«Рэйкаваму партызану» з Віцебска прысудзілі 15 гадоў
Палітзняволенага Сяргея Канавалава асудзілі да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён, нібыта, планаваў «акт тэрарызму». Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў, паведамляюць праваабаронцы.
Віцебскім абласным судом 16 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе аб наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, аб падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму і наўмыснага прывядзення ў непрыдатны стан сродкаў сувязі. Абвінавачаны — палітзняволены Сяргей Канавалаў.
Сяргей Канавалаў з’яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акта тэрарызму». Згодна з інфармацыяй МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
«Напярэдадні затрымання Канавалаў уступіў у канфлікт з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі Глячковым В. А. (з якім раней ужо канфліктаваў). Глячкоў з ведама начальніка дыстанцыі Селіёнава паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ аб падрыхтоўцы работнікам дыверсіі, у выніку чаго Канавалава арыштавалі без якіх-небудзь на тое рэальных падстаў».
Па інфармацыі МУС, Канавалаў меў доступ да ўказанага абсталявання, але, як піша «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.
А 7 ліпеня 2022 года КДБ унёс Сяргея Канавалава ў «Спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Судовы працэс распачаўся 24 жніўня ў закрытым рэжыме, таму акалічнасці справы пакуль невядомыя.
Сяргей Канавалаў прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, і па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады;
ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да здзяйснення іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў і іншых цяжкіх наступстваў з мэтай аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, запалохвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акта тэрарызму), учыненых групай асоб, і па ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 14 гадоў;
ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да наўмыснага прывядзення ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сувязі, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы, учыненыя з мэтай здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 289 і ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.
Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання, канчаткова прызначана абвінавачанаму Канавалаву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.