Хронікі рэпрэсій. Сілавікі ізноў ідуць па журналістаў, а гісторыя Беларусі прызнаецца «экстрэмісцкай»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 16 верасня.
Галоўнага рэдактара анлайн-газеты «Бабруйскі кур’ер» Анатоля Санаценкуарыштавалі на 15 сутак. Падрабязнасці і прычыны затрымання невядомыя. Інфармацыі пра тое, дзе і калі быў суд, таксама няма. Сваякі затрыманага ўскосна пацвердзілі, што не ўсё ў парадку, але не сталі нічога распавядаць — асцерагаюцца праслухоўвання.
Былога тэлевядучага і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрыя Семчанку разам з жонкай затрымалі ўчора ў Мінску. Юлію пазней адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда. Сёння мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»), а Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічынь) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.
У верасні 2020 года Семчанку арыштоўвалі на 15 сутак. Тады яго затрымалі дома «людзі ў масках».
Затрымалі журналіста «Прэсбола» Андрэя Ільеню. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале спартыўны аглядальнік Мікалай Іваноў. Па яго словах, Ільеню затрымалі 14 верасня і арыштавалі на 10 сутак. За што — не паведамляецца. Ільеня працуе каментатарам на матчах чэмпіянату Беларусі на беларускай мове.
Да маці журналіста і краязнаўца Паазер’я Кастуся Шыталя прыходзілі сілавікі.
«Сёння да маці прыходзілі сілавікі. Яна жыве ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёна. Я ў яе доме прапісаны, але не жыву там з 2008 года і ніякіх маіх рэчаў там няма, — напісаў Шыталь у Фэйсбуку. — Прыехалі пяць чалавек, двое з іх у бронекамізэльках, на таніраваным бусе. Паклікалі суседзяў у якасці панятых. Паказалі нейкую паперу (відаць, пастанову на агляд або ператрус), але маці не запомніла, што там было напісана. Што хацелі — незразумела. Нічога з хаты не забралі. Маці не затрымлівалі. Ніякіх папер не пакінулі. Прасілі перадаць, каб я вяртаўся ў Беларусь — маўляў, «мы з ім проста пагаворым». З якой структуры былі няпрошаныя госці — незразумела», — напісаў Кастусь Шыталь.
Кастусь Шыталь год таму пакінуў Беларусь. Ëн выехаў пасля таго, як яго сталі цягаць на допыты па крымінальнай справе пра докшыцкія лакальныя чаты.
Увогуле, па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за апошнія тры дні да рэгіянальных журналістаў ізноў пачалі прыходзіць сілавікі. Як мінімум у трох гарадах Беларусі адбылося не менш за пяць ператрусаў, а некаторыя атрымалі выклікі ў міліцыю.
У Гомелі затрымалі інжынера па тэхніцы бяспекі. Аляксандру Прахарэнку інкрымінуюць арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 391 КК («Абраза суддзі»).
У Мінску затрымалі ўладальніка клуба «Мулен Руж». Ён адкрыў рэстаран 10 гадоў таму, быў таксама актывістам азербайджанскай дыяспары ў Беларусі. Мужчыну завуць Бахшы Ганбараў, і яму 55 гадоў. На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з ім. Сілавікі абвінавачваюць яго ў галасаванні за Ціханоўскую і ўдзеле ў зборы завадчан каля прахадной МТЗ у сярэдзіне жніўня 2020-га, адразу пасля вялікага маршу 16 жніўня. Што менавіта яму інкрымінуюць сілавікі і ці заведзеная супраць яго крымінальная справа — невядома.
Кніга «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX-XXI стст.» аўтара Анатоля Тараса, выдадзеная выдавецтвам «Харвест», прызнана «экстрэмісцкай». Такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 12 верасня 2022 года.
У траўні ўлады таксама знайшлі «экстрэмізм» у яшчэ адной кнізе аўтара — зборніку артыкулаў «Беларусь на раздарожжы».
КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ 15 чалавек, большасць з якіх — палітвязні.
Святара Уладзіслава Багамольнікава, які ў 2020 годзе праводзіў службу на «Плошчы Перамен» па Рамане Бандарэнку, зноў асудзілі.
31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Як паведамляе «Хрысціянская візія», 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і 15 верасня зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.
Нагадаем, Багамольнікаў — выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка.
Палітзняволенага Сяргея Канавалаваасудзілі да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён, нібыта, планаваў «акт тэрарызму». Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў.
Сяргей Канавалаў з’яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акта тэрарызму». Згодна з інфармацыяй МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.