Пасьля забаронаў і цэнзуры: Сымона дэ Бавуар нарэшце па-беларуску

Сёлета спаўняецца 40 гадоў з дня сьмерці Сымоны дэ Бавуар — філязофкі, якая зьмяніла ўяўленьне пра ролю жанчыны ў сьвеце. І толькі цяпер яе ключавыя тэксты пачынаюць выходзіць па-беларуску — разам з кнігай, што спрабуе асэнсаваць яе ўплыў у беларускім кантэксьце.

 Сымона дэ Бавуар, 1967 г. Фота: Мошэ Мільнер / GPO (CC BY-SA 3.0)

 Сымона дэ Бавуар, 1967 г. Фота: Мошэ Мільнер / GPO (CC BY-SA 3.0)

9 красавіка — роўна сорак гадоў таму памерла слынная філязофка і пісьменьніца, якая моцна паўплывала на жаночую эмансыпацыю і дапамагла паверыць у свае сілы сотням тысячаў францужанак ды іншых жанчын у сьвеце — Сымона дэ Бавуар.

Яе творы забараняў Ватыкан, СССР, Іран; яе выступы на радыё цэнзураваў і забараняў на дзесяцігодзьдзі архіяпіскап манрэальскі; яе эсэ перакладаліся крыва і з купюрамі. Нарэшце, у год саракагодзьдзя сьмерці яе творчасьць адкрываецца беларускім чытачкам і чытачам.

1775736456168blob.jpg

Неўзабаве ў выдавецтве «Скарына» выходзяць адразу дзьве кнігі, зьвязаныя з Сымонай дэ Бавуар. Першая — пераклад яе аповесьці пра сьмерць маці «Вельмі лагодная сьмерць». Другая — зборнік эсэ і артыкулаў пра саму пісьменьніцу — «Сымона дэ Бавуар і Беларусь». Гэты зборнік ёсьць своеасаблівым уступам у яе творчасьць, а таксама спробай асэнсаваньня фэмінісцкай і палітычнай думкі мысьляркі.

Глядзіце таксама

Варта адзначыць, што нават пасьля сьмерці філязофка застаецца на стрыжні часу. Так, у пачатку красавіка яе знакамітае эсэ «Другі пол» нарэшце выйшла ў самай прэстыжнай францускай сэрыі «Бібліятэка Плеяды». Таксама 2 красавіка сьвет пабачыў зборнік фэмінісцкіх тэкстаў пісьменьніцы пад назвай «Як толькі жанчыны расплюшчылі вочы: фэмінісцкія тэксты і выступы (1947–1985)», у які ўвайшлі рэдкія тэксты, неапублікаваныя дасюль інтэрвію, а таксама іншыя важныя публікацыі аўтаркі, што раней выходзілі на іншых мовах. Да выданьня кнігі спрычыніліся Эстэр Дэмолен і прыёмная дачка Сымоны дэ Бавуар — Сільві Лё Бон дэ Бавуар.

unnamed_315.png

Важна і тое, што «Бібліятэка Плеяды» ўключыла ў сваю залатую калекцыю эсэ з няпростай гісторыяй. І не менш істотна, што, няхай і з спазьненьнем у сорак гадоў, да беларускага чытацтва нарэшце пачынае даходзіць творчасьць францускай мысьляркі ў перакладзе на беларускую мову.