Атрута, казіно, прафсаюз і манастыр. Кандыдаты на выбарах прэзыдэнта 2001

Дваццаць адзін год таму адбыліся другія выбары прэзідэнта Беларусі. Мы згадалі асобаў, якія вылучаліся на гэтую пасаду. Што было зь імі тады, што сталася сёньня.

Уладзімер Ганчарык у цэнтры

Безумоўна, цікавай асаблівасьцю тых, ужо далёкіх ад нас выбараў зьяўляўся лёзунг: выбары другога прэзыдэнта Беларусі. Тут прыгожа дзейнічала гульня словаў, бо плякаты друкаваліся па-беларуску, і на нашай мове «другога прэзыдэнта» прачытвалася як «іншага, не таго, які зараз». Насамрэч элекцыйная кампанія мусіла адбыцца праз 5 гадоў пасьля першых выбараў 1994, але нешта пайшло не так. Гарант канстытуцыі зрабіў зь яе растопку для свайго шклоўскага дома, напісаў новую і пачаў вылічваць свае паўнамоцтвы з 1996 года. Такім чынам мы і трапілі на выбары ў дваццаць першым стагодзьдзі. У дужках узгадаем спробу арганізацыі «альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта» нябожчыкам Віктарам Ганчаром у 1999 годзе, калі з двух кандыдатаў — Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка — большасьць галасоў атрымаў лідэр БНФ.

Хто былі гэтыя адважныя людзі ў 2001? Прайшло ўсяго два гады з моманту зьнікненьня і забойства генэрала Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Аляксандра Красоўскага.

Агулам 22 чалавекі падалі заявы ў ЦВК і атрымалі ад Ярмошынай права на збор патрэбных ста тысячаў подпісаў грамадзянаў.

Адразу вылучым так званую «пяцёрку» — асобы, што меліся вылучыць адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі. У гэты шэраг увайшлі Сямён Домаш,Уладзімер Ганчарык, Міхаіл Чыгір, Павал Казлоўскі і Сяргей Калякін.

Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі — генэрал, былы міністар абароны, далучыўся да пула прэтэндэнтаў на вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі ў 2000 годзе, не разглядаўся як галоўны прэтэндэнт на перамогу, але сваёй прысутнасьцю дадаваў палітычнай вагі працэсу. Падчас збору подпісаў стала зразумела, што генэрал не зможа назьбіраць патрэбныя сто тысячаў падпісантаў. Гэта і засьведчылі фінальныя 79 тысячаў, якія зарэгістраваў ЦВК.


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін — вечны лідэр кампартыі Беларусі. Пачаў у 1996, працягвае і сёньня. Калякін быў невідавочным удзельнікам кааліцыі дэмакратычных прэтэндэнтаў. Яго ўдзел выклікаў зразумелыя пытаньні ў шэрагах правых. Прыхільнікі камуністаў здолелі амаль пераадолець неабходную рысу ў колькасьці подпісаў. У выніку Сяргей Калякін не быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата. Сёньня ён працягвае кіраваць камуністамі, якія абнавілі сваю назву. Зараз гэта «Беларуская партыя аб’яднаных левых. Справядлівы Сьвет».


Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір — прэм’ер-міністар Беларусі, які пайшоў у адстаўку ў сувязі з нязгодай з палітыкай Лукашэнкі. На мяжы тысячагодзьдзяў — адзін з самых пазнавальных і папулярных беларускіх палітыкаў. У 1999 пасьпеў правесьці 8 месяцаў у зьняволеньні. Чыгір увайшоў у партыю АГП і карыстаўся яе падтрымкай на этапе збору галасоў. Што цікава, яшчэ напрыканцы 2000 ён быў запрошаны разам з Сяргеем Гайдукевічам у Маскву, на цэнтральны тэлеканал у прайм-тайм, як патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта. Міхаіл Чыгір застаўся з 85 тысячамі зацьверджаных подпісаў і падтрымаў вылучэньне Ўладзімера Ганчарыка ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі. Пасьля выбараў адбыўся шэраг судовых працэсаў у адносінах да Чыгіра і яго сям’і. Сын Міхаіла Аляксандар у 2002 быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўленьня волі, выйшаў праз 2 гады па амністыі.


Сямён Домаш і Уладзімер Ганчарык

Сямён Домаш і Уладзімер Ганчарык

Сямён Домаш — вылучэнец, які здабыў вялікую народную падтрымку. Назьбіраў 160 тысячаў подпісаў, быў зарэгістраваны кандыдатам, але вымушаны саступіць Ганчарыку на апошнім этапе. «Дом наш — Беларусь!» — такі лёзунг прыдумалі ў камандзе былога кіраўніка Гарадзенскай вобласьці, яшчэ да Лукашэнкі. 


Падчас працы ў заходнім рэгіёне намесьнікам Домаша быў наступны адзіны кандыдат ад апазыцыі — Аляксандар Мілінкевіч. У пэўны час хадзілі чуткі, што Домаш увойдзе ў БНФ і ўзначаліць партыю. Але гэтага не спатрэбілася — актывісты і кіраўніцтва Фронту амаль адзінагалосна падтрымлівалі кандыдатуру Сямёна Домаша. Пасьля рэгістрацыі кандыдатам, падчас выступу на БТ, Домаш выпіў вады, што стаяла ля яго месца прамовы. У хуткім часе ён быў дастаўлены ў шпіталь з прыкметамі атручваньня. 21 ліпеня на сходзе кандыдатаў ад «пяцёркі» было вырашана падтрымаць асобу Ўладзімера Ганчарыка. Сямён Домаш, як і было дамоўлена, выканаў сваё абяцаньне працаваць на адзінага кандыдата. Домаш стаў першым і адзіным кандыдатам у гісторыі выбараў прэзыдэнта Беларусі, які быў зарэгістраваны, а потым зьняў сваю кандыдатуру. Моцны ўчынак.

Пасьля выбараў Сямён Домаш адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці, рэдка даваў кароткія камэнтары, у якіх не згадваў пра свой палітычны досьвед. Памёр у 2019 годзе.


Уладзімер Ганчарык у цэнтры

Уладзімер Ганчарык у цэнтры

Уладзімер Ганчарык — той, хто мусіў зваліць дракона. Пераможца доўгага працэсу пошукаў адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі. Чалавек, які кіраваў Федэрацыяй прафсаюзаў. Наменклатуршчык, які не стаў рэвалюцыянэрам. Кандыдат, які ўвечары пасьля выбараў заклікаў сваіх прыхільнікаў на Кастрычніцкай плошчы разыйсьціся. Чаму і як выбар быў зроблены на карысьць Ганчарыка? Адным з чыньнікаў было памылковае ўяўленьне аб магчымым наменклатурным перавароце. Іншы аспект — менавіта ў рукі гэтага кандыдата трапілі дакумэнты ад Алега Алкаева, датычныя абставінаў выкраданьня палітыкаў у 1999 годзе. Іх публікацыя ў незалежных медыя мела вялізны розгалас. Варта прызнаць, што разьлік на прафсаюзнага функцыянэра быў правальны і не прынес ніякага станоўчага выніку. На наступных выбарах у 2006 падтрымліваў Аляксандра Казуліна. У наш час 82-х гадовы палітык раз-пораз выказваецца пра актуальныя падзеі.


Блізкія па духу да вялікай «пяцёркі»: Міхаіл Марыніч, Аляксандар Ярашук, Сяргей Скрабец, Сяргей Антончык, Валер Леванеўскі.

Сяргей Антончык

Сяргей Антончык

Сяргей Антончык, сябар КХП-БНФ заявіў падчас збору подпісаў, што ён мае больш за 100 тысячаў, але перадаваць у ЦВК іх ня будзе. Замест гэтага ён зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Міхаіла Марыніча. Сяргей Антончык зьбіраўся такім чынам паказаць «сапраўдную працу» па дасягненьні еднасьці ў пытаньні выбара адзінага кандыдата. Пасьля выбараў 2001 і дагэтуль былога дэпутата ад БНФ у Вярхоўным Савеце рэгулярна затрымліваюць.


Міхаіл Марыніч

Міхаіл Марыніч

Міхаіл Марыніч, які заручыўся падтрымкай Антончыка, змог атрымаць 91 тысячу подпісаў, што прызнаў ЦВК. Марыніч у 1990-1991 быў старшынём Мінгарвыканкаму, у 1994 — міністрам зьнешніх эканамічных сувязяў, а на момант выбараў — надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Міхаіл Марыніч падаў у адстаўку з пасады амбасадара, каб удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Такі выклік з боку дзейнага высокага дыплямата не застаўся без наступстваў. У 2004 Марыніча арыштавалі і прысудзілі да 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Адзін з самых знакамітых палітвязьняў 2000-х. Памёр у 2014 годзе.

Наступнай катэгорыяй ідуць тыя прэтэндэнты, чыя прыналежнасьць да так званай «рукі Масквы» шырока абмяркоўвалася. Гэта Сяргей Гайдукевіч, Леанід Сініцын і Натальля Машэрава.


Натальля Машэрава

Натальля Машэрава

Дачка легендарнага Пятра Машэрава зьдзівіла беларускае грамадзтва ў 2001, калі вырашыла вылучыць сваю сьціплую кандыдатуру на самую высокую пасаду. Разьлік мусіў быць не на ўласнае імя, але на прозьвішча, якое выклікала нафталінавую настальгію ў значнай часткі беларусаў. 22 гады яна выкладала савецкую літаратуру ў БДУ, у 2000 годзе яе прызначылі ў палату прадстаўнікоў. Гэты быў цікавы крок на электаральным полі, якое ўжо замацоўвалася за парушальнікам канстытуцыі. Больш савецкая, чым Лукашэнка.

У вайне брэндаў — Машэраў супраць Лукашэнкі — вельмі невідавочна, хто атрымаў бы перамогу. За Натальляй Машэравай не выглядвала ніякай беларускай сілы, якая магла б узяць на сябе арганізацыю кампаніі і раскруткі новага твара ў палітыцы. За дачкой чырвонага правадыра стаялі ўплывовыя асобы з Усходу. Але на сярэдзіне этапу збору подпісаў досыць нечакана дачка Машэрава заяўляе аб выхадзе з гонкі. Як сцвярджаў Аляксандар Фядута, на Машэраву «націснулі» адносна яе сям’і. На расейскім тэлебачаньні за гадзіну да паказу адмянілі выпуск праграмы, дзе Машэраву павінны былі паказаць як «дастойную прэтэндэнтку і дачку свайго бацькі». Пасьля пасьпела папрацаваць у парлямэнцкім сходзе так званага «саюза Беларусі і Расеі». «Служу саюзнай дзяржаве», — сказала Машэрава ў 2018, калі атрымлівала мэдаль.


Леанід Сініцын

Леанід Сініцын

Леанід Сініцын у свой час быў першым кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі, пасьля гэтага дарос да віцэ-прэм’ера. Быў пасьлядоўным прыхільнікам ідэі максімальнай эканамічнай і палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Пасьля сканчэньня служэньня аднаму пану перайшоў на працу ў Крэмль, у кіраваньне справамі прэзыдэнта Расеі. У 2001 вылучыў сваю кандыдатуру на выбары. Гэты кадр нібы назьбіраў 80 тысячаў подпісаў. У наш час працягвае выступаць за «Расею і Беларусь разам».

Сяргей Гайдукевіч. Верагодна, абыйдземся толькі здымкамі.

Сяргей Гайдукевіч. Фота Паўла Хадзінскага

Сяргей Гайдукевіч. Фота Паўла Хадзінскага

Сяргей Гайдукевіч. Фота Паўла Хадзінскага

Сяргей Гайдукевіч. Фота Паўла Хадзінскага


Асобнай катэгорыяй ідзе Зянон Пазьняк.

Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк

Лідэр Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ад пачатку 2001 года заявіў, што ідзе на выбары самастойна, і падтрымліваць іншых дэмакратычна настроеных кандыдатаў яго каманда ня будзе. Пазьняк здолеў назьбіраць 105 тысячаў подпісаў, зь якіх каля 30 тысячаў ярмошынскі ЦВК прызнаў несапраўднымі, і ў сувязі з гэтым не зарэгістраваў яго кандыдатам. У адказ на гэта Зянон Пазьняк заклікаў на выбарах прыйсьці і перакрэсьліць усе прозьвішчы. Гэта, на яго думку, павінна было прывесьці да таго, што 9 верасьня ніхто не будзе абраны прэзыдэнтам, а праз тры месяцы мусілі прайсьці паўторныя выбары, на якіх плянавалася перамагчы дыктатара.

Сёньня Зянон Станіслававіч працягвае крытыкаваць амаль усіх, за выключэньнем Валерыя Сахашчыка, прадстаўніка кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай па абароне.

Прэтэндэнты, якія не пакінулі значнага палітычнага сьледу, хаця і сярод іх былі цікавыя прадстаўнікі: Юры Данькоў, Канстантын Канановіч, Леанід Калугін, Валянцін Сямак, Мікалай Мякека, Віктар Цярэшчанка, Яўген Крыжаноўскі.

Яўген Крыжаноўскі

Яўген Крыжаноўскі

З апошняга ў гэтай катэгорыі і пачнем. Яўген Крыжаноўскі ў 2001 годзе быў сапраўдным сэлебрыці, яго рэгулярна паказвалі па БТ, дзе Крыжаноўскі быў стваральнікам гумарыстычных праграмаў, у якіх удзельнічаў яго тэатар гумару «Хрыстафор». Пасьля Рональда Рэйгана, і перад Уладзімерам Зяленскім — Крыжаноўскі мог стаць у шэраг кіраўнікоў дзяржаваў з утульнага месца актора. Адзін выпадак зь яго збору подпісаў: прэтэндэнт зьявіўся са сваёй камандай на Чэрвеньскім кірмашы ў Менску ў нядзелю. У той час гэта было адно з самых наведвальных месцаў сталіцы, дзе тысячы людзей імкнуліся апрануцца ў «замежныя брэнды» па прываблівых коштах. Яўген Крыжаноўскі зьяўляецца на цэнтральным праходзе — і гандаль спыняецца. Людзі абступілі зорку, бралі аўтографы, пакідалі свае ўзамен. Па выніку комік здаў у ЦВК роўна нуль подпісаў, выкарыстаўшы гэтую кампанію як піяр-ход свайго тэатру. Такі крок можна зразумець, складаней зразумець далейшае палітычнае жыцьцё Крыжаноўскага: ён увайшоў у Ліберальна-Дэмакратычную партыю Гайдукевіча, і ўдзельнічаў у рознага кшталту партыйных актыўнасьцях. Зрэшты, больш у выбарах прэзыдэнта Яўген Крыжаноўскі ня ўдзельнічаў, ЛДП вылучала іншых комікаў.


Юры Данькоў

Юры Данькоў

Юры Данькоў у 2001 кіраваў тагачаснай Зыбіцкай, а дакладней усяго адной установай у раёне Нямігі — знакамітым на той час «Данькоў-клюбам». Гэта было месца, дзе, паводле расповядаў і пазьнейшых крымінальных справаў, быў Садом і Гамора. Прыемнай зьнешнасьці паненкі радавалі любой зьнешнасьці мужчынаў. У гэтым жа месцы працавала і казіно. За час збору подпісаў адданыя прыхільнікі Данькова аднеслі ў ЦВК ажно 80 тысячаў подпісаў. Праўда, моцна спаліліся, калі дадавалі ў падпісныя лісты падлеткаў і неіснуючых асобаў. Сярод падпісантаў дзівосным чынам апынулася і чалец ярмошынскага выбаркаму са сваёй сям’ёй, што вельмі засмуціла гэтую жанчыну. У выніку прэтэндэнту залічылі 62 тысячы галасоў, чаго відавочна не хапіла. У 2012 Юрыя Данькова арыштавалі, яму прысудзілі восем гадоў у вязьніцы. «Данькоў-клюб» забралі. У 2021 годзе ковід стаў прычынай сьмерці былога бізнэсоўца.


Леанід Калугін

Леанід Калугін

Леанід Калугін у 2001 працаваў дырэктарам буйнога прадпрыемства — завода «Атлянт», які выпускае знакамітыя лядоўні. Яго ініцыятыўная група здолела назьбіраць 91 тысячу подпісаў, крыху недасягнуўшы запаветнай сотні. Такой непавагі ад кіраўніка прадпрыемств, самой спробы вылучэньня рэжым не змог праглынуць. Ужо напрыканцы 2001 Леанід Калугін быў арыштаваны і звольнены з пасады. Яго абвінавачваньне прывяло да вельмі працяглага расследваньня, падчас якога былы дырэктар знаходзіўся за кратамі. У выніку прыйшлі да высновы, што парушэньня закону з боку Калугіна не было, і яго адпусьцілі. Былы прэтэндэнт на прэзыдэнта зьмяніў імя на Нікан і стаў манахам у 2005 годзе.

Канстанцін Канановіч запомніўся хіба толькі тым, што прынес у ЦВК 117 тысячаў подпісаў, назьбіраных у адным Першамайскім раёне сталіцы. «Някепска!» — падумаеце вы. Толькі адна праблема — падпісныя лісты былі без прозьвішчаў, імёнаў і адрэсаў.

Прыблізна па схеме Канановіча папрацаваў і цэлы цэнтарвыбаркам.