"У бліжэйшы месяц усе палітычныя зняволеныя могуць выйсці на волю". Першая прэс-канферэнцыя Сяргея Ціханоўскага
Сяргей Ціханоўскі выступіў на сваёй першай прэс-канферэнцыі. «Наша Ніва» прыводзіць цалкам прамову былога палітвязня, адной з самых знакавых асоб 2020 года. Што яшчэ сказаў былы палітвязень?

Скрыншот з відэа на тг-канале Святланы Ціханоўскай
Я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў і сказаць: калі вы чакалі знак — вось ён!
Дзяржавы гінуць тады, калі не могуць больш адрозніць дрэнных людзей ад добрых. Што здарылася са мной?
Абвінавачванне, высунутае супраць ката, зрабілася прысудам для ахвяры. Я быў падобны да чалавека, які выйшаў палюбавацца на вясёлку, але трапіў пад маланку.
Трохі раскажу пра тое, як цяпер бачу Беларусь.
Яны там называюць здраднікам кожнага, хто ім супрацьстаіць. А я назаву здраднікам кожнага, хто ім не супраціўляецца.
Працытую Марка Твена: «Грамадзянін, які бачыць, што палітычнае адзенне яго краіны знасілася, але ў той жа час маўчыць, не агітуе за стварэнне новага адзення, не з’яўляецца верным грамадзянінам, ён здраднік».
Мы павінны змагацца супраць лукашызму. Калі не супрацьстаяць ім, яны спустошаць нашу краіну, створаць краіну, пазбаўленую справядлівасці і спачування, зямлю, якая матэрыяльна і духоўна збанкрутавала.
Беларусь сёння — гэта царства самай бессаромнай хлусні, сталага злоўжывання надзеяй, поўнай пагарды да праўды. Людзі там часта ўспрымаюць, прымаюць ілюзію за рэальнасць, грэбуюць тым, што на самой справе важнае.
Сістэма пабудаваная так, што кожны, хто не спрабуе нешта даведацца, будзе спакойна жыць у шчаслівым няведанні. А таму, хто выдаткаваў сілы і час, будзе вельмі цяжка дайсці да праўды.
У Беларусі цяпер улада без права, правасуддзе без справядлівасці, парадак без раўнавагі, бляск без святла. Света, дарэчы, цяпер у Вільні, вы ведаеце.
Юстыцыя ў Беларусі не памерла — у яе проста маленькая дзірка ў ілбе.
Часта несправядлівы не той, хто штосьці робіць, а той, хто нічога не робіць. Самыя жорсткія злачынствы ў гісторыі адбываліся не з нянавісці або прагнасці, а з абыякавасці і невуцтва.
Добрыя намеры без шчырага жадання даведацца праўду не могуць лічыцца паўнавартаснымі.
І тут я хачу працытаваць Дантэ: самое цёплае месца ў пекле прызначана для тых, хто падчас вострага крызісу застаецца нейтральным.
Да чаго я гэта ўсё кажу? Беларусам трэба нарэшце разабрацца, напрыклад, у маёй справе. 29 траўня 2020 года, падчас збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты, маю жонку Святлану Ціханоўскую, мяне проста схапілі ў Гродне і кінулі ў турму. Судзілі закрытым судом. А потым, раптоўна, выкінулі ўчора за мяжу.
Асноўны прынцып правасуддзя — гэта галоснасць. Судзіць закрыта, каб ніхто не ведаў, у чым мяне абвінавачваюць, якія ёсць доказы віны, якія ёсць аргументы абароны — усяго гэтага не было. А гэта ж — аснова правасуддзя.
У мяне цяпер велізарная колькасць фактаў, дакументаў, доказаў — і я хачу ўсё гэта выкласці падрабязна, дэталёва ў сваіх стрымах.
І беларусы — яны проста абавязаны, абавязаны разабрацца і сказаць: так, гэта было ці гэтага не было, вінаваты ці не вінаваты. Яны павінны ведаць, яны мусяць разабрацца. Абавязкова.
Пра ўсё гэта я планую расказаць падрабязна, дэталёва, са сканамі, дакументамі — усё выкласці і данесці да аўдыторыі найбольш падрабязным чынам.
Што яшчэ сказаў Сяргей Ціханоўскі падчас прэс-канферэнцыі
Лідарам апазіцыі з'яўляецца Святлана Ціханоўская! І я ні на што не збіраюся прэтэндаваць!
Перад вызваленнем яго, схуднеўшага да 75 кілаграмаў, спецыяльна адкормлівалі:
«Мяне апошні месяц адкормлівалі – мяса, малако, тварог, двайная порцыя пайкі. Гэта так апошні месяц, і я так выглядаю»
У апошні 30-ы дзень «дыеты» яго вывезлі з мяхом на галаве і ў кайданках у СІЗА КДБ у Мінску.
На наступны дзень палітвязні ўжо былі пад абаронай амерыканскіх дыпламатаў. У КДБ яму казалі, што рыхтуецца вызваленне палітвязняў у абмен на зняцце санкцыяў.
Заявіў, што ніколі не быў прарасейскім, а заўсёды быў беларусам.
«Ніколі не выступаў я прарасейску. Наш супольны вораг – пуцінская ўлада. Пакуль яна не падзе, ніякай перамогі ў Беларусі быць не можа».
Распавёў, як да яго прыязджаў Раман Пратасевіч.
Перад гэтым Ціханоўскага завялі ў лазню, пасля чаго скралі ў яго турэмную робу з жоўтай біркай, якой пры рэжыме Лукашэнкі пазначаюць «экстрэмістаў». Пратасевіч заклікаў падпісаць дакументы на памілаванне, затым прасіў сумесны здымак. Ціханоўскі адмовіўся гэта рабіць.
Паводле Ціханоўскага, Пратасевіч ездзіў з падобнымі прапановамі і да Калеснікавай, але тая накінулася на яго з кулакамі. Сам жа Ціханоўскі назваў Пратасевіча «палітычнай шпаной», цытуючы Салжаніцына. Пры гэтым ён заклікаў не цкаваць Пратасевіча, адзначыўшы, што ўлады запалохалі Рамана.
Пра катаванні
Маньякі-забойцы сядзяць з тэлевізарамі, мне ліст нельга ад родных. Мне ні мыла, ні зубную шчотку, нічога. І Бабарыка гэтак жа сядзіць. Ну ёсць жа правы нейкія, як можна, нічога? Гэта бесчалавечна, гэта кашмар!
Пра вызваленне палітвязняў
У бліжэйшы месяц усе палітычныя зняволеныя могуць выйсці на волю. Пра гэта кажа Сяргей Ціханоўскі.
Ён дадае, што Дональд Трамп можа гэта зрабіць адным словам.
Пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020
Лукашэнка ўсю размову казаў Бабарыку, што Ціханоўскі — будучы прэзідэнт, а Святлана перадасць яму ўладу.
Ціханоўскі не падаў руку Лукашэнку, спаслаўся на пандэмію: «Каранавірус».
«А я ўжо перахварэў», — адказаў Лукашэнка.
«А я не падаў, бо ён чмо!» — кажа Ціханоўскі.
Пра тое, што падтрымлівала
Мяне падтрымлівала прызнанне [палітвязнямі] нашых арганізацый і Amnesty International. Калі яны сказалі вязень сумлення…
«Там шмат людзей, пра якіх ніхто не ведае, іх трэба выцягваць».