Новыя палітвязні, «экстрэмісцкія» спісы і атака на Kamunikat.org. Хронікі рэпрэсій 7 траўня

 У Беларусі прызналі яшчэ дзевяць чалавек палітвязнямі, МУС абвясціла «экстрэмісцкім фармаваннем» анархісцкую ініцыятыву ABC-Belarus, а пасля хакерскай атакі перастаў працаваць сайт беларускай анлайн-бібліятэкі Kamunikat.org. Сабралі галоўнае пра новыя выпадкі палітычнага і культурнага пераследу.

1_1097_1.png

У Беларусі +9 новых палітвязняў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Івана Цыбульскага, Дзмітрыя Грачова, Ягора Кракасевіча, Аляксандра Шайпака, Максіма Смірнова, Дзмітрыя Дробыша, Аляксандра Петрашкевіча, Сяргея Алдасева і Яўгена Скочку.

Таксама сёння распачаўся збор у падтрымку Яўгена Скочкі і яго сям’і. Далучыцца да збору можна па спасылцы.

Ініцыятыву «Анархічны чорны крыж — Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» і забараніла дзейнасць ініцыятывы «Анархічны чорны крыж — Беларусь» (ABC-Belarus). Пра гэта паведамілі праўладныя рэсурсы.

Паводле афіцыйнай версіі ведамства, прычынай нібыта стала «арганізацыя дзейнасці па падрыхтоўцы замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку», а таксама «дыскрэдытацыя і абраза службовых асоб».

Мінінфарм абнавіў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

У чарговае абнаўленне Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі дзясяткі старонак у сацыяльных сетках.

У спіс дадалі Facebook-старонкі «Алесь Лагвiнец — Aleś Łahviniec», «Загадкi беларускай гiсторыi», «Беларусы Украiны», «Dzmitry Busel», «Алег Шабетнiк», Instagram-старонку «thisisyouth.info», а таксама вялікую колькасць старонак у Threads, сярод якіх — акаўнты Анатоля Лябедзькі, Андрэя Курэйчыка, NAVIBAND, Mikola Dziadok, Charter97.org, Андрэя Стрыжака, Volunteer Service of Viasna Human Rights Center і іншых.

Таксама ў спіс уключылі старонку «Voice of Belarus» у сацсетцы X.

42-гадовую інжынерку з Калодзішчаў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

42-гадовую Наталлю Непачаловіч асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляе «Наша Ніва».

Наталля родам са Слуцкага раёна. Доўгі час яна жыла ў Расіі, дзе працавала вядучым інжынерам у «Альфа-Банку». Пазней жанчына вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Калодзішчах пад Мінскам.

Непачаловіч замужам і мае дзіця. Яе затрымалі ў мінулым годзе і змясцілі ў СІЗА. Дакладны прысуд невядомы, аднак паведамляецца, што жанчыне прызначылі «хатнюю хімію».

Сайт беларускай анлайн-бібліятэкі Kamunikat.org перастаў працаваць пасля хакерскай атакі

У ноч на 7 траўня невядомыя ўзламалі і вывелі са строю сайт Kamunikat.org — адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры і літаратуры.

У выніку атакі быў знішчаны плён больш чым 25-гадовай працы каманды, паведаміў у Facebook заснавальнік анлайн-бібліятэкі Яраслаў Іванюк. Цяпер рэсурс цалкам недаступны.

Стваральнікі праекта звязваюць інцыдэнт са спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі.

«Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій супраць беларускай культуры і мовы, Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці. Хакерская атака чарговы раз пацвердзіла, што Kamunikat — важны культурніцкі праект, які як соль у воку для спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі», — адзначылі прадстаўнікі праекта.

Каманда бібліятэкі падкрэслівае, што не збіраецца спыняць працу. Праект плануюць аднавіць, хоць аднаўленне архіваў можа заняць працяглы час.