Дзяніс Івашын: Не хачу быць дэкарацыяй у гэтым цырку
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын атрымаў спатканне з маці. Людміла Мікалаеўна расказала «Новаму Часу», як прайшла іх першая за паўтара года сустрэча.
Палітвязню Дзянісу Івашыну, журналісту-расследавальніку і аўтару «Новага часу», 14 верасня суд Гродзенскага раёна прысудзіў 13 гадоў і 1 месяц калоніі, а таксама штраф у 150 базавых велічынь. Сёння Дзяніс атрымаў першае спатканне з маці.
Людміла Мікалаеўна кажа, што Дзяніс выглядае бадзёра, трымаецца на пазітыве і не верыць тым лічбам, якія ўчора агучыў суддзя. «Зарад бадзёрасці», паводле слоў жанчыны, перадаўся і ёй:
— Я засталася задаволеная спатканнем. Чакала ўбачыць Дзяніса ў горшым стане, але маё дзіця ўсё на пазітыве, ён яшчэ і мне добрага настрою задаў, таму я засталася вельмі задаволеная сустрэчай і размовай. І мне зараз нашмат лягчэй, бо, калі я яго не бачыла паўтара года, канешне, сказаць, што на душы коткі шкрабалі — гэта нічога не сказаць. Я вельмі перажывала, як ён выглядае, як сябе адчувае. Сёння, убачыўшы яго, паразмаўляўшы, я трохі супакоілася. У яго нязломны стрыжань.
На пытанне, як Дзяніс успрыняў свой прысуд, маці адказвае, што ён лічыць гэта смехам і цыркам: справа пабудаваная на здагадках — «дзесьці хтосьці, незразумела ў якім месцы — ніякай канкрэтыкі». Непрыемнай навіной для Людмілы Мікалаеўны было тое, што пракурорка запатрабавала на самой справе 9 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, але суддзі з нейкіх меркаванняў гэтага аказалася мала.
Ад удзелу ў судзе, гаворыць жанчына, Дзяніс увогуле адмовіўся:
— Сказаў, што не хоча быць вінцікам, дэкарацыяй у гэтым цырку. Гэта проста смех, проста цырк, у якім яго, на жаль, прымушалі ўдзельнічаць.
Таксама Дзяніс перадае вялікую падзяку ўсім, хто пра яго памятае, хто яму піша (але ён, на жаль, лістоў не атрымліваў і не атрымлівае). Асабліва адзначыў «Беларускую асацыяцыю журналістаў»: вялікі дзякуй ім за ўвагу да яго асобы. Агромністы дзякуй любімаму «Новаму Часу» і ўсім-усім неабыякавым, хто падтрымлівалі і дапамагалі нам чым маглі, гаворыць маці палітвязня.
Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў асудзілі вынесены Дзянісу Івашыну прысуд. Яны назвалі судовы працэс над Івашыным «чыстай вады пародыяй» і запатрабавалі неадкладнага вызвалення журналіста.