У Беларусі працягваюць пераследаваць палітычных апанентаў і пашыраць «экстрэмісцкія» спісы. Хронікі рэпрэсій 14 жніўня
Вакалістку Dymna Lotva Кацярына Манкевіч пачынаюць завочна судзіць паводле шэрагу палітычных артыкулаў. Дзяніса Адаміна, якога судзяць за «распальванне варожасці», уключылі ў «спіс тэрарыстаў». МУС дадало яшчэ чатыры чалавекі ў «спіс экстрэмістаў», а праваабаронцы запатрабавалі перагледзець прысуды 20 былым палітвязням і цалкам іх рэабілітаваць.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 4 прозвішчы — цяпер у ім 6819 чалавек
14 жніўня МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалі Даніілу Штагге, Дзяніса Халайдава, Сяргея Крука і Івана Луніна.
Такім чынам, цяпер у «спісе экстрэмістаў» знаходзяцца 6819 чалавек.
Сёння пачынаюць завочна судзіць вакалістку Dymna Lotva
Справу 37-гадовай Кацярыны Манкевіч пачынае разглядаць Мінскі гарадскі суд.
Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 289-1 КК (прапаганда тэрарызму), ч. 1 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 366-1 КК (пагроза гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Суд над ёй праходзіць завочна.
Кнігі Паўла Севярынца, рэсурс PROINFO і старонкі ў сацсетках папоўнілі «экстрэмісцкі» спіс
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:
- TikTok-акаўнты: «pershy» (pershy), «@mediapalesse» (Palesse), «#ЖЫВЕБЕЛАРУСЬ», «Жыве беларусь», «Проверяем Беларусь», «Святы Байструк КОЛА-КОЛЯ»;
- Instagram-акаўнты: «Проверяем Беларусь», «majsternia_ps», «natalya.kukisheva» (Natalya Kukisheva), «zhyvye_vechna» (Alena Shynkarevich), «alesvetras» (Алесь Ветразь), «volnylitvin» (Bielaruskaja Spadčyna), «freefoman» (Freefoman | Сидел за слово. Теперь говорю.), «uladz_bel»;
- старонка ў Threads: «Проверяем Беларусь»;
- суполка ў X (Twitter): «Proinfo Informática»;
- суполка ва «ВКонтакте»: «Про Инфо»;
- суполка ў «Одноклассниках»: «Про Лунинец»;
- Telegram-акаўнт: «Proinfo»;
- сайты і рэсурсы: «PROINFO»;
- кнігі: «Паўстаньне Беларусі» Пятра Рудкоўскага (2007), «Пакаленьне Маладога Фронту» Паўла Севярынца (2004), «Палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь» Уладзіміра Роўды (2011), «Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка» Сяргея Скрабца, «Быкаў на Свабодзе» (Бібліятэка Свабоды), «Ненасілле і Беларусь» (Варшава, 1999).
Праваслаўнага верніка з Гродна абвясцілі «тэрарыстам» і судзяць за «распальванне варожасці»
Як піша «Наша Ніва», 45-гадовага гродзенца Дзяніса Адаміна судзяць паводле арт. 130 КК — за «распальванне варожасці». КДБ таксама ўключыў яго ў «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Выданне мяркуе, што падставай для пераследу маглі стаць каментары Адаміна ў Telegram.
Дзяніс Адамін — праваслаўны вернік. У 2020 годзе ён наведваў сустрэчу пра багаслоўскую адукацыю для свецкіх у праваслаўным клубе пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна.
У сацсетках Адамін пісаў па-беларуску, разважаў пра духоўныя законы і свабоду як фундаментальную патрэбу чалавека, а таксама крытыкаваў дзеянні Маскоўскага патрыярхату.
Праваабаронцы патрабуюць перагледзець прысуды 20 былым палітвязням
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 14 жніўня апублікавалі сумесную заяву з патрабаваннем перагледзець прысуды людзей, якія былі пазбаўленыя волі за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мірных сходаў і права на асацыяцыю.
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля выбараў 2020 года ўлады Беларусі працягваюць пераследаваць людзей за выказванне меркаванняў, удзел у мірных пратэстах, распаўсюд інфармацыі, падтрымку пратэстных ініцыятыў і антываенныя выказванні.
На іх думку, у шэрагу выпадкаў пераслед становіцца вядомы толькі напярэдадні вызвалення чалавека або пасля яго вызвалення. Таму праваабарончая супольнасць не заўсёды магла своечасова прызнаць людзей палітычнымі зняволенымі.
Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу, што вызваленне не азначае спынення наступстваў палітычнага пераследу. Былыя палітвязні могуць заставацца ў «спісах экстрэмістаў і тэрарыстаў», а іх прысуды не пераглядаюцца і не адмяняюцца.
У заяве праваабаронцы прыводзяць крытэры, паводле якіх чалавека прызнаюць палітычным зняволеным. Да іх належыць пазбаўленне волі за палітычныя, рэлігійныя або іншыя перакананні, негвалтоўнае ажыццяўленне свабоды думкі і выказвання, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, а таксама негвалтоўная дзейнасць дзеля абароны правоў чалавека.
Асуджаныя або ўзятыя пад варту выключна за выказванне меркаванняў без прамых заклікаў да гвалту, распаўсюд інфармацыі і ўдзел у мірных сходах, на думку праваабаронцаў, поўнасцю адпавядалі гэтым крытэрам у перыяд пазбаўлення волі.
У заяве згадваюцца 20 чалавек, якія былі пазбаўленыя волі, але ўжо вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:
Георгій Белавусаў, Юрый Бернат, Іван Бурлік, Віктар Вярбіцкі, Яўген Гомельскі, Аляксандр Дмітрук, Уладзімір Кандрацюк, Алег Каспяровіч, Мікалай Кісялёў, Іван Кравцоў, Мікіта Ломскі, Юрый Мядзведзік, Аляксандр Паповіч, Таццяна Сухавей, Сяргей Сухавараў, Кацярына Суслава, Ангеліна Тамковіч, Ігар Фаменок, Ігар Фогелеў, Георгій Чаўшнік.
Праваабаронцы ацэньваюць пераслед гэтых людзей як палітычна матываваны. Паводле іх, ён быў звязаны з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў у сувязі з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, агрэсіяй Расіі супраць Украіны і іншымі грамадска значнымі падзеямі.
У дачыненні да гэтых былых палітвязняў праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна перагледзець законнасць іх утрымання пад вартай і зняволення, перагледзець крымінальныя справы з мэтай адмены вынесеных прысудаў, цалкам рэабілітаваць людзей і кампенсаваць шкоду, прычыненую адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.
Таксама праваабаронцы патрабуюць спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.