Вызваленне Мікіты Емяльянава і новыя справы. Хронікі рэпрэсій 4 траўня
70-гадовага праваабаронцу абвінавачваюць у «экстрэмізме», палітвязняў працягваюць судзіць у калоніях, а Мікіта Емяльянаў выйшаў на волю пасля амаль сямі гадоў за кратамі.

Стала вядома, у чым абвінавачваюць 70-гадовага праваабаронцу Уладзіміра Целепуна
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», Уладзіміру інкрымінаваны арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Уладзімір Целепун вядомы ў рэгіёне сваёй дзейнасцю па абароне правоў чалавека, у тым ліку права на мірныя сходы. У 1986 годзе ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мае праблемы са здароўем.
На волю выйшаў палітвязень Мікіта Емяльянаў
Пра гэта паведамляе @dissidentBY. У зняволенні Мікіта правёў 2386 дзён, з іх больш за 648 сутак у ШІЗА.
Гісторыя палітычнага пераследу актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава пачалася 20 кастрычніка 2019 года. Пазней, тады 19-гадовага хлопца, асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд скараціў тэрмін да чатырох гадоў.
За кратамі яго месяцамі ўтрымлівалі ў штрафных ізалятарах, ён абвяшчаў галадоўкі, яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і два разы судзілі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК). На волю ён мусіў выйсці ў 2025 годзе, але яго зноў асудзілі.
У турэмных камерах Мікіта пачаў губляць зрок. Два апошнія гады яму забаранялі атрымліваць медычныя бандэролі: ні вітамінаў, ні неабходных прэпаратаў.
Першы фотаздымак Мікіты Емяльянава на волі апублікаваў @dissidentBY.

Са слоў маці маладзёна, ён адчувае сябе добра, і пагаршэння здароўя няма.
Каля Баранавічаў затрымалі ўдзельнікаў руху «Антыфа»
Сцвярджаецца, што «маладыя анархісты зладзілі “трэніровачны збор” пад Баранавічамі для адточвання сваіх навыкаў і абмеркавання злачынных планаў».
Былога міліцыянта з Гродна Міхаіла Куцко будуць завочна судзіць за «здраду дзяржаве»
Яго справу 18 траўня пачне разглядаць Гродзенскі абласны суд.
Летам 2020 года ён запісаў зварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазней ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» «Фонд Шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра» (Swedish International Liberal Center)
Адпаведнае рашэнне было прынятае Вярхоўным судом Беларусі 23 красавіка.
Паводле Вярхоўнага суда, дачыненне да фонду маюць Пер Олсан (Per Olsson), Цэзар Чырына (Cesar Chirino), Вольга Неманежына (Olga Nemanezhyna), Сандра Форс (Sandra Fors), Адына Марцін (Adina Martin), Інг-Мары Віклунд (Ing-Marie Viklund), Андэрс Бергедэн (Anders Bergheden), Індры Булавайце-Андрэева (Indre Bulavaite-Andrejeve).
SILC (Swedish International Liberal Centre) — шведская палітычная фундацыя, створаная ў канцы 1980-х гадоў. Арганізацыя падтрымлівае актывістаў у аўтарытарных краінах, дапамагаючы ў барацьбе за дэмакратыю, правы чалавека і грамадзянскую супольнасць. SILC працуе ва Усходняй Еўропе, Паўночнай Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Стакгольме.
У красавіку сустрэчу з SILC праводзіў Алесь Бяляцкі.
Палітвязня Уладзіміра Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне» ў калоніі
У судзе Мазырскага раёна 20 траўня палітвязня Уладзіміра Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч. 1 арт. 411 КК), піша @stranafund. Раней яму ўжо двойчы дадавалі па годзе зняволення.
Нагадаем, былога сілавіка і валанцёра каманды затрымалі 4 чэрвеня 2020 года. На судзе ён, як і ўсе, не прызнаў віну і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай у Гродне падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую — правакацыя сілавых ведамстваў Беларусі.
У выніку Уладзіміра асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Затрыманыя каталіцкія вернікі Вольга Муская і Валеры Краснагір
На мінулым тыдні былі затрыманыя каталіцкія вернікі з Мінска Вольга Муская і Валеры Краснагір.
Сужэнцы не выходзяць на сувязь як мінімум з чацвярга. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося ў іх доме, піша @christianvision.