Беларусь — паміж Еменам і М’янмай, новыя прысуды і прозвішчы ў «экстрэмісцкіх» спісах. Хронікі рэпрэсій 30 красавіка

 Беларусь застаецца ўнізе сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы, а ў краіне працягваюцца крымінальныя пераследы за выказванні і «ўзаемадзеянне з экстрэмісцкімі фармаваннямі». Новыя палітвязні, прысуды і пашырэнне «экстрэмісцкіх» спісаў — галоўнае за 30 красавіка.

1_1097_1.png

У Індэксе свабоды прэсы Беларусь заняла 165-е месца — паміж Еменам і М’янмай

У 2025 годзе Беларусь займала 166-е месца са 180 у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы, які складае міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», піша «Свабода».

Беларусь, паводле іх, была «самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў да ўварвання Расіі ва Украіну». Там звяртаюць увагу на масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і тое, што Беларусь з’яўляецца адной з лідарак па колькасці зняволеных журналістаў. Цяпер 22 журналісты і працаўнікі беларускіх СМІ застаюцца за кратамі.

У студзені 2025 года арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд на «беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі» ў дачыненні да журналістаў з боку Лукашэнкі.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал «вДудь» — на яго падпісаныя больш за 10 мільёнаў чалавек

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Чыгуначнага раёна Віцебска 27 красавіка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

• кніга «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі — Менск: Аналітычны грудок, 2003. — 296 с.»;

• сайт «ecohome.ngo»;

• старонка ў TikTok «user37482224238772»;

• старонка ва «Укантакце» «Калі ласка — Беларусь»;

• Instagram-старонкі «e.solenkov», «baza-_florida», «Shimizu satoshi», «komissarovalecs», «malyavko.vladimir», «jurkadeshuk», «vasili.nikalayey.official», «Беларусы Тампы»;

• старонкі ў Facebook «Baza Florida», «Паўлюк Быкоўскі», «Сяргей Пятрухін», «Usau Pavel», «Міхаіл Політыка», «Беларусы Тампы і ваколіц (Tampa, St. Pete, Sarasota etc.)»;

• старонка ў Threads «klasby84».

У Беларусі +10 новых палітвязняў

Гэта Максім Сямітка, Святлана Ангелейка, Яўген Федасенка, Віктар Кізевіч, Аляксандр Конанаў, Аляксей Кузаваткін, Уладзімір Целяпун, Наталля Уласава, Віктар Жданюк, Віталь Лухверчык.

Яны змешчаныя пад варту і асуджаныя да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі, у сувязі з «узаемадзеяннем з экстрэмісцкімі фармаваннямі» і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 35 прозвішчаў — цяпер у ім 6578 чалавек

30 красавіка МУС зрабіла традыцыйнае абнаўленне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іх 33 чалавекі былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмізму» (арт. 361-4 КК).

Яўгена Скочку асудзілі на тры гады калоніі

З апублікаванага МУС спісу «экстрэмістаў» стала вядома, што Яўгена Скочку падверглі крымінальнаму пераследу і пазбавілі волі, піша Хрысціянская візія.

Яўген Скочка — праваслаўны вернік з Гомеля, юрыст, прадпрымальнік, шматдзетны бацька. У мінулым ён быў адным з лідараў арганізацыі «Малады Фронт» і актыўным удзельнікам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, аднак яшчэ з сярэдзіны 2000-х гадоў адышоў ад палітыкі. Пазней займаўся будаўніцтвам храмаў і аказваў юрыдычную дапамогу людзям.

Паводле спісу, у красавіку 2026 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Таксама яму інкрымінавалі «паклёп», «абразу Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».

Раней пра яго крымінальны пераслед публічна не паведамлялася. Цяпер Яўген Скочка ўтрымліваецца ў СІЗА-3 у Гомелі.

Дацэнта Віцебскай ветакадэміі асудзілі за «абразу Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмізму»

У Віцебску асудзілі выкладчыка, кандыдата ветэрынарных навук Дзяніса Голубева — за абразу Лукашэнкі і, імаверна, па справе «Беларускага Гаюна».

Яго імя з’явілася на сайце МУС у абноўленым пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле інфармацыі ведамства, справу разглядаў Віцебскі абласны суд. Голубева прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і чч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цяпер ён за кратамі, тэрмін невядомы.

51-гадовы Дзяніс Голубеў — ураджэнец Віцебска, выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Працаваў у сваёй alma mater (у 2008–2012 гадах быў намеснікам дэкана біятэхналагічнага факультэта), а таксама ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Мае ступень кандыдата ветэрынарных навук. У апошнія гады быў дацэнтам кафедры паталагічнай анатоміі і гісталогіі ВДАВМ.

Юрыя Едкоўскага з Гродна асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Едкоўскі Юрый Станіслававіч з Гродна 30 красавіка папоўніў спіс «экстрэмістаў», піша Право имеют.

Яго судзілі ў Гродзенскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 368 і чч. 1, 2 арт. 361-4 КК — «абраза Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмізму». Мужчына адбывае пакаранне.

У 2024 годзе яго ўжо судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У пракуратуры распавялі падрабязнасці завочнага пераследу Дзмітрыя Балкунца

У абвінавачанні сказана, што Балкунец «стварыў і размясціў не менш за 28 інфармацыйных публікацый заахвочвальнага характару», у якіх заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы і ўвядзення санкцый.

Таксама ён нібыта «кіраваў экстрэмісцкім фармаваннем “Форум дэмакратычных сіл Беларусі”» і «вырабіў і размясціў у Telegram- і YouTube-каналах матэрыялы з загадзя ілжывымі і зневажальнымі звесткамі пра Лукашэнку».

Завочны суд над Балкунцом пачнецца 15 траўня ў Мінскім гарадскім судзе.