Вызваленне Пачобута і новыя справы. Хронікі рэпрэсій 28 красавіка
Журналіста Анджэя Пачобута вызвалілі і вывезлі ў Польшчу ў межах абмену зняволенымі. На гэтым фоне ў Беларусі працягваюцца новыя крымінальныя справы і прысуды.

З наваполацкай ПК-1 вызвалілі журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута. Яго вывезлі ў Польшчу: сёння на беларуска-польскім памежжы адбыўся абмен зняволенымі па формуле «пяць на пяць».
Паводле БелТА, гэта стала «кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцыяй выведкі Польшчы, які ажыццяўляўся па прамым даручэнні прэзідэнта Беларусі».
Анджэй Пачобут быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі за «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (арт. 130 КК). За кратамі ён правёў больш за пяць гадоў. Раней палітвязень неаднаразова адхіляў прапановы аб вызваленні ў абмен на прашэнне аб памілаванні і выезд з Беларусі.
Пасля вызвалення ён спытаў, ці зможа вярнуцца на радзіму — яму афіцыйна пацвердзілі, што так.
Пачобут узгадаў умовы ўтрымання ў калоніі ў Наваполацку. «Ад намесніка начальніка турмы ён пачуў: “Пачобут, нам не трэба, каб ты быў мёртвы, нам трэба, каб ты быў жывы”. Але пра яго здароўе не дбалі», — пераказвае «Наша Ніва» яго словы.
«Думалі, што мяне адразу запалохаюць, зламаюць, а я не даўся. Два гады жыў пры адчыненым акне — і зімой, і летам. А ў ШІЗА, гэта значыць у карцары [правёў там 167 дзён], у мяне не было нічога. Спаў на дошках».
Ён таксама распавёў пра момант вызвалення: «Калі кадэбісты сказалі, што я выязджаю ў Польшчу, я адмовіўся. Запатрабаваў гарантый, што змагу вярнуцца. Прывезлі чыноўніка адміністрацыі прэзідэнта, патэлефанавалі польскаму паверанаму ў справах. Я спытаў, ці змагу вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў. Пацвердзілі і беларускія чыноўнікі».

Анджэй Пачобут з журналістам польскай «Газеты Выборчай»: пасля 1860 дзён за кратамі.
У межах гэтага ж абмену былі вызваленыя яшчэ некалькі чалавек. Польскі бок перадаў пяцёх грамадзян Расіі, Беларусі і краін СНД, беларускі — трох грамадзян Польшчы і двух — Малдовы.
Сярод вызваленых — манах-кармеліт Гжэгаж Гавэл. Ён — грамадзянін Польшчы з Кракава, манах каталіцкага ордэна кармелітаў. У ліпені паведамлялася, што ён абараніў магістарскую дысертацыю. Пра яго затрыманне стала вядома 4 верасня: дзяржаўныя медыя паведамлялі, што яго затрымалі ў Лепелі і абвінавацілі ў «шпіянажы» (арт. 358 КК) — нібыта за атрыманне плана беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025». Гжэгаж быў прызнаны палітычным зняволеным.
Польшчы таксама перадалі палітвязня Томаша Бярозу, паведамляе «Наша Ніва». Томаш — грамадзянін Польшчы. Ён жыў у Кобрыне, мае жонку-беларуску з Кобрынскага раёна. Улетку 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе яго асудзілі да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 358-1 КК («агентурная дзейнасць») і арт. 358 КК («шпіянаж»).
На былую палітзняволеную Ганну Курыс завялі новую крымінальную справу
Ганна Курыс паведаміла Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што супраць яе распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Падставай стала інтэрв’ю «Вясне», у якім яна распавяла пра ўмовы свайго ўтрымання падчас зняволення.
У сувязі з новай справай ёй змянілі меру стрымання: у выпадку вяртання ў Беларусь яе павінны неадкладна змясціць пад варту.
Супраць былога палітвязня Аляксея Раманава завялі новую справу
Падставай стала яго інтэрв’ю «Белсату» ў 2024 годзе.
На гэтым тыдні супрацоўнікі Следчага камітэта правялі ператрус у сваякоў мужчыны. Сам Аляксей ужо адбыў тэрмін па палітычнай справе і быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Раманаў — гомельскі актывіст, мае інваліднасць II групы з-за анкалагічнага захворвання. Яго неаднаразова затрымлівалі падчас выбарчай кампаніі, а пазней асудзілі за «абразу Лукашэнкі».
Пасля вызвалення ўлады анулявалі ягоную інваліднасць.
Гомельца асудзілі да «хатняй хіміі»
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 38-гадоваму жыхару Гомеля Максіму Ганчарову.
Яго прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Дакладны прысуд удакладняецца, але вядома, што ён не звязаны з пазбаўленнем волі — найбольш імаверна, гаворка пра абмежаванне волі без накіравання ў ўстанову.
Новае ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Спіс папоўнілі:
▪️ старонкі ў Threads «Вясны», «raslkulevich», «blackswan7901», «Светлана Куткович», «Игорь Дидуэль», «Алесь», «ЗБС ǀ BSA ǀ zbsunion.org»;
▪️ старонкі ў Facebook «Deutsch-belarussische gesellschaft (dbg)», «Botschaft des Volkes von Belarus in Deutschland»;
▪️ Telegram-канал «Шукаем беларусаў»;
▪️ старонка ва «Укантакце» «ПОТОК»;
▪️ старонкі ў Instagram «volat_uav_group», «bkspahonia», «team_ivulin»;
▪️ старонка ў TikTok «grodnonovosti44».