Уладзімір Дубоўка — сын сваёй сучаснасці, вязень свайго сумлення

123 гады таму нарадзіўся адзін з самых таленавітых беларускіх паэтаў Уладзімір Дубоўка. У дзень народзінаў творцы згадваем яго жыццёвы шлях і чытаем вершы.

Уладзімір Дубоўка. Фота з архіва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Уладзімір Дубоўка. Фота з архіва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


«О Беларусь, мая шыпшына!

Зялёны ліст, чырвоны цвет...»

Падазраю, што толькі самы нягеглы настаўнік пры вывучэнні творчасці Уладзіміра Дубоўкі ў школьнай праграме не акцэнтаваў увагу вучняў на гэтым вытанчаным параўнанні. Арыгінальнасць — слова, якім можна было характарызаваць ранняга Дубоўку, таго, што толькі-толькі паступіў у Літінстытут і ўварваўся ў беларускую прастору са сваёй непараўнальнай лірыкай. Непараўнальнай — таму што, хоць і праскокваў там месцамі пафас камуністычнасці (куды ж без яго?), але корпус тэкстаў паэта ад пачатку меў пазнавальнасць, свой голас, інтанацыю і нават свой слоўнік. 

Уладзімір Дубоўка — адзін з тых аўтараў, пра якіх звычайна стэрэатыпна кажуць «пісаць пачаў у раннім узросце». Несвядома, канечне, не мэтанакіравана, але так: свой першы верш будучы прызнаны паэт напісаў у чатыры гады.

Сям'я Дубоўкаў была простай, сялянскай, але пісьменнай: бацька ведаў польскую, нямецкую і іўрыт, а дзед — лаціну. Таму не дзіва, што хлопца аддалі ў школу, калі яму яшчэ не было шасці гадоў: ён ужо ўмеў чытаць і хацеў вучыцца. Пасля заканчэння народнай школы 11-гадовы Дубоўка пайшоў у двухкласную вучэльню, працягам якой стала настаўніцкая семінарыя. Пачалася Першая сусветная вайна, і ўсім вучням семінарыі выдалі пасведчанні аб заканчэнні навучання датэрмінова. Такім чынам 17-гадовы юнак стаў настаўнікам і потым некалькі гадоў працаваў у пачатковых класах Тульскай губерні.


Глядзіце таксама

У 1921 годзе ў Маскве адкрыўся Літінстытут, рэктарам якога стаў рускі паэт Валерый Брусаў. Вядома ж, Уладзімір Дубоўка не мог прайсці міма такой установы, і менавіта гады навучання пад клапатлівым крылом Брусава сталі для паэта тым фундаментам, з якога потым вырасла ўся яго творчасць. Ён адразу ж заявіў пра сябе ў беларускім літаратурным працэсе — спачатку вершам «Сонца Беларусі» (1921), потым — нізкамі вершаў, і нарэшце зборнікам «Строма» (1923). І, як яго ні пераконвалі пачаць пісаць па-руску, ён не паддаўся: усё яго тэксты належаць толькі беларускай культуры.

1920-я гады — перыяд эксперыментаў, стваральны час, спрыяльны для новага, смелага, яркага. Такімі былі вершы Дубоўкі: вобразнымі, гучнымі, сакавітымі, напісанымі арыгінальнай, непаўторнай мовай, якая сама па сабе складала прыгожы малюнак — сугуччамі і перакліканнямі літар.


Імжа, і склізота, і прыкрая золь


Імжа, і склізота, і прыкрая золь

за скрогатам ветру — навалай.

У чмарнасць убралася светава столь,

блакіт ад зямлі адарвала.


Журба расплялася кудлатай лазой,

у сэрца цярушыцца шэрань.

А вецер шпурляе, як морскі прыбой,

пясок і журбу аб каменне.


І скогат, і скарга — спакою нідзе,

пад засцілай ночы — варожасць,

а ўпартасць да мэты вяла і вядзе,

пра шчасце і радасць варожыць...


1922


Яго ўваходжанне ў беларускую літаратуру было трыумфальным. Адразу, з першых крокаў новага аўтара ацанілі і чытачы, і крытыкі, і можна было б спадзявацца, што гэты трыумф — сімвал усяго будучага творчага шляху паэта. Але не ў той час і не ў тым месцы выпала жыць Уладзіміру Дубоўку, каб пад канец назбіраць дзясятак тамоў «Выбранага» і напісаць аўтабіяграфію пра шчаслівае жыццё.

Ужо ў ранніх вершах не-не ды праскоквала між радкоў трывога, насцярожвала чытача, намякала, што вакол сонца паэзіі збіраліся хмары. І бязлітасны час не прымусў сябе чакаць.

У 1923 годзе Дубоўка, знаходзячыся ў Маскве, удзельнічаў у стварэнні «Маладняка» — знакамітага літаб'яднання, якое было першым у беларускай літаратуры і  задавала тон літпрацэсу. За пару гадоў яно разраслося і назбірала каля пяці соцень чальцоў, мела філіі не толькі па ўсё Беларусі, але і па-за яе межамі. Але з цягам часу ўнутры «Маладняка» наспеў ідэалагічны канфлікт, праз які частка творцаў выйшла з літаб'яднання і стварыла новае, не менш легендарнае — «Узвышша». У адрозненне ад «маладнякоўцаў», «узвышаўцы» не спяшаліся выракацца «буржуазнай» культуры і прыўносілі ў сваю творчасць яе найлепшыя здабыткі, далёкія ад апявання ідэй марксізму-ленінізму і светлай савецкай будучыні.

Варта таксама адзначыць яшчэ адну важную рэч: «Узвышша» на працягу некалькіх гадоў выдавала свой часопіс і мела магчымасць друкаваць кнігі сваіх чальцоў, праз што многія тэксты здолелі дайсці да нас нават праз гады рэпрэсій і цэнзуры.


***

Мой любы браце, блізкі і далёкі,

няма сталёвасці і арфазвоннасці.

Такая сцюжа на душы, навокал,

як дзень з дажджамі, быццам сённяшні.


Ці ж я не ведаю, ці я не знаю,

ці я не сын сваёй сучаснасці, —

жыццё крынічыць і музыкі граюць,

на лад папасці ўсё не шчасціцца.


Часінай — весела, часінай — сумна,

ідуць шляхі — ў балотах трацяцца.

А недзе злоснікі бразгочуць бубнамі...

Даруй, даруй, мой любы браце, мне...


1925


Раскручаная ў 1930 годзе ГПУ «Справа Саюза вызвалення Беларусі» падмяла пад сябе многіх «узвышаўцаў», у тым ліку і Уладзіміра Дубоўку, які меў неасцярожнасць напісаць вельмі палітызаваны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…» («На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі»). А да таго часу ім былі яшчэ напісаныя цыкл не менш вострых паэм, шэраг артыкулаў і новы зборнік — «Наля» (1927). Перад самым затрыманнем Дубоўка падрыхтаваў кнігу выбранага, якая так і не пабачыла свет.


Глядзіце таксама

Карныя органы дабіваліся ад паэта паклёпу на яго сяброў і калег па пяры — але ён не «здаў» нікога, не напісаў ні аднаго даноса і застаўся з чыстымі рукамі і незаплямленым сумленнем. Чаго, праўда, нельга было чакаць ад іншых — і з многімі былымі паплечнікамі пасля сцежкі разышліся.

Асобныя вершы таго перыяду сталі класікай беларускай літаратуры і дагэтуль з'яўляюцца ўзорамі творчасці Уладзіміра Дубоўкі. Дазволю сабе тут працытаваць цалкам згаданы напачатку верш:


***

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобылем не зарасцеш.


Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю.

Тваіх вачэй — пад колер сталі —

праменне яснае люблю.


Ніколі пройме з дзікім ветрам

не развіваць дзявочых кос.

Імкнешся да Камуны Свету,

каб радасць красавала скрозь.


Варожасць шляху не зачыніць:

у перашкодах дух расце.

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!


1925


У школьных падручніках любяць штампаваць адны і тыя ж словы — пра «радкі, прасякнутыя любоўю да Радзімы» і «багацце вобразаў і метафар». А сённяшняя, цалкам заідэалагізаваная школа наогул можа лёгка прыцягнуць да «Радзімы» «зялёны ліст, чырвоны цвет». У свой час гэта вымушаны быў зрабіць сам Дубоўка — і пра гэта наўрад ці раскажуць у школе: пра тыя абставіны, якія вымушаюць бліскучага паэта давіць у сабе талент і выдаваць пафасныя радкі «на злобу дня».


Марыя Пятроўна Кляўс, Альгерд і Уладзімір Дубоўка. Фота: nlb.by

Марыя Пятроўна Кляўс, Альгерд і Уладзімір Дубоўка. Фота: nlb.by

Уладзімір Дубоўка 27 гадоў свайго жыцця правёў у лагерах і ссылках. Яго кнігі вымаліся з бібліятэк, іх загадана было паліць, а самога аўтара і блізка не падпускалі да роднага краю. У «лагерны перыяд» ён перажыў смерць сына Альгерда, а яго жонка Марыя Пятроўна ўсе нягоды таксама вынесла на сябе, падзяляючы лёс мужа. Сапраўды волат, Дубоўка вытрываў усё, дажыў да рэабілітацыі і перажыў яе на некалькі дзясяткаў гадоў, але чамусьці адразу ж, як толькі зноў стаў «свабодным чалавекам», ён некалькі разоў перапісваў свой загалоўны верш — і іншыя яго версіі мала каму спадабаліся б.


Чым кіраваўся аўтар, уплятаючы ў свае радкі савецкія штампы, застаецца толькі здагадвацца. Адно можна сказаць напэўна: гэта далося яму нялёгка. Познія вершы Дубоўкі пазбаўленыя той лёгкасці і ўнікальнасці мовы, з якой ён пісаў у маладосці, там ужо рэдка дзе знойдзеш вастрыню і выклік: паэт стаў абачлівым, асцярожным і не такім смелым на эксперыменты. І тады, і цяпер ён быў «сынам сваёй сучаснасці», і сучаснасць гэтая дыктавала іншыя правілы гульні. Аднак яму па-ранейшаму балела — і ўласная гісторыя, і гісторыі іншых, несправядліва загублены час і паламаныя лёсы, крыважэрнасць сістэмы, здрады сяброў і «стукацтва» знаёмых... Пра гэта ён пісаў да канца і нават праз пераклады імкнуўся гаварыць пра набалелае.

Пераклады былі паратункам для многіх творцаў, якія праз цэнзуру і пераслед самі не маглі сказаць многіх рэчаў. Дубоўка перакладаў санеты Шэкспіра і паэмы Байрана, вершы Брусава, Тычыны, Славацкага, Сыракомлі, Ду Фу і іншых паэтаў. Спрабаваў таксама пісаць для дзяцей — з-пад яго пяра выйшлі тры дзіцячыя аповесці, тры казкі і чатыры кнігі вершаваных казак. А за тры гады да смерці паспеў яшчэ выдаць кнігу ўспамінаў, якую назваў вельмі сімвалічна — «Пялёсткі», такія ж крохкія, як у знакамітай «шыпшыны». Такія ж, як само жыццё.


* * *

Пальцы жоўтых кляновых лістоў

мкнуцца восень схапіць за шыю.

Не парушаць яе хараство,

не парушаць лісты залатыя.


Клён у вокны забразгатаў,

адгукнулася каняю рэха.

Месяц рваў арэхі з куста,

раскідаў над сусветам арэхі.


Яны ў воўне блакітнай ляглі,

сумавала ў даліне ляшчына.

Летуценні не змерклі ў галлі,

летуценняў згасіць немагчыма.


Расцярушацца ў далі і ўвысь,

каб нагадваць аб светлым над чорным.

Ці таму, што сумуюць журавы,

ненасытна свіргочуць жорны?..


Ліставея не моўкне, шуміць

ад вясны да вясны на прасторах.

Поверх стрэх і муроў камяніц

я пабачыў яе учора...


Дзесь далёка галосіць сава,

небакрай апракінуўся жалем.

Людзі любяць душу прасаваць,

калі гэта душа чужая.


1925


***

Дарагая... … каханая… залатая…

Ці ты чуеш, як цяжка мне?

Можа косы твае расплятаюць

там далёка, далёка дзесь…


Не магу расказаць я пра тое,

што ля сэрца і ў сэрцы маім.

Я не знаю даўно супакою,

а ці варта каго маліць?


У адчаі сцюдзёным сціскаю,

ашчаперыўшы рукамі, чало.

Твая постаць маўклівая такая,

быццам вусны працяў замок.


Як лісты вераснёвыя, ўпрочкі

разлятаюцца думкі мае.

Только здані панікліва крочаць

каля сцен камяніц, каля дрэў.


Вышчараюцца хіжа са шчылін,

мкнуцца думкі мае натаваць…

Што зрабілі мы ім, дзяўчына,

і чаму гэты крык – “не твая”?


Залатая… каханая… дарагая…

Адно знаю: іду і пайду.

Хай і пекла ля воч мільгае –

не супыніць маю хаду.


1925


Ніколі праўда не ўмірае


Жыццё закон нязломны мае:

ніколі праўда не ўмірае.


Адно хоць зернетка малое

ды застанецца пра былое.


Ні на пяску, ні на каменні

ушчэнт не выпетрэе зерне:


узыдзе, ўсходы будуць з плёнам,

з адзінак вырастуць мільёны...


1929