Масква пагражае ўдарам па Кіеву ў выпадку «правакацый» на парадзе 9 траўня
У МЗС РФ анансавалі «ўдар у адказ» па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» у Кіеве 9 траўня нягледзячы на тое, што Мінабароны Расіі абвясціла «перамір'е» на 8-9 траўня. А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў час гэтага «перамір'я» абяцае дзейнічаць «люстэркава», пры гэтым адзначыўшы: Пуцін даваяваўся да таго, што парад у Маскве залежыць ад добрай волі Украіны. Ідуць 1534-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 157 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 штурмаў расіян ў бок Ніканораўкі, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Шаўчэнка, Пакроўску, Грышына, Сяргееўкі, Маладзецкага, Новага Данбасу.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку ў раёнах Злагоды, Дабраполля, Стараўкраінкі, Зялёнага, Рыбнага і ў бок Горкага, Гуляйпольскага, Прылук.
На Паўднёва-Слабажанскім, Ліманскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы атакаваў пазіцыі УСУ па 17 разоў на кожным.
На Купянскім кірунку армія РФ атакавала 10 разоў, у бок Курылаўкі, Пясчанага, Наваплатонаўкі і ў раёнах Бароўскай Андрэеўкі, Радзькоўкі, Петрапаўлаўкі.
* * *
У ноч на 7 траўня Расія атакавала Украіну 102 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 92 БпЛА на поўначы і ўсходзе краіны. Атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА.
У выніку начной атакі расійскіх беспілотнікаў на Дняпро пацярпелі двое чалавек, ўзнік пажар у шматпавярховым жылым доме.
Два дроны заляцелі ў паветраную прастору Латвіі з боку Расіі раніцай 7 траўня, паведамілі прадстаўнікі латвійскай арміі і паліцыі. Адзін з дронаў упаў на вуліцы, дзе размешчана нафтасховішча ў горадзе Рэзекнэ, за 40 км ад расійскай мяжы. Месца падзення другога беспілотніка пакуль не вызначана.
Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс адзначыў, што існуе імавернасць, што гэта ўкраінскія беспілотнікі, якія былі нацэлены на мэты ў Расіі. «Але гэта толькі здагадка, інфармацыя патрабуе праверкі», — адзначыў ён.
* * *

* * *
У МЗС РФ анансавалі «ўдар у адказ» па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» у Кіеве 9 траўня. Прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава заклікала дыпламатаў эвакуявацца з Кіева. Захарава паведаміла, што «калі Кіеў рэалізуе злачынныя планы ў дні святкавання перамогі, удар будзе нанесены, у тым ліку, па цэнтрах прыняцця рашэнняў».
«МЗС Расіі заклікае ўлады вашай краіны/кіраўніцтва вашай арганізацыі з максімальнай адказнасцю паставіцца да данай заявы і забяспечыць заўчасную эвакуацыю з горада Кіева персаналу дыпламатычных і іншых прадстаўніцтваў, а таксама грамадзян у сувязі з непазбежнасцю нанясення УС РФ удару ў адказ па Кіеве, у тым ліку па цэнтрах прыняцця рашэнняў, у выпадку рэалізацыі кіеўскім рэжымам сваіх злачынных тэрарыстычных задум у дні святкавання Вялікай Перамогі», — сказала яна.
Нагадаем, 4 траўня расійскае Мінабароны ў аднабаковым парадку абвясціла «перамір’е» 8-9 траўня, а ў выпадку «зрыву» правядзення параду 9 траўня ў Маскве, прыгразіла нанесці масіраваны ракетны ўдар па цэнтры Кіева.
* * *
Расія разглядала магчымасць ядзернага ўдару па Украіне, аднак Кітай перасцярог Маскву ад прымянення ядзернай зброі, распавёў былы дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен у інтэрв’ю Financial Times.
Ён адзначыў, што ЗША былі «вельмі занепакоеныя», паколькі расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін, верагодна, разглядаў ядзерны варыянт супраць Украіны. «Нават калі імавернасць вырасла з 5 да 15 працэнтаў, калі гаворка ідзе пра ядзерную зброю, няма нічога больш сур’ёзнага», — сказаў Блінкен.
Паводле слоў Блінкена, у ЗША ёсць падставы меркаваць, што Кітай уступіў у сувязь з Расіяй і сказаў: «Не рабі гэтага».
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія сарвала «рэжым цішыні» 6 траўня, і ў далейшым ён паабяцаў дзейнічаць люстэркава.
Паводле яго слоў, Расія атрымала выразнае прапанаванне адносна спынення агню і пераходу да дыпламатыі, але не спыніла ваенную актыўнасць, таму Украіна будзе дзейнічаць люстэркава з улікам сітуацыі.
Зяленскі падкрэсліў, што Расія адказала на ўкраінскую прапанову спынення агню толькі новымі атакамі. Ніводзін з відаў сваёй ваеннай актыўнасці Расія не спыніла.
«Расія атрымала ад нас выразнае прапанаванне адносна цішыні і дыпламатыі і ведае, як звязацца з Украінай або з партнёрамі, каб узгадніць дэталі. Калі ж таго аднаго чалавека ў Маскве, які не можа жыць без вайны, цікавіць толькі парад і больш нічога, то гэта іншая справа. Украіна гатовая працаваць дзеля міру. Украіна імкнецца годна скончыць гэтую вайну. Расія даваявалася да таго, што і іх галоўны парад ужо залежыць ад нас. І гэта выразны сігнал: трэба заканчваць», — адзначыў ён.
* * *
За апошнія месяцы Украіна дасягнула лепшых вынікаў на полі бою, тады як Расія панесла сур’ёзныя страты і страціла частку пазіцый, заявіў былы дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, паведамляе тэлеканал C-Span.
«Лінія размежавання на полі бою наўрад ці зрушыцца вельмі далёка ў любым кірунку. На самай справе за апошнія некалькі месяцаў украінцы сапраўды дасягнулі значна лепшых вынікаў, а расіяне панеслі жахлівыя страты і фактычна страцілі трохі пазіцый», — сказаў ён.
Паводле слоў Блінкена, раней расійскія войскі прасоўваліся «літаральна на некалькі соцень футаў», і такое прасоўванне суправаджалася вялікімі стратамі.
«Гэта змяніла тэндэнцыю, калі яны захаплялі літаральна некалькі соцень футаў, але жахлівай цаной. Такім чынам, гэты тупік рэальны. Але ёсць і іншыя месцы, дзе няма тупіка», — адзначыў былы дзяржсакратар ЗША.
* * *
Галоўны перамоўшчык Украіны Рустэм Умераў на гэтым тыдні павінен вылецець у Маямі на сустурэчу са спецпасланнікам ЗША Стывам Уіткафам, паведамляе Bloomberg. Мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік — пазіцыі бакоў па Данецкай вобласці застаюцца несумяшчальнымі, піша Bloomberg.
Масква патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з Данецкай вобласці. Кіеў настойвае: не будзе саступаць ніводнай тэрыторыі пад сваім кантролем і не будзе прызнаваць незаконна акупаваныя землі.
Папярэднія раўнды перамоў дасягнулі пэўнага прагрэсу ў многіх пытаннях, але статус Данецкай вобласці і дэталі гарантый бяспекі для Украіны застаюцца галоўнымі камянямі спатыкнення.
Кіеў спадзяваўся, што Уіткаф разам з Джарэдам Кушнерам наведаюць Украіну ў красавіку, аднак гэтага не здарылася.