Новае «экстрэмісцкае фармаванне», затрыманні і прысуд. Хронікі рэпрэсій 29 красавіка

У Беларусі працягваецца крыміналізацыя медыя і культурных ініцыятыў, адбываюцца масавыя затрыманні, а людзей асуджаюць па палітычных артыкулах.

1_1097_1.png

МУС прызнаў «Reform.news» «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прыняло МУС.

Паводле ведамства, дачыненне да праекта маюць Паўлючэнка Фёдар, Атрошчанкаў Аляксандр і Жукаў Аляксей.

У Наваполацку прайшоў «хапун» за «сувязі з экстрэмістамі»

23 красавіка ў горадзе былі затрыманыя не менш за 12 жанчын. Ва ўсіх правялі ператрусы, некалькі чалавек адразу адвезлі ў віцебскі СІЗА, астатніх дапытвалі ў Наваполацку. Восем чалавек адпусцілі ў той жа вечар, паведамляе «Віцебская Вясна».

У адной з затрыманых знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы — яе пратрымалі пад вартай трое сутак і ў мінулы панядзелак асудзілі да адміністрацыйнага штрафу.

Вядома, што на ўчорашні дзень прынамсі дзве жанчыны заставаліся за кратамі.

З усіх жанчын узялі падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні. Аднак, паводле іншых крыніц, затрыманні былі звязаныя з культурніцкімі праектамі і сталі наступствам таго, што 9 красавіка МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» шэраг культурных ініцыятыў.

Пра гэта было абвешчана толькі 24 красавіка, а затрыманні адбыліся напярэдадні.

Прычым не толькі ў Наваполацку: вядома, што трох жанчын 23 красавіка затрымалі ў Барысаве, яшчэ некалькі — у Слоніме, Брэсце і Жодзіне.

Палітзняволенай айцішніцы прысудзілі тры гады па «справе Гаюна»

Вользе Буланавай 43 гады. Яна з Бабруйска. Пасля заканчэння мясцовага аграрна-эканамічнага каледжа ў 2004 годзе яна ўладкавалася аператаркай ПЭВМ на Бабруйскую абутковую фабрыку.

Аддаўшы фінансам больш за 10 гадоў, Буланава вырашыла кардынальна змяніць жыццё. У 2018–2019 гадах яна прайшла навучанне ў IT Academy і атрымала прафесію UI/UX-дызайнеркі, пасля чаго знайшла працу ў IT.

Паводле інфармацыі з сацсетак, да затрымання яна жыла ў Літве, але перыядычна ездзіла ў Беларусь. У жанчыны ёсць муж і дзіця, піша «Наша Ніва».

Вольгу арыштавалі 21 мая 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

3 студзеня ёй прысудзілі тры гады калоніі.