«Творца асуджаны на сталае супрацьстаянне з уладай». Легендарныя выказванні Васіля Быкава
Васілю Быкаву — 100! Верагодна, ён шмат што хацеў бы нам сёння сказаць. Але і ў тым, што Быкаў паспеў прамовіць, беларусы знойдуць для сябе адказы, супакаенне і «кволую свечку надзеі».
Пра нацыю і нацыяналізм
«Нацыянальная ідэя павінна апярэджваць масавую свядомасць. Масавая свядомасць i ідэі, за якія варта змагацца, — не адно i тое ж. Масавая свядомасць заўсёды адстае ад ix, i яе мусіць актывізаваць менавіта нацыянальна-дэмакратычны рух».
Калі паглядзець на гісторыю Еўропы, дык мы ўбачым, што ў пэўных гістарычных варунках «нармальны» нацыяналізм выдатна спалучаецца з дэмакратыяй. Дзяржаўнасць краін Заходняе Еўропы так ці інакш заснавана на нацыянальнай ідэі, апроч хіба што Швейцарыі. Астатнія дзяржавы арганізаваліся паводле этнічнага раскладу, i іхні нацыяналізм ажыццяўляецца ў разумнай меры, не пасягаючы на інтарэсы іншых нацый. Чаму Беларусь, з’яўляючыся еўрапейскай дзяржавай, не можа пабудаваць свой лад?»
«Пакаленні людзей, якія за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у дагары нагамі перакуленым свеце, па той бок славутага люстэрка, i на старасці гадоў не здольны зразумець свае трагедыі, — гэтыя пакаленні для нацыі страчаны, таксама як i для чалавечай гісторыі».
Пра незалежнасць
«Мы ведаем з гісторыі, што многія народы за сваю незалежнасць пралілі мора крыві. У нас жа гэта адбылося без асаблівых высілкаў i вялікіх дэбатаў (маю на ўвазе прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце). Відаць, незалежнасць патрабуе другой цаны, другой платы. Напэўна, i эканамічных выпрабаванняў — самых жорсткіх...
Такі стан рэчаў не залежыць ад чыёйсьці злой волі альбо недагляду: тут дзейнічаюць гістарычныя прычыны. Будзе яшчэ шмат тупікоў i пастак... Калі нацыя мае волю да незалежнасці, яна з ix выберацца; калі ж на пачатку дарогі карціць вярнуцца назад, — тады, можа, i не варта было на гэты шлях ступаць...»
Пра талент
«Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не
жалейка і не свісцёлка… Ён з’яўляецца на
свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі».
«Талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду, якая ёсць у гісторыі кожнага народа. Канечне, няма ніякай гарантыі таго, што аўтара неадкладна засыплюць кветкамі (могуць закідаць і каменнем), але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму паставяць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада».
«Відаць, творца асуджаны на сталае супрацьстаянне з уладай. Для сумленнага мастака гэта, мабыць, непазбежна...»
Пра працэс дэмакратычнага і культурнага развіцця краіны
«Наша дэмакратыя з’яўляецца дэмакратыяй пачаткоўцаў, а наша знявечаная бальшавізмам, дэнацыяналізаваная культура, вядома ж, яшчэ не валодае патрэбным імунітэтам да горшых праяў так званай масавай культуры Захаду. Відаць, i нам трэба прайсці нейкі абавязковы гістарычны прамежак, каб выпрацаваць высокія ўзоры культуры, a галоўнае — прывіць грамадству густ і патрэбу ў высокім.
Хоць, зрэшты, узоры высокай культуры, як i высокі густ — болей прывілея эліты, а масы задавальняліся культурай ніжэйшага гатунку. Так ва ўсім свеце, так мусіць быць i ў нас. Шмат што ў гэтым сэнсе будзе залежыць ад духоўнай патэнцыі нацыі, якой у беларусаў даволі за стагоддзі назапашана, зберажона ў геннай памяці, не выдаткавана ў суровым жыцці i цярпліва чакае свае магчымасці для выяўлення. I тое суцяшае».
«Нармальны працэс культурнага развіцця павінны быў выглядаць так: спярша ў самым поўным аб’ёме — уласная культура, затым іншыя — расейская, нямецкая, польская, англійская — чым болей, тым лепш, наколькі хапае да таго здольнасцяў грамадства ці асобнага яго члена».
«Мы павiнны скласцi велiчны мартыралог нашых страт i нашых пакутнiкаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай свядомасцi, стане важным элементам гiстарычнай памяцi i гарантам. Гарантам будучынi народа, якi праз генацыд, кроў i знявагу з упартасцю асуджанага рвецца да сонца, дабра i справядлiвасцi».
«Апантанасць так званымі папулісцкімі ідэямі каштуе вялікай крыві. І яны рэдка ажыццяўляюцца. Нават самая святая з іх — ідэя свабоды».
Пра беларускую дыяспару
«Вядома, беларуская дыяспара таксама розная ў сваіх маральна-палітычных якасцях, але, наколькі я разумею, для нас яна куды даражэйшая за ўсе іншыя дыяспары. Прынамсі, яе самыя сумленныя i актыўныя прадстаўнікі, асабліва за акіянам. Усё ж у часы тутэйшага «бязладдзя i бязмоўя» яны захавалі родную мову, рэшткі нацыянальнай культуры, гістарычную памяць, збераглі хрысціянскую мараль, непадлеглую там бальшавізацыі ды расчалавечанню, i што маглі, рабілі для развіцця культуры».
Пра Зянона Пазьняка
Васіль Быкаў горача падтрымліваў палітыка Зянона Пазьняка, падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года быў ягонай даверанай асобай.
«Ён быў сябрам сойму Беларускага Народнага Фронту. І ён, калі стаўся рэжым Лукашэнкі, першы, які адразу ацаніў, што гэта такое ёсць. Якая гэта пагроза для Беларусі, для нашай інтэлігенцыі і культуры. І невыпадкова, што Быкаў потым быў вымушаны пакінуць межы Беларусі. Быкаў залатымі літарамі ўпісаў сваё імя не толькі ў сусветную літаратуру, але і ў беларускае нацыянальнае адраджэнне», — казаў Зянон Пазьняк.
Сяргей Навумчык у кнізе «Сем гадоў беларускага адраджэння» пісаў: «За некалькі дзён да першага туру, у дзень свайго 70-годзьдзя, выступаючы перад прыхільнікамі ў сквэры Янкі Купалы, Быкаў, называючы свае самыя вялікія жаданьні, сказаў:
Пра Лукашэнку
У адносінах да дыктатара Васіль Быкаў заўжды выказваўся прама, называючы рэчы сваімі імёнамі. Наступная цытата была рэакцыяй творцы на ганебнае збіццё дэпутатаў парламента лукашэнкаўскім АМАПам у 1995 годзе:
«Самае на ўвесь свет ганебнае ён учыніў у парламенце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазіцыі. Нават кішэнны па-сутнасці, паслухмяны і пракамуністычны Вярхоўны Савет стаў для яго перашкодай. Але перашкодай на шляху куды? Вядома ж, да ўстанаўлення асабістай дыктатуры, каб усур’ёз і надоўга. Сёння ён перамог рукамі гарылаў у чорных масках. Ужо пэўна, што на Беларусі не будзе парламенту, не будзе дэмакратычных выбараў, знікнуць рэшткі вольнай прэсы. Краінай закіруе прэзідэнцкая хунта. А як кіруюць хутны, мы добра ведаем з нядаўняга вопыту».
З размовы з карэспандэнтам расійскай службы «Радыё Свабода»:
«Тое, што робіць Лукашэнка і яго рэжым, скіравана на поўную ліквідацыю суверэннасці. Але, акрамя таго, ён пад гэтай падставай знішчае нацыянальную культуру, нацыянальную літаратуру, нацыянальную мову».
З ліста да ўкраінскага сябра Васіля Бурана:
«Канчаецца віза. Паеду да Лукашэнкі, на ягоную міласць. А ён можа адабраць пашпарт, пасадзіць, аб’явіць, што Быкаў украў у дзяржавы мільён даляраў — знойдзецца дзясятак сведак, якія пацвердзяць, адпаведныя дакументы, суддзі, пракуроры. Альбо можна знікнуць без сляда, як палітыкі ўжо многія. А ўсё таму, што некалі выступіў супраць яго і на выбарах агітаваў за Пазьняка. А тут я таксама пад ягоным калпаком. І кожны мой крок, і кожнае слова адсочваецца і дакладаецца ў Мінск, у Маскву таксама».
Апошняя публічная прамова: «Жыве Беларусь!»
Выступіць з апошняй публічнай прамовай Васілю Быкаву было наканавана 23 сакавіка 2003 года, падчас угодак БНР у Празе. Здаецца, гэтыя словы сёння патрэбныя кожнаму з тых, хто страціў веру і засумняваўся ў непазбежнай перамозе праўды і справядлівасці ў нашай краіне:
«85 гадоў таму Беларусы здзейснілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, не вызвалілі краіну, не дамагліся свабоды. Але іх подзвіг будзе адзначаны яшчэ доўга, можа быць да канца стагоддзяў. Таму што яны запалелі кволую свечачку надзеі сярод беларусаў. І вось гэтая акцыя аказалася самай важнай, і самай бясцэннай.
Пры яе сціплым святле яны як маглі змагаліся з бальшавісцкай навалай, фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагоддзі ўкараніліся ў гаротным народзе. Мы ўсцешаны, што гэтая свечачка гарыць і дасюль, і хаця яе зыркі агенчык слаба свеціць, часам капціць, але ён дае спадзяванак шмат якім пакаленням беларусаў на святло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным свеце нікому няма і не будзе жыцця.
Але мы не хочам вечнай начы, мы Божага стварэння людзі і маем права на Боскую долю. Памажы нам Гасподзь і Жыве Беларусь!»