Міколу Дзядка бесперапынна ўтрымліваюць у штрафным ізалятары ўжо 44 дні

Палітвязня і аўтара «Новага часу» Міколу Дзядка ўтрымліваюць у штрафным ізалятары ўжо 44 дні. І, падаецца, выпускаць не плануюць. Прынамсі, да канца верасня.

dzjadok_6_1.jpg


Пра гэта піша тэлеграм-канал Мікалая Дзядка.

«Выпускаць з ШІЗА мяне, мабыць, не вельмі хочуць. За акт на дзень народзінаў атрымаў яшчэ 7 сутак. А 27 жніўня займаўся ёгай, сеў рабіць медытацыю і на мяне склалі новы акт — парушэнне формы адзення — яшчэ 7 сутак. У мяне павінен быць выхад 13 верасня. Але за 9 дзён да гэтага ў 6:20 раніцы зноў зайшлі ў камеру, і па ранейшай схеме. Сказалі павярнуцца тварам да сцяны і зрабіць даклад па форме, а калі я гэта зрабіў, склалі акт аб тым, што адмовіўся зрабіць даклад.

Увогуле, мабыць яшчэ і верасень буду ў ШІЗА. З надыходам халадоў стала трохі няўтульна, але я трымаюся і буду трымацца далей», — паведамляецца ў канале палітвязня.


Таксама Мікалай падзяліўся спісам кніг, якія ён прачытаў за апошнія тыдні, з кароткімі каментарамі да іх.

Палтаўцаў, «Ёга дзелавога чалавека»: Файны познесавецкі падручнік па ёзе, дарэчы, выдадзены ў Мінску. У мяне з ім звязаная цікавая гісторыя, іншым разам ужо напішу.

«Тысяча і адна ноч». Пісаў рэцэнзію ў папярэднім лісце, у агульным — вельмі карысна для пашырэння кругагляду.

Д. Ф. Купер, «Зверабой». Някепскі прыгодніцкі раман, нават з асуджэннем расізму, што даволі прагрэсіўна на той час.

Т. Драйзер, «Фінансіст». Вельмі круты і захапляльны раман. Аўтар у свой час — сябра кампартыі ЗША. Цікавая гісторыя банкіра і біржавага гульца. Гэткі «Воўк з Уол-Стрыт» 160 год таму.

Юльяна Пятрэнка. «Харунжы. Verbera Ventorum». Гістарычны раман ад маладой беларускай пісьменніцы. Там і каханне, і вайна, і нават крышачку фемінізму. Някепска, але я трошкі заблытаўся ў сюжэце.

Падтрымаць Міколу: 220023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Турма № 1, Дзядок Мікалай Аляксандравіч.