Першы мітынг у «Курапатах» — пачатак новага беларускага Адраджэння
19 чэрвеня 1988 года амаль 10 тысяч беларусаў на чале з Зянонам Пазняком упершыню рушылі ў «Курапаты», каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінізму. Курапаты сталі сімвалам грамадскага супраціву таталітарнаму рэжыму. Узгадаем, як гэта было.

Выступ Зянона Пазняка 19 чэрвеня 1988 года. Фота Міколы Таранды для сайта «Радыё Свабоды»
«Ачышчэнне сумлення неабходна грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд — найвялікшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, не стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават «ціхія пенсіянеры», — пісаў Зянон Пазняк у артыкуле «Курапаты — дарога смерці».

«Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія і не бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народа, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павінен быць рахунак сумлення, каб не вярнулася смерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй».
Верагодна, прыслухаўшыся да гэтага закліку, 19 чэрвеня 1988 года амаль 10 тысяч нашых суграмадзянаў рушылі ў Курапаты, каб ушанаваць памяць бязвінна палеглых і асудзіць камуністычны рэжым.

А.Бяляцкі, А, Астраўцоў, С. Адамовіч. Курапаты 1988
Мітынг і шэсьце былі арганізаваныя актывістамі моладзевай нефармальнай суполкі «Талака». Міліцыя людзей не спыняла і не арыштоўвала (у адрозьненьне ад наступнай акцыі на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году), паведамляла «Радыё Свабода». Пасьля арганізатараў пакаралі штрафам — па 50 рублёў.
Адметна, што першае грамадскае шэсце ў «Курапаты» адбылося 19 чэрвеня — у дзень народзінаў вялікага беларуса Васіля Быкава, без якога публікацыя легендарнага артыкула Зянона Пазняка за савецкім часам наўрад ці была б магчымай.

З прадмовы Васіля Быкава да артыкула «Курапаты — дарога смерці»:
«У нас ёсць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сведчанне гераізму беларускага народа ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленням аб ахвярах сталіншчыны. Тое няправільна і недаравальна!
Мы павінны памятаць аб іх — не героях, а бязвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклён, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова «Завошта!».
Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытанне, затое адказ на яго павінны зразумець мы.
Менавіта гэтай мэце і служыць змешчаная ніжэй публікацыях двух аўтараў, здзейсніўшых свой людскі абавязак перад народам і перад гісторыяй».
Аўтар «Новага Часу» Марат Гаравы пісаў: «Толькі праз пяць гадоў пасля адкрыцця Курапатаў дзяржава пад ціскам грамадскасці надала ім статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. І толькі праз 16 гадоў зацвердзіла межы зонаў аховы, якія вызначаюць рэжымы ўтрымання прылеглых абшараў. Аднак гэтыя межы няўхільна скарачаюцца...
У школьных падручніках гісторыі Беларусі ўвогуле не згадваюцца Курапаты. Ва ўрочышчы зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў вандалізму, аднак праваахоўныя органы ані разу не затрымалі злачынцаў. А калі ў 2008 годзе іх затрымалі грамадскія актывісты, чыноўнікі зрабілі ўсё, каб злачынцы засталіся непакаранымі. У 1989 годзе беларускі ўрад прыняў пастанову аб узвядзенні ў Курапатах помніку, але гэтая пастанова не выкананая і па сёння».
Палітычны аглядальнік і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык у кнізе «Сем гадоў беларускага адраджэння» трапна заўважае:
«Адкрыцьцё пахаваньняў дзясяткаў тысячаў ахвяраў было ўдарам у самае сэрца камунізму.
Курапаты застануцца, нават калі іх закатаюць пад асфальт (але перакананы, што ў будучым беларусы створаць тут нацыянальны мэмарыял. Ён ужо ствараецца народам і ўжо існуе).
Абнародаваньне праўды пра Курапаты надало імпульс новаму нацыянальнаму Адраджэньню, і ў выніку — аднаўленьню беларускай Незалежнасьці».
