Хронікі палітычнага пераследу за 14 верасня
Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся ў краіне сёння, 14 верасня.
Агучаны прысуд палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну. Гродзенскі абласны суд прысудзіў Дзянісу 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі ў калоніі і штраф у памеры 150 базавых велічынь.
У Мінску затрымалі экскурсаводку Аксану Манкевіч. На «пакаяльным відэа» жанчына гаворыць, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» у 2020 годзе. Гэта трэцяе яе затрыманне за апошні год.
Стала вядома, што палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага амаль месяц трымаюць у ШІЗА жодзінскай турмы. Ён спіць на драўляных дошках без матраса, падушкі і коўдры, яму забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, лісты і перадачы таксама не даходзяць.
Па 15 сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі адвакату Міхаілу Макараву і яго жонцы Вікторыі Гульковай. Іх затрымалі ўчора. Макараў быў абаронцам у справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». Яго абвінавацілі ў «перадачы інфармацыі, якая складала таямніцу следства». На «пакаяльным відэа» адвакат прызнаўся ва «ўдзеле ў пратэстах» і «рэгістрацыі ў плане "Перамога"».
За каментар пра загінулых пад Баранавічамі лётчыкаў будуць судзіць 58-гадовага жыхара Лунінецкага раёна. Яго абвінавачваюць у «публічнай абразе прадстаўніка ўлады». Каментар у інтэрнэце мужчына пакінуў, калі знаходзіўся на тэрыторыі Расіі. Ён быў затрыманы па вяртанні ў Беларусь у лютым гэтага года.
Крымінальную справу завялі ў дачыненні да гомельскага актывіста Яўгена Меркіса — за нібыта «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч.1 арт.361 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Жонка аднаго з затрыманых інкасатараў «Белгазпрамбанка» расказала, што яе мужа пры затрыманні доўга збівалі, а ёй самой пагражалі тым, што адбяруць дзяцей. Адзін з сілавікоў стрэліў у сабаку. Яны называлі затрыманага і яго жонку «фашыстамі» і абвінавачвалі ў тым, што яны збіраліся ехаць ва Украіну.
Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек: Кацярыну Еўдакімаву, Уладзіслава Мальцава, Дар’ю Кароль, Рамана Багрыя, Іну Панову, Юрыя Караткевіча, Алега Кірычэнку, Арцёма Крылова і Паліну Палавінка. Усяго ў Беларусі, паводле версіі «Вясны», 1337 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1646 палітычных зняволеных, у тым ліку 198 жанчын і 8 непаўналетніх.