Не выйшаў на волю святар, які ў 2020 годзе служыў паніхіду па Рамане Бандарэнку

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў не выйшаў на свабоду пасля 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэты тэрмін, накладзены на яго 1 верасня, мінаў 14 верасня, паведамляе «Хрысціянская візія».

photo_2022_09_01_16_25_43_9md8s.jpg

Сёння стала вядома, што святар асуджаны яшчэ на 15 сутак. Падставай паслужыў рэпост з медыя, прызнанага «экстрэмісцкім».

Раней паведамлялася, што супраць святара заведзена крымінальная справа.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі.

У 2020 годзе ён служыў на «Плошчы перамен» паніхіду па забітым сілавікамі Рамане Бандарэнку, пазней абвяшчаў галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што святара, які таксама дапамагаў украінскім уцекачам, пераследуюць нібыта за збор сродкаў для УСУ. Супраць Багамольнікава ў інтэрнэце прапаганда разгарнула цэлую кампанію цкавання і пагроз.