«Нельга ўвязвацца ў гандаль палітвязнямі». Святлана Ціханоўская сустрэлася з дыпламатамі 25 краін
Дыпламаты 25 краін узялі ўдзел у брыфінгу па сітуацыі ў Беларусі, які Святлана Ціханоўская правяла ў Вільні.

Сустрэча адбылася 14 верасня ў чэшскім пасольстве, паколькі Чэхія старшынюе ў Радзе ЕС, паведамляецца на сайце Святланы Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская выказала падтрымку Украіне ў сувязі з эфектыўным контрнаступам і адзначыла, што перамога Украіны можа адкрыць акно магчымасцей для перамен у Беларусі.
Святлана Ціханоўская распавяла дыпламатам, чаму, на яе думку, візавыя абмежаванні не павінны быць усеагульнымі, ды звярнула ўвагу, што магчымасць перамяшчацца праз мяжу дапамагае падтрымліваць сувязь паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто выехаў.
Яна выступіла супраць візавага бану ў дачыненні да беларусаў, але падтрымала ідэю забараніць уезд і перамяшчэнні ў ЕС супрацоўнікам урадавых структур, сілавікам, спецслужбам і прапагандыстам. Ціханоўская заклікала дыпламатаў не ўручаць даверчых грамат Лукашэнку, а накіроўваць у Беларусь часова павераных, якія, як правіла, даверчых грамат не ўручаюць.

Згадала яна і пра вязняў ды апошнія факты рэпрэсій улад супраць грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская згадала справы Марфы Рабковай, Рыгора Кастусёва і Аляксандра Фядуты, Алега Храмых, Ганны Тукавай.
Наконт магчымай амністыі 17 верасня яна агучыла прынцыповую пазіцыю: вызваленыя і рэабілітаваныя павінны быць усе, без ніякіх дадатковых умоў, і ўсе палітычныя справы мусяць быць закрытыя. Нельга ўвязвацца ў гандаль палітвязнямі.

Яна падзякавала дыпламатам за падтрымку беларусаў на міжнароднай арэне і стварэнне Кантактнай групы ў Радзе Еўропы. Ціханоўская адзначыла, што падобныя кантактныя групы павінны з’явіцца і ў іншых міжнародных структурах.
Удзел у сустрэчы бралі амбасадары і дыпламаты Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі.

