. Добра, што бацька не адзін быў, а з земляком. Неяк дабраліся яны да Будслава. Бацька апух з голаду, не мог ісці. А там на станцыі людзі з падводамі разбіралі соль. Ніхто не хацеў чужога чалавека браць на воз — тады ж солі менш памесціцца… Адзін яўрэй зжаліўся: узяў бацьку і давёз да самага дома», — распавядае Ала Вісловіч.

Рай для гультаёў

Насельніцтва «Заходняй» па-рознаму паставілася да рэзкай перамены ўлады. Радаваліся бяднейшыя, каму не было чаго губляць. «Наш гарманіст Рыдачка сустракаў Саветы, начапіўшы на чапяльнік чырвоную майку», — згадвае Ніна Лявончык.

«Ніякага фронту не было, усё прайшло мірна. Прыйшлі бальшавікі. Тата ўзяў мяне з сабою і павёў глядзець, як па дарозе суцэльным патокам ішлі машыны. Мы пры паляках аўтамабіляў наогул не бачылі. Пачуцці радасці і гонару перапаўнялі кожнага. У нас у вёсцы заўсёды было вельмі цяжка з запалкамі. Тут жа завезлі іх поўнымі горамі. Усе пабеглі за імі. Да запалак кожнаму давалі кілаграм проса. Завалілі нас крупамі. Бальшавікі лічылі, што мы пад польскім прыгнётам паміралі з голаду. Вядома, гэта перабольшанне, у нас жа ўсё сваё мелася, жылі ж аднаасобна, у кожнага ўчастак», — успамінае А.І. Макрыцкая (Лушцік) на расійскім сайце «Я помню».

Працяг будзе