Больш за 175 чалавек пацярпелі ў «справе ЕГУ». Хронікі рэпрэсій 17 жніўня

 У Беларусі працягваецца палітычны пераслед: улады пачалі завочны суд над Вячаславам Русіным, больш за 175 чалавек пацярпелі ў «справе ЕГУ», а 63-гадовага былога памежніка з Магілёва асудзілі за «абразу Лукашэнкі».

1_1097_1.png

У канцы жніўня пачнецца завочны суд у дачыненні да Вячаслава Русіна

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызначыў дату разгляду крымінальнай справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Вячаслава Русіна. Пасяджэнне распачнецца 27 жніўня 2026 года.

41-гадоваму Вячаславу інкрымінуецца арт. 369 КК — «абраза прадстаўніка ўлады».

Больш за 175 чалавек пацярпелі ў «справе ЕГУ»

У Беларусі працягваецца маштабны пераслед студэнтаў, выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і іх родных. Пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» сілавікі распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб «садзейнічанні» і «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле «Вясны», па стане на 17 жніўня праваабаронцам вядомыя больш за 110 студэнтаў і выпускнікоў ЕГУ, якіх пераследуюць у Беларусі. Агулам па справе пацярпелі не менш за 175 чалавек, калі ўлічваць таксама іх родных. Рэальная колькасць можа быць большай.

З 2 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя ператрусы і допыты. Вядома пра больш за 60 ператрусаў у студэнтаў, выпускнікоў і іншых людзей, звязаных з універсітэтам, а таксама ў іх сваякоў. Сілавікі цікавяцца, у тым ліку, тым, хто аплачваў навучанне ў ЕГУ.

Бацькоў студэнтаў, якія вучацца і жывуць у Літве, прымушаюць звязвацца з дзецьмі і патрабаваць ад іх адлічыцца з універсітэта і вярнуцца ў Беларусь. У некаторых выпадках ім даюць на гэта да 10 дзён і пагражаюць крымінальным пераследам. Вядома пра затрыманні сваякоў студэнтаў.

Пераследуюць і выпускнікоў: сілавікі патрабуюць прадставіць дыпломы аб заканчэнні ЕГУ. Праваабаронцы таксама папярэджваюць пра рызыку ператрусаў, допытаў, праверкі тэлефонаў і ціску на родных.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва раіць не выконваць патрабаванні адлічыцца і вярнуцца ў Беларусь, калі студэнт знаходзіцца за мяжой. Яна таксама рэкамендуе загадзя падрыхтавацца да магчымага ператрусу і праінструктаваць родных: не паведамляць сілавікам лішняй інфармацыі, карыстацца правам не сведчыць супраць блізкіх і не падпісваць дакументы, не прачытаўшы іх.

Праваабаронцы не рэкамендуюць вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, выпускнікам, студэнтам і іншым людзям, якія маюць сувязі з ЕГУ.

63-гадовага былога памежніка з Магілёва асудзілі па палітычнай справе

Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Валянціна Лазоўскага вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК — «абраза Лукашэнкі». Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Мужчыну, верагодна, прысудзілі да «хатняй хіміі».