Святлана Ціханоўская: Голас беларусаў будзе гучаць у Радзе Еўропы
Рада Еўропы прыняла рашэнне пра стварэнне кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам. Такім чынам, Рада Еўропы падтрымала прапанову Святланы Ціханоўскай, якую яна агучыла падчас сустрэч з генеральным сакратаром РЕ і выступлення перад ПАРЕ.
![Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч](/img/v1/images/cihanouskaja_re.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч
Голас беларусаў будзе гучаць у Радзе Еўропы, паведаміла Святлана Ціханоўская і адзначыла, што цяпер у Радзе Еўропы з'явілася беларуская кантактная група.
Святлана Ціханоўская «вельмі ўсцешаная», што Рада Еўропы «вырашыла прыняць маю прапанову наконт стварэння кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю. Гэта яшчэ адзін важны крок да вяртання беларусаў на міжнародную арэну», — напісала яна ў твітары.
Ціханоўская адзначыла, што раней Рада Еўропы «адмовілася ад кантактаў з прадстаўнікамі нелегітымнага рэжыму на карысць дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Гэта выразны сігнал беларусам, што Рада Еўропы не прызнае рэжым Лукашэнкі». І адначасова Рада Еўропы мае намер супрацоўнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху ў інтарэсах усяго беларускага народа.
![Ціханоўская заявіла, што рэжым кажа пра амністыі толькі, калі спрабуе гандляваць закладнікамі Святлана Ціханоўская: «Не дайце рэжыму зрабіць яго паводзіны нормай»](/img/v1/images/nasta_lojka_3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Плануецца, што беларуская кантактная група будзе дапамагаць Радзе Еўропы ў выпрацоўцы пазіцыі па Беларусі, а таксама зможа каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў рамках розных праграм Рады Еўропы, рыхтаваць праекты рэформ і дэмакратычных пераўтварэнняў для новай Беларусі.
У кантактную групу ўвойдуць прадстаўнікі структур Рады Еўропы, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл. Склад кантактнай групы будзе яшчэ абмяркоўвацца.