Першы міністр абароны — генерал Павел Казлоўскі

У сувязі з трагедыяй у Печах, прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў абвінаваціў былога міністра абароны Паўла Казлоўскага. Маўляў, у час яго камандавання Узброенымі Сіламі там быццам бы гінулі штогод па сто чалавек. Ці праўда гэта? І што зрабіў на сваёй пасадзе першы незалежны міністр абароны Беларусі?

Прысяга на плошчы Незалежнасці ў Мінску 8 верасня 1992 года

Прысяга на плошчы Незалежнасці ў Мінску 8 верасня 1992 года



На чале беларускага войска

 Пасля развалу СССР адным з галоўных пытанняў незалежнай Беларусі стала стварэнне ўласнага войска. Праз тры дні пасля канстатацыі распаду СССР у Белавежскай пушчы, 11 снежня 1991 года ў краіне паўстала міністэрства па справах абароны. Яго ўзначаліў генерал-лейтэнант Пётр Чавус. І роўна праз месяц Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб Узброеных Сілах, якія дыслакуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле яе, кантроль над усімі Узброенымі Сіламі (акрамя стратэгічных) даручаўся камандуючаму Беларускай ваеннай акругай генерал-палкоўніку Анатолю Кастэнку.

Пётр Чавус 20 студзеня 1992 года быў прызначаны выконваючым абавязкі міністра абароны, аднак пытанне з галоўным ваенным кіраўніком заставалася адкрытым.

Генерал Пётр Чавус

Генерал Пётр Чавус

24 сакавіка 1992 года дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання Генадзь Лавіцкі (з лютага па ліпень 1994 года — шэф КДБ) апублікаваў у «Народнай газеце» артыкул, у якім разважаў пра тое, што міністрам абароны павінна стаць цывільная асоба. Яна, на думку Лавіцкага, адрознівалася б ад вайскоўца «большей степенью демократизма, творчества, независимостью суждений». Тым не менш, 22 красавіка 1992 года на пасадзе міністра абароны парламентам быў зацверджаны генерал-лейтэнант Павел Казлоўскі, які набраў на сваю карысць 215 дэпутацкіх галасоў пры неабходным кворуме ў 174.

Казлоўскі працаваў начальнікам штаба Беларускай ваеннай акругі і абвінавачваўся дэмакратычным сіламі ў падтрымцы путчыстаў у жніўні 1991 года. У прыватнасці, у выніковым дакладзе часовай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па ацэнцы дзеянняў членаў ГКЧП і падтрымаўшых іх грамадска-палітычных аб’яднанняў, органаў дзяржаўнай улады, службовых асобаў і грамадзян канстатавалася «невозможным пребывание П.П. Козловского в должности» (дарэчы, як і Кастэнкі).

Цяжкая і вымушаная рэформа

Менавіта Казлоўскі фактычна ствараў беларускае войска — на тым падмурку, які яму дастаўся ў спадчыну. Галоўным яго крокам было скарачэнне арміі і вайсковых структур. На першай прэс-канферэнцыі ў якасці міністра ў маі 1992 года Казлоўскізаявіў, што колькасць апарата Міністэрства абароны плануецца скараціць на 15–20%, а генеральскіх пасадаў будзе на 30–40% меней, чым было ў Беларускай ваеннай акрузе. Таксама планавалася скараціць 61 вайсковую частку і звольніць 20–22 тысячы афіцэраў і прапаршчыкаў.

 Міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павел Казлоўскі.

 Міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павел Казлоўскі.

На нарадзе-семінары старшынь выканаўчых камітэтаў мясцовых саветаў 19 сакавіка 1993 года Павел Казлоўскі заявіў, што Узброеныя Сілы скарочаныя са 130 да 115 тысяч, а да канца года іх колькасць будзе не больш за 87 тысяч чалавек.

Адначасова са скарачэннем пачалося і раззбраенне арміі. 21 кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет ратыфікаваў Дагавор аб звычайных узбраеннях у Еўропе, паводле якога Беларусь да лістапада 1995 года абавязалася скараціць колькасць танкаў на 1,5 тысяч адзінак, самалётаў — на 100, БТР — на 300, баявых машын пяхоты — на 1000. Пры гэтым Мінабароны дамагалася, каб заходнія краіны фінансава дапамагалі Беларусі ў знішчэнні зброі. Гэта стала адным з пытанняў у час візіту ў Брусэль у лютым 1993 года начальніка галоўнага штаба Мікалая Чуркіна.

Пры Казлоўскім Беларусь стала бяз’ядзернай дзяржавай. 4 лютага 1993 года Вярхоўны Савет ратыфікаваў Дагавор паміж СССР і ЗША ад 31 ліпеня 1991 года аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, у выніку чаго з Беларусі была вывезена атамная зброя.

Адным з накірунках ваеннай рэформы пры Казлоўскім стала ўдасканальванне кіравання арміяй і павышэнне эфектыўнасці ўсіх родаў войск. Навацыі ўводзіліся і ў памежнай службе. У сакавіку 1993 года камандуючы памежнымі войскамі Яўген Бачароў заявіў, што на балтыйскім напрамку прыступілі да аператыўна-вайсковай аховы мяжы: у Смаргоні і ў Полацку створаны два мабільныя атрады, цалкам укамплектаваныя прафесіяналамі-кантрактнікамі.

Пры Паўле Казлоўскім пачалася і паступовая беларусізацыя арміі. 20 чэрвеня 1992 года на калегіі Мінабароны было вырашана, што пераход арміі на беларускую мову, «с учетом высочайшей корректности и уважения к людям», расцягнецца на 6–8 гадоў. Таксама было прынятае рашэнне праводзіць з 1 ліпеня 1992 года двухгадзінныя курсы па беларускай мове для афіцэраў і прапаршчыкаў два разы на месяц. 23 лютага 1993 года на прамой лініі «Звязды» Павел Казлоўскі заявіў, што працэнт беларусаў-вайскоўцаў склаў 40%, — на момант распаду СССР гэтая лічба была 13%.

Клопат пра салдата

Пры Казлоўскім было замацавана юрыдычнае становішча вайскоўцаў. 13 лістапада 1992 года парламент зацвердзіў закон аб статусе ваеннаслужачых. Прычым гэты прававы акт быў прыняты амаль цалкам у тым выглядзе, на якім настойвала міністэрства.

У студзені 1993 года пры Савеце міністраў пачаў працаваць камітэт па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, асоб радавога складу і начальнікаў, органаў унутраных спраў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас (адстаўку), і членаў іх сем’яў. Камітэт узначаліў вядомы сёння палітык Сяргей Гайдукевіч.

Марудна, але вырашалася адна з найвастрэйшых праблемаў — жыллёвая. У пачатку 1993 года намеснік міністра абароны па будаўніцтве і раскватараванні войскаў Анатоль Сікора заявіў, што за 1992 год для вайскоўцаў у эксплуатацыю было ўведзена 123 тысячы квадратных метраў жылой плошчы, альбо 30 дамоў на 2034 кватэры, а таксама тры інтэрнаты. Пры дапамозе замежных фірмаў (Турцыя, Германія) былі пабудаваны жылыя ваенныя гарадкі ў Мар’інай Горцы (780 кватэр), у Баранавічах (600 кватэр) і ў Слоніме (1455 кватэр). Але ў той жа час на 1 студзеня 1993 года без жылля заставаліся 11728 сем’яў вайскоўцаў. У 1993 годзе планавалася пабудаваць 5446 кватэр, бо Савет Міністраў абяцаў выдаткаваць 5,3 млрд. рублёў на капітальнае будаўніцтва Мінабароны. Акрамя таго, жыллё будавалася за прыбытак камерцыйнага ўпраўлення міністэрства — грошай з продажу лішкаў тэхнікі і іншага.

Ведамства надавала ўвагу і працаўладкаванню звольненых у запас афіцэраў. У студзені 1993 года ў Калодзішчах быў адчынены (пры дапамозе Германіі) Беларускі цэнтр перападрыхтоўкі і працаўладкавання афіцэраў. На нарадзе-семінары 19 сакавіка 1993 года Казлоўскі заявіў, што ў цэнтры ўжо займаюцца 159 чалавек.

Міністэрства абароны распрацавала праграму вяртання беларускіх афіцэраў і салдат з-за мяжы, асабліва з гарачых кропак (адпаведная пастанова была зацверджана Вярхоўным Саветам 12 сакавіка 1992 года). Цяжэй за ўсё было з афіцэрамі, якім трэба было даць жыллё і працу. На прамой лініі са «Звяздой» 23 лютага 1993 года Казлоўскі заявіў, што міністэрства атрымала 7000 заяў аб пераводзе ў Беларусі, але станоўча вырашана толькі 800.

Не без памылак

Няўдалымі былі крокі міністра па рэарганізацыі свайго ведамства. У маі 1992 года Казлоўскі правёў у структуры буйную кадравую перастаноўку, у выніку якой Кастэнка стаў першым намеснікам міністра абароны. У Казлоўскага апынулася ажно 9 намеснікаў-генералаў, сярод якіх быў толькі адзін беларус.

Увогуле, першыя захады міністра па рэформе войска прывялі да таго, што цэнтральны апарат яго ведамства пачаў разбухаць. У адной з публікацый у «Народнай газеце» ў 1992 годзе ваенны эканаміст і падпалкоўнік Станіслаў Гурыновіч назваў Мінабароны «міністэрствам лішкаў». Гурыновіч справядліва задаваў пытанні: чаму ў фінансава-эканамічным упраўленні міністэрства з 15 пасадаў ажно 10 палкоўнічых? Навошта ў штабе міністэрства створаныя 20 сакрэтных і 30 несакрэтных справаводстваў? Гурыновічнастойваў на спецыяльнай камісіі для праверкі дзейнасці Мінабароны.

Крадзяжы і карупцыя

Але найпершая праблема была ў раскраданні вайсковай маёмасці, тэхнікі і зброі. 29 мая 1992 года «Народная газета» выйшла з такім загалоўкам на першай паласе: «Если у Министерства обороны Беларуси что-либо украдут, звоните по телефону 29-24-63». 13 лютага 1993 года старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч на нарадзе па пытаннях законнасці і правапарадку казаў, што колькасць выпадкаў крадзяжу вайсковай маёмасці павялічылася ў тры разы, а ўвогуле злачыннасць у арміі ўзрасла на 70%.

Са скандалу пачалася і кар’ера самога Казлоўскага. Скандал быў звязаны з 5-й гвардзейскай танкавай арміяй у Бабруйску, дзе былі выкрыты факты выкарыстання вайсковай тэхнікі і асабовага складу для будаўніцтва шыкоўнага асабістага дома камандуючага арміяй генерал-лейтэнанта Станіслава Румянцава. Таксама сталі вядомыя непрыемныя факты ў дзейнасці жыллёвай камісіі штаба арміі. Адпаведнае журналісцкае расследаванне Сяргея Крапівіна, апублікаванае ў «Народнай газеце» 14 жніўня 1992 года пад назвай «Вязкая броня», стала сапраўднай бомбай.

Генерал Станіслаў Румянцаў

Генерал Станіслаў Румянцаў

Справа набыла такі рэзананс, што вымусіла ўмяшацца ўрад. 28 жніўня 1992 года ў «Народнай газеце» быў апублікаваны зварот Генадзя Данілава (фактычна правай рукі Кебіча) — начальніка ўпраўлення грамадскай бяспекі і абароны Упраўлення Савета міністраў. Данілаў запэўніў, што ўжо створана камісія, а вінаватыя абавязкова будуць прыцягнутыя да адказнасці. Само міністэрства вымушана было зрабіць заяву, паводле якой Румянцаўі яшчэ 11 высокапастаўленых ваенных будуць звольненыя ў запас, і што распачалася праверка ў іншых вайсковых частках.

Неўзабаве Казлоўскі выдаў загад №93 «Аб злоўжываннях у 5-й гвардзейскай танкавай арміі і пакаранні вінаватых». СМІ і шэраг дэпутатаў крытыкавалі міністра за залішнюю мяккасць у адносінах да падначаленых. У выніку Казлоўскіўвогуле абвясціў пра расфармаванне 5-й арміі і стварэнне на яе базе новай аператыўна-тактычнай адзінкі (якой — не ўдакладнялася).

Пасыпаліся пытанні наконт мэтазгоднасці гэтага кроку: у выніку працу і жыллё страчвала шматлікая колькасць афіцэраў. Дэмакратычную грамадскасць абурыла тое, што новай адзінкай быў прызначаны камандаваць генерал Уладзімір Усхопчык, які ў студзеньскія падзеі 1991 года ў Літве ўзначальваў Вільнюскі гарнізон, і які, як і дагэтуль сцвярджае літоўскі бок, датычны да гібелі 14 грамадзян Літвы.

Генерал Уладзімір Усхопчык

Генерал Уладзімір Усхопчык

Раз-пораз міністэрства скаланалі іншыя скандалы, звязаныя з раскраданнем маёмасці і тэхнікі. Так было, напрыклад, у Гродзенскай вобласці з камандным пунктам (аб’ект «Свіслач») штаба Узброеных Сіл Арганізацыі Варшаўскага Дагавора (13 лістапада 1992 года Вярхоўны Савет вымушаны быў стварыць адпаведную камісію). А ў Стаўбцоўскім раёне зімой 1993 года Кантрольнай палатай былі зафіксаваны спробы незаконнага вывазу ў Расію нават ядзерных ракет!

І, канешне ж, палітыка

Палітычнай праблемай стала вайсковая прысяга. Мінабароны дамаглося, каб афіцыйная яна была прынесена 31 снежня 1992 года і рашуча выступіла супраць ініцыятывы Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам прынесці прысягу 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці.

Акцыя БЗВ, прыўрочаная да бітвы пад Воршай 8 верасня 1514 года, была санкцыянаваная мінскімі ўладамі. У звароце да Вярхоўнага Савета і Савета міністраў калегія Мінабароны назвала акцыю антыдзяржаўнай, бо тая нібыта прыўносіць у працэс дзяржаўнага ваеннага будаўніцтва палітычны аспект: стварае прэцэдэнт падзелу паўнамоцтваў дзяржавы і грамадска-палітычных арганізацый у адносінах да Узброеных Сіл. Гэтай акцыяй, сцвярджалася ў звароце, армія, якая імкнецца быць непалітызаванай і выказвае інтарэсы народа, можа аказацца расчлянёнай па палітычных прыхільнасцях.

Ціск на БЗВ з боку міністэрства асудзіў Анатоль Майсеня. У сваёй публікацыі «Вайна без пераможцаў» («Народная газета», 1992, 8 верасня) ён справядліва адзначыў, што БЗВ пры ўсіх сваіх недахопах мае патрыятызм — тое, без чаго немагчыма стварэнне нацыянальнай арміі, і раскрытыкаваў падыход Мінабароны, якое лічыла, што сапраўднае нацыянальнае войска можна атрымаць шляхам простай трансфармацыі былой Беларускай ваеннай акругі.

Прысяга на плошчы Незалежнасці ў Мінску 8 верасня 1992 года.

Прысяга на плошчы Незалежнасці ў Мінску 8 верасня 1992 года.

Бадай, самым ганебным для Казлоўскага эпізодам стала звальненне з Узброеных Сіл лідара БЗВ, кандыдата тэхнічных навук і падпалкоўніка, дактаранта Мінскага вышэйшага ваенна-інжынернага вучылішча Мікалая Статкевіча.

25 сакавіка 1993 года міністэрства дамаглося, каб у закон аб статусе ваеннаслужачых была ўнесена папраўка, якая забараняла ім займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Выступаючы ў Вярхоўным Савеце, Казлоўскі назваў БЗВ «политическим наконечником» для наскокаў на войска з боку нацыяналістычных сіл. З прыняццем папраўкі ў міністра былі развязаныя рукі. 7 мая 1993 года Казлоўскі выдаў загад №0499, паводле якога «за дыскрэдытацыю высокага звання афіцэра» Мікалай Статкевіч быў з войска звольнены. Каб прыдаць звальненню большую легітымнасць і паказаць, што перад законам усе роўныя, быў створаны прэцэдэнт: у маі 1993 года нібыта па ўласным жаданні з войска сышоў Сяргей Гайдукевіч, які вырашыў пайсці ў вялікую палітыку.

Микалай Статкевич. 1992 год. Фота 90s.by

Микалай Статкевич. 1992 год. Фота 90s.by

У абарону Статкевіча выступілі дэпутаты парламента Галіна Сямдзянава (узначаліла грамадскі камітэт «Вяртанне», які займаўся пытаннямі вяртання беларускіх вайскоўцаў з краін СНД) і Леанід Дзейка. Апошні, выступаючы перад Вярхоўным Саветам 19 мая 1993 года, заявіў, што ў працэдуры звальнення Статкевіча маецца шэраг парушэнняў. У прыватнасці, загад на звальненне з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю» патрабаваў наяўнасці хадайніцтва (прадстаўлення) таварыскага суда або афіцэрскага сходу, чаго не было.

Дзейка накіраваў запыт у пракуратуру. 2 чэрвеня 1993 года намеснік генпракурора Віктар Юрэвіч прадставіў у Вярхоўны Савет афіцыйнае паведамленне, у якім абгрунтоўваў законнасць звальнення Статкевіча.

Казлоўскі супраць Лукашэнкі

Скандалы ва Узброеных Сілах не мог не скарыстаць дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня часовай камісіі па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання Аляксандр Лукашэнка.

Чорная котка паміж дэпутатам і міністрам прабегла яшчэ раней, калі 3 лістапада 1992 года Лукашэнка раскрытыкаваў праект ваеннай дактрыны, агучаны Казлоўскім. Дактрына прадугледжвала абарончы характар беларускага войска і яго істотнае скарачэнне. Навошта, пытаўся Лукашэнка, такая армія: «Давайте будем иметь два полка с перьями и на них любоваться». Дэпутат заклікаў «улучшить жизнь военных», інакш армія «очень быстро исправит нашу доктрину».

«Час Х» у адносінах паміж Казлоўскім і Лукашэнкам настаў 24 сакавіка 1994 года, калі ў газеце «Звязда» з’явілася нататка «Што ў чамаданах Лукашэнкі?». У ёй сцвярджалася, што каля 50-ці вышэйшых службовых асобаў і дэпутатаў датычныя да карупцыі. Сярод гэтых «50-ці» разам з намеснікамі Кебіча Сяргеем Брылём і Мікалаем Косцікавым, міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам, старшынёй Дзяржаўнага камітэта па знешнеэканамічных сувязях Уладзімірам Радкевічам фігураваў і Павел Казлоўскі. З боку Лукашэнкі Мінабароны закідваліся пастаўкі зброі і нафты ў Югаславію, а таксама актыўная камерцыйная дзейнасць.

Невялічкая па аб’ёме нататка выклікала вялікі грамадскі рэзананс і жорсткую рэакцыю службоўцаў. 29 сакавіка 1994 года Брыль, Косцікаў, Краўчанка, Радкевіч і Казлоўскі выступілі ў прэсе з сумеснай заявай, ад пачатку і да канца накіраванай супраць Лукашэнкі. Падпісанты заявы адзначалі: «Свой путь к президентскому креслу некоторые кандидаты избрали исключительно безнравственный, основанный на клевете и шельмовании тех, кто стоит у них на пути».

Чыноўнікі абяцалі звярнуцца ў суд па абарону гонару і годнасці, а ад генпракурора «потребовали выступить в средствах массовой информации с официальной оценкой правомерности поступков Лукашенко и достоверности тех материалов и фактов, которые имеют место в нашей деятельности».

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павел Казлоўскі

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павел Казлоўскі

31 сакавіка 1994 года Казлоўскі і іншыя службовыя асобы былі запрошаныя на пасяджэнне сесіі Вярхоўнага Савета. Міністр абароны заявіў, што цікавасць Лукашэнкі да яго ведамства «вызывает лишь удивление», і што яна выспела «на волне нездоровых амбиций и предвыборного популизма». Парыруючы абвінавачванні Лукашэнкі ў тым, што Мінабароны і створаная ім кампанія «Трансавіяэкспарт» займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, Казлоўскі звяртаў увагу, што гэта — вымушаная неабходнасць, выкліканая цяжкім фінансавым становішчам: «Может, лучше чтобы эти авиагиганты «ИЛ-76» гнили на аэродромах? Наша компания — государственное предприятие, но с помощью простенького передергивания фактов она преподносится как гнездо, как кормушка для военных коррупционеров».

Наступны віток супрацьстаяння Казлоўскага і Лукашэнкі адбыўся падчас прэзідэнцкіх выбараў, у прыватнасці, пасля трыумфальнага для Лукашэнкі першага тура, які адбыўся 23 чэрвеня 1994 года.

30 чэрвеня 1994 года Казлоўскі на прэс-канферэнцыі абвінаваціў Лукашэнку ў нападках на войска, ахарактарызаваўшы вынікі першага тура як «успех популизма в лице его ярчайшего представителя». Назваўшы бліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі — таксама ваенных (Віктара Кучынскага і Віктара Шэймана)«гастролерами, оторвавшимися от реальной армейской жизни», міністр абароны патрабаваў «прекратить разнузданную кампанию очернительства руководящего состава Вооруженных Сил и лично министра обороны со стороны распоясавшегося депутата».

Неўзабаве рушылі заявы Казлоўскага ў суд, Вярхоўны Савет і Генпракуратуру. Міністр абароны настойваў на прынцыповым разглядзе пытання парушэння Лукашэнкам дэпутацкай этыкі і патрабаваў прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці. Некаторыя дэпутаты сцвярджалі, што Лукашэнка асабіста звяртаўся да Казлоўскага: «Павел Павлович, забери заявление, хуже будет». Казлоўскі адмовіўся, а Лукашэнка не з’явіўся на суд. Лукашэнка зрабіў некалькі заяў накшталт таго, што калі стане прэзідэнтам, то «разберется с министром обороны и с армией в целом».

Першая помста

Пасля перамогі Лукашэнкі 10 ліпеня 1994 года на прэзідэнцкіх выбарах прыцягнуць яго да судовай адказнасці стала немагчыма. Аднак кіраўнік дзяржавы на Казлоўскага не забыўся, тым больш, што генерал сам даў добрую нагоду. У чэрвені 1994-га Казлоўскі трапіў у скандал, звязаны з вяселлем яго сына і дачкі старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба. Прэса сцвярджала, што на гэтым вяселлі ў Калодзішчах прысутнічала каля 200 чалавек, і яно, быццам, ахоўвалася дэсантнікамі.

На праверку Лукашэнка кінуў новаствораную структуру — службу кантролю адміністрацыі прэзідэнта. Пра вынікі праверкі можна даведацца з адпаведнага ўказа №83 ад 5 верасня 1994 года: «Проверкой, проведенной службой контроля администрации президента Республики Беларусь, установлено, что бывший министр обороны Республики Беларусь генерал-полковник Козловский П.П., отмечая 11–12 июня 1994 г. свадьбу сына, использовал свое служебное положение в личных целях, что повлекло причинение государству ущерба в крупном размере». «Советская Белоруссия» ў лютым 1995 года ў адным з нумароў сцвярджала, што гаворка ішла пра 27 мільёнаў рублёў. У выніку Казлоўскібыў паніжаны да генерал-лейтэнанта. А пазней начальнік службы кантролю адміністрацыі прэзідэнта Васіль Даўгалёў заявіў, што інфармацыя аб ахове вяселля дэсантнікамі не пацвердзілася.

 

Вясной 2015 года Павел Казлоўскі пры падтрымцы вядомых расійскіх генералаў звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай зняць спагнанне дваццацігадовай даўніны. Казлоўскі сцвярджаў, што ніякай шкоды дзяржаве не нанёс. У просьбе былы міністр абароны звяртаў увагу на 70-годдзе перамогі на германскім фашызмам. Беларускі кіраўнік дэманстратыўна прамаўчаў, а яго адміністрацыя заявіла, што ніякай заявы за подпісамі Казлоўскага і расійскіх генералаў не атрымлівала. Праз год Казлоўскі праз «Народную Волю» зноў звярнуўся да Лукашэнкі. І зноў маўчанне.

Не трэба быць такім наіўным былому, але першаму міністру абароны Беларусі.